ЛІКІ 7 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Калі Майсей пабудаваў скінію, і ўзняў яе, і памазаў яе, і асвяціў яе з усімі яе прыналежнасцямі, таксама ахвярнік і ўсе яго прыналежнасці, 2 тады князі Ізраэля і галовы родаў, якія былі пастаўлены на чале кожнага пакалення, якія былі пералічаны, 3 прынеслі дары перад аблічча Госпада: шэсць крытых вазоў і дванаццаць валоў. Прынеслі па адным возе ад двух кіраўнікоў і па адным воле ад кожнага; і паставілі гэта перад скініяй. 4 І сказаў Госпад Майсею: 5 «Вазьмі гэта ад іх, каб яны спраўлялі службу ў палатцы сустрэчы, і перадай гэта левітам адпаведна парадку іх паслугі». 6 Дык узяў Майсей вазы і валоў і аддаў іх левітам. 7 Адпаведна іх патрэбам сынам Гэрсона даў два вазы і чатыры валы. 8 Восем валоў і чатыры другія вазы даў сынам Мэрары, адпаведна іх абавязкам пад наглядам Ітамара, сына Аарона святара. 9 А сынам Кагата не даў валоў і вазоў, бо яны служылі ў свяцілішчы і насілі грузы на сваіх плячах. 10 Такім чынам на пасвячэнне ахвярніка ў дзень намашчэння прынеслі кіраўнікі сваю ахвяру перад ахвярнікам. 11 І сказаў Госпад Майсею: «Хай кіраўнікі па адным штодзень прыносяць свае дары на пасвячэнне ахвярніка». 12 У першы дзень прынёс сваю ахвяру Наасон, сын Амінадаба, з пакалення Юды. 13 І ў ёй былі срэбраная міса ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраная чара ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўнены былі пшанічнаю мукой, запраўленай алеем, на ахвяру з ежы, 14 залатая чара ў дзесяць сікляў золата, напоўненая кадзілам, 15 адзін бычок ад статка, баран і гадавалае ягня ў ахвяру цэласпалення, 16 і казёл у ахвяру за грэх; 17 і ў ахвяру прымірэння два валы, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць аднагадовых ягнят: гэта — ахвяра Наасона, сына Амінадаба. 18 У другі дзень прынёс Натанаэль, сын Суара, князь з пакалення Ісахара, 19 місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, 20 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам; 21 аднаго бычка ад статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, 22 і казла ў ахвяру за грэх; 23 і ў ахвяру прымірэння двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць аднагадовых ягнят: гэта была ахвяра Натанаэля, сына Суара. 24 У трэці дзень князь сыноў Забулона, Эліяб, сын Гэлона, 25 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, чару срэбраную ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, 26 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, 27 бычка ад статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення 28 і казла ў ахвяру за грэх; 29 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта — ахвяра Эліяба, сына Гэлона. 30 У чацвёрты дзень князь сыноў Рубэна, Элісур, сын Сэдэура, 31 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, 32 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, 33 аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, 34 і казла ў ахвяру за грэх; 35 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Элісура, сына Сэдэура. 36 У пяты дзень князь сыноў Сімяона Саламіэль, сын Сурысадая, 37 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, 38 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, 39 аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, 40 і казла ў ахвяру за грэх; 41 двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Саламіэля, сына Сурысадая. 42 У шосты дзень князь сыноў Гада Эліясаф, сын Дэуэля, 43 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, 44 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, 45 і аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, 46 і казла ў ахвяру за грэх; 47 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Эліясафа, сына Дэуэля. 48 У сёмы дзень князь сыноў Эфраіма Элісама, сын Аміюда, 49 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, 50 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, 51 аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, 52 і казла ў ахвяру за грэх; 53 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Элісамы, сына Аміюда. 54 У восьмы дзень князь сыноў Манасы Гамаліэль, сын Падасура, 55 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, 56 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, 57 аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, 58 і казла ў ахвяру за грэх; 59 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Гамаліэля, сына Падасура. 60 У дзевяты дзень князь сыноў Бэньяміна, Абідан, сын Гедэона, 61 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, 62 і залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, 63 і аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, 64 і казла ў ахвяру за грэх; 65 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Абідана, сына Гедэона. 66 У дзесяты дзень князь сыноў Дана Ахіязэр, сын Амісадая, 67 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, 68 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, 69 аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, 70 і казла ў ахвяру за грэх; 71 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Ахіязэра, сына Амісадая. 72 У адзінаццаты дзень князь сыноў Асэра Пэгіэль, сын Акрана, 73 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, 74 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, 75 аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, 76 і казла ў ахвяру за грэх; 77 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Пэгіэля, сына Акрана. 78 У дванаццаты дзень князь сыноў Нэфталі Ахіра, сын Энана, 79 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, 80 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, 81 аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, 82 і казла ў ахвяру за грэх; 83 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Ахіра, сына Энана; 84 а было прынесена ад князёў Ізраэля на пасвячэнне ахвярніка, у дзень яго намашчэння: дванаццаць срэбраных міс, дванаццаць срэбраных чар, дванаццаць залатых чар, 85 так што кожная міса важыла сто трыццаць сікляў срэбра, а кожная чара — семдзясят, гэта значыць увогуле ўсіх пасудзінаў са срэбра было дзве тысячы чатырыста па вазе святыні; 86 чар залатых, напоўненых кадзілам, было дванаццаць; кожная чара важыла дзесяць сікляў, па вазе святыні, гэта значыць было ўсяго сто дваццаць сікляў золата; 87 усіх бычкоў са статка для цэласпалення было дванаццаць, дванаццаць бараноў, дванаццаць аднагадовых ягнят і ўзліванняў да іх і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх. 88 Усіх валоў у ахвяру прымірэння было дваццаць чатыры, шэсцьдзесят бараноў, шэсцьдзесят казлоў і шэсцьдзесят аднагадовых ягнят: яны былі прынесены на пасвячэнне ахвярніка, калі ён быў намашчоны. 89 І калі Майсей уваходзіў у палатку сустрэчы, каб гаварыць з Госпадам, чуў ён голас, што гаварыў з ім з па-над перамольні, што была над каўчэгам сведчання паміж двума херубінамі, адтуль казаў Ён яму. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)