ЛІКІ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Гэта пакаленні Аарона і Майсея ў дзень, калі прамаўляў Госпад да Майсея на гары Сінай. 2 І гэта імёны сыноў Аарона: першародны яго Надаб, потым Абігу, і Элеязэр, і Ітамар: 3 гэта імёны сыноў Аарона, святароў, каб спаўняць святарскую службу. 4 Але Надаб і Абігу памерлі перад абліччам Госпада ў пустыні Сінай, прынеслі чужы агонь, і памерлі яны бяздзетныя; і выконвалі святарскую службу перад бацькам сваім, Ааронам, Элеязэр і Ітамар. 5 І прамовіў Госпад да Майсея, кажучы: 6 «Прывядзі пакаленне Леві і пастаў яго перад Ааронам святаром, каб яны паслугавалі яму 7 і рупіліся аб усім, што тычыцца яго і ўсёй грамады ля палаткі сустрэчы, каб выконваць службу пры скініі, 8 і каб захоўвалі прыналежнасці палаткі сустрэчы, спаўняючы абавязкі сыноў Ізраэля, выконваючы службу пры скініі. 9 І аддай левітаў як дарунак Аарону і сынам яго, каму яны будуць дадзены ад сыноў Ізраэля; 10 а Аарона і сыноў яго пастаў наглядчыкамі над службаю святарскай. Калі хто чужы прыступіць да службы, той хай будзе пакараны смерцю». 11 І казаў Госпад Майсею, кажучы: 12 «Вось, Я вылучыў левітаў з сыноў ізраэльскіх замест усіх першародных, якія адкрываюць улонне маці сярод сыноў Ізраэля, таму левіты будуць Маімі. 13 Бо Мой кожны першародны з часу, калі ў зямлі Егіпецкай ударыў Я ўсіх пешародных, пасвяціў Я Сабе ўсё, што нараджаецца першародным у Ізраэлі, ад чалавека аж да жывёлы, яны Мае! Я — Госпад!» 14 І казаў Госпад Майсею ў пустыні Сінай, кажучы: 15 «Палічы сыноў Леві па сем’ях бацькоў іх і плямёнах, усіх мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй». 16 Палічыў іх Майсей, як загадаў Госпад, і былі названы сыны Леві па імёнах іх; 17 а вось імёны сыноў Леві: Гэрсон, Кагат і Мэрары. 18 А вось імёны сыноў Гэрсона па родах іх: Лобні і Сямэй; 19 сыны Кагата па родах іх: Амрам і Ісаар, Геброн і Азіэль; 20 сыны Мэрары па родах іх: Махалі і Мусі. Вось жа гэтыя роды Леві па сем’ях бацькоў іх. 21 Ад Гэрсона паходзяць сям’я Лобні і сям’я Сямэя, 22 усіх людзей мужчынскага полу, якіх ад аднаго месяца і вышэй было налічана сем тысяч пяцьсот. 23 Яны размяшчаюцца лагерам за скініяй на захадзе 24 пад кіраўніцтвам Эліясафа, сына Лаэля; 25 яны ахоўваюць у палатцы сустрэчы саму скінію, палатку, яе пакрыццё, а таксама пакрывала, што нацягваецца пры ўваходзе ў палатку сустрэчы 26 і пакрывала панадворка, а таксама пакрывала, што нацягваецца пры ўваходзе ў панадворак, які акружае скінію і ахвярнік, і вяроўкі, патрэбныя для ўсякай службы. 27 Кагат мае сем’і: Амрама і Ісаара, Геброна і Азіэля; гэта сем’і Кагатавы. 28 Усе мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй — восем тысяч шэсцьсот — апекавалі скінію. 29 Сем’і сыноў Кагата размясціліся лагерам на паўднёвым баку скініі, 30 і кіраўніком іх быў Элісафан, сын Азіэля. 31 І рупіліся яны пра каўчэг, і стол, і падсвечнік, пра ахвярнік і прылады свяцілішча, прызначаныя на службу Божую, і пра пакрывала, і ўсе прыналежнасці ўсякага роду. 32 А кіраўніком над кіраўнікамі сем’яў левітаў быў Элеязэр, сын Аарона святара, ён наглядаў за тымі, што ахоўвалі свяцілішча. 33 А вось ад Мэрары паходзілі сем’і Махалі і Мусі; гэта сем’і Мэраравы. 34 Усіх мужчынскага полу ад аднаго месяца і вышэй — шэсць тысяч дзвесце; 35 кіраўніком сем’яў Мэрары быў Сурыэль, сын Абігаіля. Яны размясцілі лагер на паўночным баку скініі. 36 Пад аховаю іх былі: дошкі скініі, і жэрдкі, і слупы, і падножжы іх, і ўсе прыналежнасці яе, і ўсё, што мае дачыненне да ўсякага роду службы, 37 і слупы панадворка з усіх бакоў з падножжамі іх, і калкі з вяроўкамі. 38 А з пярэдняга боку скініі, перад палаткай сустрэчы, на ўсход ставілі палаткі Майсей, і Аарон, і сыны яго, якім даручана святыня ад імя сыноў Ізраэля. Калі б хто наблізіўся чужы, мае быць пакараны смерцю. 39 Усіх левітаў, якіх палічыў Майсей па загадзе Госпада, мужчынскага полу ад аднаго месяца і вышэй было дваццаць дзве тысячы. 40 І сказаў Госпад Майсею: «Палічы ўсіх першародных мужчынскага полу з сыноў Ізраэлевых у гадах ад аднаго месяца і вышэй, палічы іх агульную колькасць; 41 і вазьмі левітаў для Мяне як замену ўсіх першародных з сыноў Ізраэлевых, Я — Госпад; і іх жывёлу на замену ўсёй першароднай жывёле сыноў Ізраэлевых». 42 Палічыў Майсей, як загадаў Госпад, усіх першародных з сыноў Ізраэлевых, 43 і было ўсіх першародных мужчынскага полу па імёнах іх, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзве тысячы дзвесце семдзесят тры. 44 І зноў сказаў Госпад Майсею, гаворачы: 45 «Вазьмі левітаў на месца ўсіх першародных з сыноў Ізраэлевых разам з жывёлай левітаў на замену іх жывёле; і левіты будуць Маімі. Я — Госпад. 46 А як выкуп за гэтых дзвесце семдзесят трох з першародных сыноў Ізраэлевых, што перавышаюць лік левітаў, 47 вазьмі па пяць сікляў ад галавы, па вазе сікля святыні; сікль мае дваццаць гераў. 48 І дай грошы Аарону і яго сынам як выкуп за тых, што засталіся». 49 Дык узяў Майсей выкуп ад тых, што перавышалі лік выкупленых левітамі; 50 ад першародных сыноў Ізраэлевых узяў грошай тысячу трыста шэсцьдзесят пяць па вазе сікля святыні. 51 І аддаў Майсей срэбра выкупу Аарону і сынам, згодна загаду, як сказаў яму Госпад. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)