ЛІКІ 33 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Гэта месцы прыпынку сыноў Ізраэля, якія выйшлі з Егіпта дружынамі на чале з Майсеем і Ааронам 2 і якіх Майсей запісаў па месцы лагераў, з якіх яны па загадзе Госпада выходзілі. Вось гэтыя месцы. 3 Вось, у першы месяц, пятнаццатага дня першага месяца вырушылі сыны Ізраэля з Рамэсаса, у другі дзень Пасхі, ведзеныя рукой Узвышняга на вачах усіх егіпцян, 4 калі яны хавалі ўсіх сваіх першародных, забітых Госпадам, калі Ён учыніў суд над іх багамі, 5 і расклаліся лагерам у Сукоце. 6 А з Сукота прыбылі яны ў Этам, што на самай мяжы пустыні. 7 Адтуль вырушыўшы, прыбылі ў Пігахірот, што каля Баал-Сэфона, ды расклаліся лагерам перад Магдолам. 8 Выйшаўшы з Пігахірота, перайшлі яны сярэдзінай мора ў пустыню і тры дні ішлі пустыняй, і расклаліся лагерам у Мары. 9 А выйшаўшы з Мары, прыбылі ў Элім, дзе было дванаццаць крыніц водных і семдзесят пальмаў; і там расклаліся лагерам. 10 Выйшаўшы з Эліма, расклаліся лагерам каля Чырвонага мора. 11 А выйшаўшы ад Чырвонага мора, яны расклаліся лагерам у пустыні Сін; 12 а адтуль выйшаўшы, яны прыбылі ў Дафку. 13 А выйшаўшы з Дафкі, яны разлажыліся лагерам у Алусе. 14 А выйшаўшы з Алуса, паставілі палаткі ў Рэфідыме, дзе не было вады для піцця; 15 а выйшаўшы з Рэфідыма, яны расклаліся лагерам у пустыні Сінай. 16 Але яны вырушылі і з пустыні Сінай і прыбылі ў Кіброт-Гатаву; 17 а вырушыўшы з Кіброт-Гатавы, яны расклаліся лагерам у Асэроце. 18 А з Асэрота прыбылі ў Рэтму; 19 а выйшаўшы з Рэтмы, яны сталі лагерам у Рэмон-Парэсе. 20 Выйшаўшы адтуль, яны прыбылі ў Лебну; 21 пасля Лебны сталі лагерам у Рэсе; 22 А выйшаўшы з Рэсы, прыбылі ў Каалату, 23 адкуль выйшаўшы, паставілі палаткі на гары Сэфар. 24 Затым, выйшаўшы ад гары Сэфар, яны прыйшлі ў Араду; 25 адтуль выйшаўшы, сталі лагерам у Мацэлоце. 26 Выйшаўшы з Мацэлота, прыйшлі ў Тагат; 27 пасля Тагата сталі лагерам у Тарэ. 28 Адтуль выйшаўшы, яны паставілі палаткі ў Мэтцы, 29 а пасля Мэткі яны сталі лагерам у Хэсмоне; 30 выйшаўшы з Хэсмоны, прыбылі ў Мацэрот. 31 А пасля Мацэрота яны сталі лагерам у Бэнэ-Якане; 32 і, выйшаўшы з Бэнэ-Якана, прыбылі да гары Гадгад; 33 выйшаўшы адтуль, паставілі палаткі ў Етэбаце. 34 І з Етэбаты прыбылі ў Эброну; а 35 выйшаўшы з Эброны, расклаліся лагерам у Эцыён-Гебэры. 36 Адтуль выбраўшыся, прыбылі ў пустыню Сін, або Кадэс. 37 Выйшаўшы з Кадэса, паставілі палаткі на гары Гор, на самай мяжы зямлі Эдома. 38 Па загадзе Госпада Аарон, святар, узышоў на гару Гор і там памёр у саракавым годзе па выхадзе сыноў Ізраэля з Егіпта, у першы дзень пятага месяца, 39 маючы сто дваццаць тры гады, калі памёр на гары Гор. 40 Цар Арада, хананеец, які жыў у Нагэбе, у зямлі Ханаан, пачуў у той час, што прыбылі сыны Ізраэля. 41 І выйшаўшы з гары Гор, яны сталі лагерам у Салмоне; 42 выйшаўшы адтуль, яны прыбылі ў Пунон. 43 З Пунона выйшлі і прыбылі ў Абот. 44 З Абота прыбылі ў Еабарым, што на мяжы Мааба. 45 А выйшаўшы з Еабарыма, яны паставілі палаткі ў Дыбонгадзе; 46 выйшаўшы адтуль, сталі лагерам у Элман-Дэблатаіме. 47 А выйшаўшы з Элман-Дэблатаіма, прыбылі пад гару Абарым, насупраць Нэба. 48 А выйшаўшы з гор Абарым, прыйшлі на раўніны Мааба, над Ярданам, насупраць Ерыхона; 49 там расклаліся лагерам на мясцовасці ад Бэт-Есімота аж да Абэл-Сітыма на раўнінах Мааба. 50 Там сказаў Госпад Майсею: 51 «Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі пяройдзеце раку Ярдан і ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, — 52 выганіце перад сабою ўсіх жыхароў той зямлі, паламайце ўсіх іх ідалаў ды разбіце ўсе статуі, і ўсе ўзгоркі спусташыце. 53 Завалодайце зямлёй і абжывайцеся на ёй, бо Я даў яе вам ва ўласнасць; 54 яе падзяліце паміж вашымі пакаленнямі: большаму пакаленню дайце большую частку, меншаму — меншую; як жэрабя выпадзе, так паміж усімі хай будзе падзелена ўласнасць; па пакаленнях і родах хай будзе яна падзелена. 55 Калі ж не захочаце выгнаць жыхароў зямлі гэтай, і калі яны застануцца, будуць яны вам як церні ў вачах вашых і як калючкі ў баках вашых, будуць яны ўціскаць вас у зямлі пражывання вашага; 56 і тады, што Я меркаваў ім зрабіць, вам зраблю”». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)