Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛІКІ 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 У першы месяц другога года па выхадзе з Егіпта сказаў Госпад Майсею ў пустыні Сінай, гаворачы:

2 «У свой час сыны Ізраэля павінны святкаваць Пасху:

3 у чатырнаццаты дзень гэтага месяца ўвечары па ўсіх загадах і звычаях яго».

4 І загадаў Майсей сынам Ізраэля спраўляць Пасху.

5 Яны спраўлялі свята ў свой час у чатырнаццаты дзень месяца ўвечары ў пустыні Сінай; паводле ўсяго таго, што загадаў Госпад Майсею, так і зрабілі сыны Ізраэля.

6 І вось, хтосьці, нячысты дзеля дакранання да нябожчыка, хто не мог у той час святкаваць Пасху, падышоў да Майсея і Аарона

7 і сказаў ім: «Мы нячыстыя дзеля дакранання да нябожчыка, і чаму нам адмаўляюць у тым, каб мы маглі сярод сыноў Ізраэля ў свой час скласці ахвяру Госпаду?»

8 Майсей ім адказаў: «Пачакайце, даведаюся, што адносна вас загадае Госпад».

9 І адказаў Госпад Майсею, гаворачы:

10 «Скажы сынам Ізраэля: “Чалавек з вас ці з нашчадкаў вашых, які стаўся нячыстым дзеля нябожчыка або дзеля далёкай дарогі, павінен спраўляць Пасху

11 ў чатырнаццаты дзень другога месяца ўвечары; з прэсным хлебам і горкімі травамі хай спажываюць Пасху.

12 Хай не пакідаюць з яе анічога да раніцы, таксама косткі яе хай не ламаюць: хай увесь парадак Пасхі захоўваюць.

13 Калі ж хто чысты і не ў дарозе, аднак Пасхі не спраўляе, хай вынішчана будзе душа тая з народа свайго, бо ён не склаў ахвяру Госпаду ў свой час: ён сам будзе несці грэх свой.

14 Таксама падарожнік і чужаземец, калі б такія жылі ў вас, хай спраўляюць Пасху паводле загадаў і звычаяў яе; загад той самы будзе ў вас і для чужаземца, і для тутэйшага”».

15 Такім чынам, у дзень, у які была пастаўлена скінія, воблака накрыла скінію разам з палаткай сведчання; і ад вечара аж да раніцы заставалася над скініяй у выглядзе агню.

16 І так было заўсёды: удзень пакрывала яе воблака, а ўночы — быццам бляск агню.

17 І калі воблака, якое пакрывала скінію, уздымалася над скініяй, тады сыны Ізраэля адпраўляліся ў дарогу, а на тым месцы, дзе воблака затрымлівалася, там станавіліся лагерам.

18 На загад Госпада адпраўляліся ў дарогу і на Яго загад станавіліся лагерам. Усе дні, у якія воблака стаяла над скініяй, яны заставаліся на адным і тым жа месцы.

19 І калі здаралася, што воблака доўгі час заставалася над скініяй, сыны Ізраэля былі пад аховай Госпада і не адпраўляліся ў дарогу;

20 калі воблака кароткі час стаяла над скініяй, яны па загадзе Госпада зварочвалі палаткі і па Яго загадзе пакідалі гэтае месца.

21 Калі воблака стаяла ад вечара да раніцы, а на світанні адразу ж пакідала скінію, то і яны адпраўляліся ў дарогу; а калі воблака адыходзіла праз дзень і ноч, яны зварочвалі палаткі.

22 А калі воблака не падымалася над скініяй два дні, або адзін месяц, або большы тэрмін, то і сыны Ізраэля заставаліся на адным і тым жа месцы і не пускаліся яны ў дарогу.

23 Па волі Госпада яны ставілі палаткі і па волі Яго адпраўляліся ў дарогу; і былі яны пад аховай Госпада згодна загадам, дадзеным праз Майсея.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы