ЛІКІ 31 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І сказаў Госпад Майсею, гаворачы: 2 «Адпомсці за сыноў Ізраэля мадыянцам, а потым далучыся да народа свайго». 3 І зараз жа загадаў Майсей: «Узбройце з асяроддзя свайго мужчын да бою, каб яны маглі выканаць помсту Госпада над мадыянцамі. 4 Выберыце па тысячы мужчын з кожнага пакалення Ізраэля і пашліце іх на вайну». 5 І выдзелена было па тысячы з кожнага пакалення, гэта значыць дванаццаць тысяч здатных да бою, 6 якіх адправіў Майсей з Пінхасам, сынам Элеязэра святара. Даў яму таксама пасудзіны святыя і трубы, каб у трывозе трубіць. 7 І калі па загадзе Госпада ваявалі яны з мадыянцамі, забілі яны ўсіх мужчын 8 і цароў іх: Эвія, Рэкема, Сура, Гура, Рэбу, пяць цароў гэтага народа, а таксама Балаама, сына Бэора, забілі мечам; 9 і ўзялі яны ў палон жанчын іх і дзяцей. І, як здабычу, узялі ўсю жывёлу іх і ўсю маёмасць; 10 а гарады, пасяленні і лагеры іх спалілі агнём; 11 і забралі яны здабычу сваю, як людзей, так і жывёлу, 12 і прывялі яны палонных, здабычу і нарабаванае да Майсея і Элеязэра святара і да ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля ў лагер на раўнінах Мааба, над Ярданам, супраць Ерыхона. 13 Майсей, святар Элеязэр і ўсе князі супольнасці выйшлі з лагера насустрач ім. 14 І, загневаўшыся на кіраўнікоў войска, на тысячнікаў і сотнікаў, якія вярталіся з вайны, Майсей 15 казаў ім: «Чаму вы захавалі ўсіх жанчын? 16 Ці ж не яны за намовай Балаама псавалі сыноў Ізраэля і нявернымі зрабілі вас перад Госпадам праз Пэгора? Таму і знішчаны быў народ Госпадаў. 17 Дык забіце ўсіх дзяцей мужчынскага полу ды ўсіх жанчын, якія жылі з мужчынамі, знішчыце, 18 дзяўчат жа і ўсіх жанчын, што не жылі з мужчынамі, пакіньце сабе. 19 І вы будзьце па-за лагерам сем дзён; хто забіў чалавека або дакрануўся да забітага, мусіць ачысціцца трэцяга і сёмага дня, як вы, так і вашы палонныя. 20 І ачысціце ўсю здабычу вашу: або адзенне, або штосьці, падрыхтаванае да ўжывання, з казіных шкур і з поўсці, і з драўляных рэчаў». 21 Таксама сказаў наступнае Элеязэр святар ваярам, якія былі на вайне: «Такое прыказанне закону, што загадаў Госпад Майсею: 22 золата, срэбра, медзь, жалеза, волава і свінец — 23 усё, што можа прайсці праз агонь, — хай агнём будзе ачышчана; а што не пераносіць агню, хай будзе асвечана вадой ачышчэння. 24 Сёмага дня памыеце адзенне ваша, і, ужо ачышчаныя, увойдзеце ў лагер». 25 Таксама сказаў Госпад Майсею: 26 «Палічыце ўсё, што здабыта, ад чалавека аж да жывёлы, ты і Элеязэр святар, і кіраўнікі родаў; 27 і падзеліш здабычу папалам паміж тымі, што ваявалі і выйшлі на вайну, і паміж усёй супольнасцю. 28 І вылучы частку Госпаду ад тых, што ваявалі і былі на вайне, — адно жывое на пяцьсот, як з людзей, так і з валоў, аслоў і авечак, 29 і дасі гэта Элеязэру святару як ахвяру Госпаду. 30 А з паловы сыноў Ізраэля вазьмі адну частку з пяцідзесяці: з людзей, валоў, аслоў і авечак, з усяго жывога, і дасі гэта левітам, якія служаць пры скініі Госпада». 31 Майсей і святар Элеязэр усё выканалі, як ім загадаў Госпад. 32 А здабыча, якую ваяры здабылі, налічвала шэсцьсот семдзесят пяць тысяч авечак, 33 семдзесят дзве тысячы валоў, 34 шэсцьдзесят адну тысячу аслоў, 35 а людзей жаночага полу, якія яшчэ не жылі з мужчынамі, было разам трыццаць дзве тысячы. 36 Палова дадзена была тым, што былі на вайне: трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот авечак, 37 з якіх Госпаду далі шэсцьсот семдзесят пяць авечак, 38 трыццаць шэсць тысяч валоў, з чаго Госпаду далі семдзесят два, 39 аслоў трыццаць тысяч пяцьсот, з іх Госпаду далі семдзесят два. 40 І шаснаццаць тысяч дзяўчат, з якіх Госпаду далі трыццаць дзве асобы. 41 Вось жа аддаў Майсей святару Элеязэру дары, прызначаныя ў ахвяру Госпаду, па загадзе, дадзеным Госпадам Майсею. 42 А з паловы для сыноў Ізраэля, якую Майсей аддзяліў ад часткі тых, хто быў на вайне, ад той паловы, што выпадала на долю супольнасці, гэта значыць: 43 трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот авечак, 44 трыццаць шэсць тысяч валоў, 45 трыццаць тысяч пяцьсот аслоў, і з людзей 46 шаснаццаць тысяч дзяўчат — узяў Майсей — 47 адну пяцідзесятую частку з людзей і жывёлы — і аддаў яе левітам, што служаць пры скініі Госпада, як загадаў Госпад. 48 І, калі прыйшлі да Майсея кіраўнікі войска, тысячнікі і сотнікі, 49 яны сказалі Майсею: «Мы, паслугачы твае, праверылі лік ваяроў, якіх мы мелі пад сваёй рукой, і высветлілася, што ні адзін не загінуў. 50 Дзеля гэтае прычыны прыносім мы ў ахвяру Госпаду ўсе знойдзеныя вырабы з золата: нажныя ўпрыгожванні і бранзалеты, пярсцёнкі і завушніцы, і каралі для ачышчэння душ нашых перад Госпадам». 51 І ўзялі тады Майсей і святар Элеязэр золата і ўсе каштоўнасці; 52 усяго золата, аддадзенага тысячнікамі і сотнікамі ў ахвяру Госпаду, было шаснаццаць тысяч семсот пяцьдзесят сікляў. 53 А кожны з ваяроў меў яшчэ свой здабытак. 54 І Майсей і святар Элеязэр узятае золата занеслі ў палатку сустрэчы як памятны дар сыноў Ізраэля для Госпада. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)