Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛІКІ 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І сказаў Госпад Майсею і Аарону, кажучы:

2 «Аддзялі паміж сыноў Леві сыноў Кагата, усю іх лічбу па родах і сем’ях іх

3 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да таго, каб стаяць і служыць у палатцы сустрэчы.

4 Гэта служба сыноў Кагатавых у палатцы сустрэчы: рэчы найсвяцейшыя.

5 Калі патрэбна будзе зняцца з лагера, хай Аарон і сыны яго ўвойдуць і здымуць пакрывала, што вісіць перад дзвярыма, і хай накрыюць ім каўчэг сведчання;

6 зноў пакладуць пакрывала са шкур сініх і над ім хай нацягнуць тканіну, усю з гіяцынту, і хай прасунуць яны жэрдкі.

7 Хай таксама стол хлябоў пакладных накрыюць тканінаю фіялетаваю і хай паставяць на ім чары і фіялы, кіяфы і кратэры для здзяйснення ўзліванняў; і хлябы хай будуць на ім заўсёды.

8 І хай пакладуць зверху тканіну пунсовую, а потым хай накрыюць яе пакрывалам са шкур сініх і хай прасунуць жэрдкі.

9 Хай яны возьмуць і тканіну фіялетавую і хай накрыюць ёю падсвечнік разам з лямпамі і шчыпцамі яго, і са шчыпцамі для зняцця нагару, і з усімі пасудзінамі для алею, якія неабходны для стварэння лямпаў,

10 і хай гэта накрыюць пакрывалам са шкур сініх, і хай пакладуць на насілы.

11 І хай на залаты ахвярнік пакладуць тканіну фіялетавую і накрыюць яго пакрывалам са шкур сініх і хай пакладуць на насілы.

12 Усе прыналежнасці, патрэбныя да службы ў святыні, хай накрыюць тканінай фіялетаваю; і хай пакладуць зверху пакрыццё са шкур сініх, і хай прасунуць жэрдкі.

13 Але хай ачысцяць ахвярнік ад попелу і накрыюць яго пурпуровым пакрывалам.

14 І пакладуць на яго ўсе пасудзіны, якімі карыстаюцца яны ў час іх службы, гэта значыць: попельніцы, вілкі, і вугальныя лапаткі, і чары. Усе прыналежнасці ахвярніка хай таксама накрыюць пакрывалам са шкур сініх і хай прасунуць жэрдкі.

15 І калі ў час зняцця з лагера Аарон і сыны яго пакрыюць святыню і ўсе прыналежнасці яе, тады падыдуць сыны Кагата, каб пакрытае несці, і хай не дакранаюцца да каўчэга сведчання, каб не памерлі. Такія вось абавязкі сыноў Кагата ў палатцы сустрэчы.

16 Элеязэр, сын Аарона святара, хай рупіцца аб алеі на асвятленне, і аб найпрыемнейшым пахучым курэнні, і аб ахвяры, якая заўсёды ўчыняецца, і аб алеі намашчэння, і аб усім, што толькі патрэбна для служэння ў скініі, і аб усіх прыналежнасцях, што ў святыні».

17 І казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы:

18 «Не згубіце сям’ю Кагата сярод грамады левітаў,

19 але зрабіце для іх гэта, каб жылі і не паміралі, калі будуць набліжацца да найсвяцейшых рэчаў: Аарон і сыны яго хай прыйдуць і самі вызначаць кожнаму яго занятак; і хай падзеляць, што кожны павінен несці.

20 Няхай самі не ўваходзяць у святыню ані на хвіліну, каб паглядзець; бо будуць пакараны смерцю».

21 І казаў Госпад Майсею, гаворачы:

22 «Палічы таксама сыноў Гэрсона па сем’ях, пакаленнях і родах іх;

23 палічы ўсіх ад трыццаці гадоў і вышэй аж да пяцідзесяці гадоў, усіх здатных да службы, каб выконвалі работу ў палатцы сустрэчы.

24 Вось такі абавязак пакаленняў Гэрсона; што яны будуць рабіць:

25 каб яны насілі пакрывалы скініі, палатку сустрэчы, яе пакрыццё, а таксама пакрыццё са шкур сініх, і пакрыццё, што вісіць ля ўваходу ў палатку сустрэчы,

26 пакрывалы панадворка і пакрывала ля ўваходу ў панадворак, што знаходзіцца вакол скініі і ахвярніка, вяроўкі і ўсе прыналежнасці для службы, што былі зроблены, каб працаваць з імі.

27 На загад Аарона і сыноў яго павінны праходзіць ўсе службы сыны Гэрсона і павінны ведаць усе, што кожнаму даручана.

28 Такі абавязак сыноў Гэрсона ў палатцы сустрэчы; і хай будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона святара.

29 Палічы таксама сыноў Мэрары па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх,

30 ад трыццаці і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усіх здатных да выканання службы сваёй і для службы ў палатцы сустрэчы.

31 Гэта іх абавязкі: насіць дошкі скініі і яе жэрдкі, слупы і іх падножжы,

32 таксама слупы панадворка з усіх бакоў з падножжамі, і калкамі, і вяроўкамі іх; усе пасудзіны і рэчы хай палічаць і носяць такім чынам.

33 Такі абавязак пакаленняў Мэрары і служба ў палатцы сустрэчы; і хай будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона святара».

34 Такім чынам Майсей, і Аарон, і князі супольнасці палічылі сыноў Кагата па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх,

35 ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усіх здатных да спаўнення службы ў палатцы сустрэчы;

36 і было налічана іх дзве тысячы семсот пяцьдзесят.

37 Гэта лік пакаленняў сыноў Кагата, што служаць у палатцы сустрэчы. Іх палічылі Майсей і Аарон па загадзе Госпада, дадзеным праз Майсея.

38 Палічаны былі таксама сыны Гэрсона па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх,

39 ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усе здатныя да спаўнення службы ў палатцы сустрэчы;

40 і было налічана іх па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх дзве тысячы шэсцьсот трыццаць.

41 Гэта лік пакаленняў сыноў Гэрсона, усіх, хто служыць у палатцы сустрэчы, якіх палічылі Майсей і Аарон па загадзе Госпада.

42 Былі палічаны таксама пакаленні сыноў Мэрары па родах і сем’ях бацькоў іх,

43 ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усе здатныя да спаўнення службы ў палатцы сустрэчы;

44 і было налічана тры тысячы дзвесце.

45 Гэта лік пакаленняў сыноў Мэрары, якіх палічылі Майсей і Аарон па загадзе Госпада, дадзеным праз Майсея.

46 Усіх, хто быў палічаны ад левітаў і каго палічылі пайменна Майсей, і Аарон, і князі Ізраэля па родах і сем’ях бацькоў іх

47 ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці, здатных да спаўнення службы ў скініі і да выканання абавязкаў у палатцы сустрэчы,

48 было налічана восем тысяч пяцьсот восемдзесят.

49 Па загадзе Госпада, дадзеным Майсею, ён палічыў іх, і кожнага — па занятку і абавязках яго, як загадаў Госпад Майсею.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы