ЛУКАША 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Паколькі многія ўжо спрабавалі скласці аповед пра падзеі, якія ў нас адбыліся, 2 як пераказалі нам тыя, што ад пачатку самі бачылі і былі паслугачамі Слова, 3 таксама і я, старанна разгледзеўшы ўсё ад пачатку, рашыўся па парадку апісаць табе, годны Тэафіле, 4 каб ты ўсведаміў непарушнасць слоў, у якіх ты быў навучаны. 5 У дні Ірада, цара Юдэі, жыў адзін святар на імя Захарыя, з Абіявай чаргі. Ён меў жонку, з дачок Ааронавых, імя яе Лізавета. 6 Яны абое былі справядлівымі перад Богам, беззаганна спаўняючы ўсе пастановы і прыказанні Госпадавы. 7 Ды не мелі дзіця, бо Лізавета была няплоднай, а абое былі ўжо на схіле дзён сваіх. 8 І сталася, калі ён адбываў службу святарскую перад Богам у сваёй чарзе, 9 па жэрабі, як была традыцыя ў святароў, выпала яму ўвайсці ў святыню Госпадаву для каджэння, 10 а ўсё мноства народа ў час каджэння малілася звонку. 11 І з’явіўся перад ім Анёл Госпадаў, стоячы па правым баку ахвярніка каджэння, 12 дык Захарыя стрывожыўся, бачачы [гэта], ды [вялікі] страх ахапіў яго. 13 Тады Анёл прамовіў да яго: «Не бойся, Захарыя, бо пачута маленне тваё, вось жа, жонка твая Лізавета народзіць табе сына, і назавеш яго Янам. 14 Ды будзе табе радасць і пацеха, ды многія будуць радавацца з яго нараджэння. 15 Ён будзе вялікім на віду Госпада, і не будзе піць віна і сіцэры, ды яшчэ ад улоння маці сваёй будзе напоўнены Духам Святым, 16 і многіх сыноў Ізраэля наверне да Госпада, Бога іх. 17 І пройдзе перад Ім у духу і магутнасці Іллі, каб звярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, а непаслухмяных – да мудрасці справядлівых, каб падгатаваць Госпаду народ падрыхтаваны». 18 І сказаў Захарыя Анёлу: «З чаго я магу гэта ведаць? Бо я стары, і жонка мая на схіле дзён сваіх». 19 І, адказваючы, сказаў яму Анёл: «Я – Габрыэль, што стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і абвясціць табе гэтую радасную вестку. 20 І вось, ты будзеш нямым ды не будзеш магчы гаварыць аж да дня, у які гэта здзейсніцца, таму што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час». 21 І народ чакаў Захарыю, і дзівіліся, што ён так доўга марудзіць у святыні. 22 Выйшаўшы, ён не мог да іх прамаўляць, дык пазналі, што ён бачыў з’яву ў святыні. А ён падаваў ім знакі і заставаўся нямым. 23 І сталася, калі скончыліся дні службы яго, ён вярнуўся ў дом свой. 24 А праз некалькі дзён жонка яго, Лізавета, пачала дзіця; і пяць месяцаў хавалася, кажучы: 25 «Гэта ўчыніў мне Госпад у дні, у якія зірнуў на мяне, каб зняць ганьбу маю сярод людзей». 26 А ў шосты месяц быў пасланы Богам Анёл Габрыэль у горад у Галілеі, званы Назарэт, 27 да Дзевы, заручанай мужу, які меў імя Язэп, з дому Давіда, а імя Дзевы – Марыя. 28 Увайшоўшы да Яе, Анёл прывітаў: «Радуйся, ласкі поўная, дабраславёная Ты між жанчынамі, Госпад з Табою». 29 А Яна стрывожылася словам яго і думала, што гэта за прывітанне такое? 30 І гаворыць Ёй Анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Бога. 31 І вось, пачнеш ва ўлонні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус. 32 Ён будзе вялікім і Сынам Узвышняга будзе названы, і дасць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Яго; 33 і будзе Ён валадарыць над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца». 34 Марыя ж сказала Анёлу: «Як гэта можа стацца, калі Я мужа не спазнала?» 35 І, адказваючы, Анёл сказаў Ёй: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Узвышняга агарне Цябе. Таму, што з Цябе народзіцца, Святое, назавецца Сынам Божым. 36 І вось сваячка Твая, Лізавета, і яна пачала дзіця ў старасці сваёй, і ўжо шосты месяц у той, якую завуць няплоднай, 37 бо ў Бога не бывае немагчымым ніводнае слова». 38 Марыя ж сказала: «Вось жа, Я – служка Госпадава, хай Мне станецца паводле твайго слова». І Анёл адышоў ад Яе. 39 У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла паспешліва ў горы, у горад Юды. 40 І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Лізавету. 41 І, калі Лізавета пачула прывітанне Марыі, зварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і Дух Святы напоўніў Лізавету, 42 і ўсклікнула яна моцным голасам, кажучы: «Дабраславёная Ты між жанчынамі, і дабраславёны Плод улоння Твайго. 43 А скуль жа мне гэта, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне? 44 Вось, як толькі загучаў голас прывітання Твайго ў вушах маіх, зварухнулася з радасцю дзіцятка ў маім улонні. 45 І шчасная Тая, што ўверыла, бо споўніцца сказанае Ёй ад Госпада». 46 І сказала Марыя: «Узвялічвае душа Мая Госпада, 47 і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збаўцы Маім, 48 бо зірнуў Ён на пакорлівасць служкі Сваёй. Вось, адгэтуль шчаснай называць Мяне будуць усе роды, 49 бо зрабіў Мне вялікае Магутны, і святое імя Яго, 50 і міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне тым, што баяцца Яго. 51 Выявіў магутнасць рукі Сваёй, разагнаў пыхлівых у намеры сэрца свайго, 52 спіхнуў моцных з пасадаў і ўзвысіў пакорлівых; 53 галодных насыціў даброццем, а багацеяў адправіў ні з чым. 54 Прытуліў Ізраэля, слугу Свайго, памятаючы на міласэрнасць, 55 як прадказаў бацькам нашым, Абрагаму і нашчадкам яго навечна». 56 Ды заставалася з ёю Марыя каля трох месяцаў, і вярнулася ў Свой дом. 57 А Лізавеце настаў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына. 58 Яе суседзі і сваякі, пачуўшы, што ўзвялічыў Госпад у ёй Сваю міласэрнасць, радаваліся разам з ёю. 59 І сталася: у восьмы дзень сабраліся яны абрэзаць хлопчыка ды назваць яго імем бацькі яго, Захарыем. 60 І, адказваючы, маці яго сказала: «Ніякім чынам, але будзе названы Ян». 61 І сказалі ёй: «У родзе тваім няма нікога, хто б называўся гэтым імем». 62 Дык пыталі на мігі ў бацькі яго, як ён хацеў бы назваць яго. 63 А той запатрабаваў дошчачку і напісаў словамі: «Ян імя яго». Дык здзівіліся ўсе. 64 А ў гэты момант раскрыліся вусны яго ды развязаўся язык яго і стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога. 65 Дык ахапіў страх усіх іх суседзяў, і па ўсіх гарах Юдэі разнесліся словы пра ўсё гэта. 66 А ўсе, што пра гэта пачулі, разважалі ў сэрцы сваім, кажучы: «Кім жа будзе гэта дзіця?» Бо рука Госпадава была з ім. 67 І Захарыя, бацька яго, напоўнены Духам Святым, праракаваў кажучы: 68 «Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, бо наведаў і адкупіў народ Свой, 69 і падняў рог збаўлення нашага ў доме Давіда, паслугача Свайго, 70 як прадказаў вуснамі святых прарокаў Сваіх, якія жылі ад пачатку вякоў, 71 збаўленне ад ворагаў нашых ды з рук тых, што ненавідзяць нас; 72 каб учыніць міласэрнасць бацькам нашым і ўспомніць святы запавет Свой, 73 і прысягу, якую даў Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам, 74 каб без страху, свабодныя ад рук ворагаў нашых, служылі Яму 75 ў святасці і справядлівасці перад Ім ва ўсе дні жыцця нашага. 76 І ты, дзіця, названы будзеш прарокам Узвышняга, бо пойдзеш перад абліччам Госпада, рыхтаваць дарогі Яму, 77 каб даць народу Яго навуку збаўлення ў адпушчэнні грахоў іх 78 праз міласэрнасць бязмежную Бога нашага, у якой Усход наведаў нас, сыходзячы з вышыняў, 79 каб асвяціць тых, што сядзяць у поцемках і ў засені смерці, каб накіраваць ногі нашы на шлях супакою». 80 А дзіця расло і ўзмацоўвалася духам, і заставалася ў пустыні аж да дня свайго з’яўлення перад Ізраэлем. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)