Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛІКІ 27 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Прыйшлі ж дочкі Салпаада, сына Хэфэра, сына Галаада, сына Махіра, сына Манасы — з роду Манасы, які быў сынам Язэпа, а імёны іх: Маала, Ноа, Хэгла, Мэлха і Тэрса.

2 І сталі яны перад Майсеем, і Элеязэрам святаром, і князямі, і перад усёю супольнасцю ля дзвярэй палаткі сустрэчы і сказалі:

3 «Бацька наш памёр у пустыні, і не ўдзельнічаў у бунце Корэ супраць Госпада, але памёр у сваім граху; і ён не меў сыноў.

4 Чаму вынішчаецца імя яго ў родзе яго, бо ён не меў сына? Дайце нам уласнасць паміж братоў бацькі нашага».

5 І прынёс Майсей справу іх на суд Госпада,

6 Які сказаў яму:

7 «Справядліва дамагаюцца дочкі Салпаада. Дай ім уласнасць між братоў бацькі іх, і хай маюць спадчыну.

8 Сынам жа Ізраэля скажы так: “Калі чалавек памрэ без сына, яго спадчына пераходзіць на дачку;

9 калі не будзе ў яго дачкі, спадкаемцамі хай стануць браты яго.

10 Калі б і братоў не было, аддасцё спадчыну братам бацькі яго.

11 Калі і братоў у бацькі не будзе, тады яго спадчына хай пераходзіць найбліжэйшаму сваяку ў яго родзе; і хай ён возьме спадчыну. Як загадаў Госпад Майсею, так хай будзе гэта сынам Ізраэля святыняй па вечным законе”».

12 Таксама сказаў Госпад Майсею: «Узыдзі на гэту гару Абарым і паглядзі адтуль на зямлю, якую Я дам сынам Ізраэля.

13 І калі агледзіш яе, ты пойдзеш да народа свайго, як пайшоў брат твой, Аарон,

14 бо вы зняважылі Мяне ў пустыні Сін у час бунту супольнасці, бо не пажадалі аб’явіць святасці Маёй перад імі на водах». Гэта вада Мэрыбы каля Кадэса ў пустыні Сін.

15 Майсей адказаў Госпаду:

16 «Хай прызначыць Госпад, Бог духаў і кожнага цела, чалавека, які кіраваў бы гэтай грамадою

17 і мог бы выступіць перад імі, выводзіць іх або ўводзіць, каб не стаў народ Госпадаў, як авечкі без пастуха».

18 І сказаў Госпад яму: «Вазьмі Ешуа, сына Нуна, чалавека, на якім прабывае Дух, і ўскладзі руку сваю на яго.

19 І паставіш яго перад Элеязэрам святаром і ўсёй супольнасцю, і на вачах ва ўсіх дай яму загады,

20 і сваёй уладай падтрымай яго, каб слухала яго ўся супольнасць сыноў Ізраэля.

21 Стане ён перад Элеязэрам святаром, які пра яго параіцца з Госпадам праз суд урыму. Паводле яго загаду будзе выходзіць і ўваходзіць ён сам, і ўсе сыны Ізраэля з ім, і ўся супольнасць».

22 Майсей зрабіў так, як яму загадаў Госпад. І, калі паклікаў Ешуа, паставіў яго перад святаром Элеязэрам і ўсім прысутным народам;

23 і, усклаўшы на галаву яго рукі, паставіў яго правадыром, як загадаў Госпад праз Майсея.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы