Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛІКІ 6 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:

2 «Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі мужчына або жанчына складуць зарок назіру, каб пасвяціць сябе Госпаду,

3 хай яны ўстрымаюцца ад віна і ўсяго, што можа ап’яніць; хай не п’юць яны воцату з віна і ўсякага іншага пітва, што выціскаецца з вінаграду; хай не ядуць свежага вінаграду і сушанага

4 ва ўсе дні, у якія згодна з зарокам яны прысвячаюць сябе Госпаду; хай не ядуць нічога, што можа быць у вінаградніку: ад няспелага вінаграду аж да выцісканага.

5 Увесь час аддзялення яго хай нажніцы не дакрануцца да галавы яго аж да заканчэння часу, на які ён прысвячае сябе Госпаду; хай будзе ён святы ды мае даць свабоду валасам расці на галаве.

6 Увесь час прысвячэння свайго не павінен ён падыходзіць да нябожчыка;

7 і хай пры пахаванні нават бацькі, маці, брата або сястры не апаганіцца, бо прысвячэнне Богу яго — на галаве яго.

8 Ва ўсе дні аддзялення свайго хай святым будзе для Госпада.

9 А калі хто раптам пры ім памрэ, апаганіцца галава прысвячэння яго; так што хай зараз жа паголіць галаву ў дзень ачышчэння свайго, гэта значыць у сёмы дзень.

10 У восьмы ж дзень хай прынясе дзвюх туркавак або двух маладых галубоў святару да ўваходу ў палатку сустрэчы,

11 і хай аднаго прынясе святар у ахвяру за грэх, а другога ў ахвяру цэласпалення, і хай ачысціць яго, бо зграшыў ён дзеля нябожчыка, і ў той дзень хай асвяціць галаву яго,

12 і хай прысвяціць ён Госпаду дні аддзялення свайго, прыносячы ў ахвяру ягня аднагадовае за злачынства; такім чынам, аднак, каб дні папярэднія былі несапраўднымі, бо прысвячэнне яго абняславілася.

13 Гэта — закон прысвячэння; калі дні, якія ён вызначыў згодна з зарокам, пройдуць, хай прывядуць яго да ўваходу ў палатку сустрэчы,

14 а ён хай прынясе сваю ахвяру Госпаду — адно аднагадовае ягня без заганы ў ахвяру цэласпалення, і адну аднагадовую авечку без заганы ў ахвяру за грэх, ды аднаго барана без заганы ў ахвяру прымірэння,

15 таксама кошык хлябоў прэсных, запраўленых алеем, з мукі пшанічнай, і праснакі без рошчыны, запраўленыя алеем, і ахвяру з ежы, і ахвяру да ўзлівання — кожную асобна.

16 Святар хай занясе гэта перад Госпадам і ўскладзе ахвяру за грэх і ахвяру цэласпалення;

17 а барана хай прынясе Госпаду ў ахвяру прымірэння разам з кошыкам праснакоў; і хай ускладзе святар ахвяру з ежы і ахвяру ўзлівання.

18 Тады хай паголіць назір ля ўваходу ў палатку сустрэчы валасы свайго прысвячэння, і возьме валасы свае, і кіне іх у агонь, што гарыць пад ахвярай прымірэння;

19 і хай возьме святар звараную лапатку барана, і адзін хлеб без рошчыны з каша, і адну прэсную аладку, і хай аддасць іх у рукі назіра, пасля таго як будзе паголена галава яго;

20 і хай святар дары ўзніме перад Госпадам; гэта бо дар святы, які належыць святару, апрача грудзіны ўздымання і пляча, адкладзенага на ахвяру. Пасля гэтага назір можа піць віно.

21 Гэта — закон адносна назіра, які прысвяціў ахвяру сваю Госпаду ў час прысвячэння свайго, апрача таго, што набывае рука яго. Згодна са сваім зарокам, што даў ён, павінен ён так рабіць паводле закону прысвячэння свайго”».

22 І казаў Госпад Майсею, гаворачы:

23 «Скажы Аарону і сынам яго: “Так дабраслаўляйце сыноў Ізраэля і кажыце:

24 “Хай дабраславіць цябе Госпад і захоўвае цябе!

25 Хай асвеціць цябе Госпад святлом твару Свайго і хай злітуецца Ён над табою!

26 Хай зверне Госпад аблічча Сваё да цябе і хай дасць табе супакой!”

27 І хай так прызываюць імя Маё на сыноў Ізраэля, і Я буду іх дабраслаўляць».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы