ЛІКІ 24 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І калі Балаам пераканаўся, што Госпаду падабаецца, каб ён дабраславіў Ізраэль, не пайшоў, як раней хадзіў, каб варажыць, але, павярнуўшы аблічча сваё да пустыні 2 і падняўшы вочы, убачыў Ізраэль, што стаяў лагерам па сваіх пакаленнях, і, калі агарнуў яго Дух Божы, 3 сказаў ён прароцтва сваё, кажучы: «Кажа Балаам, сын Бэора, кажа чалавек, у якога адкрытыя вочы, 4 кажа той, хто чуе слова Божае, той, перад кім з’яўляецца Усемагутны, той, хто падае, але так вочы яго адкрываюцца. 5 О, як прыгожыя палаткі твае, Якубе, і паселішчы твае, Ізраэлю! 6 Раскінуліся яны, як даліны, як сады, што арошаны рэкамі, як дрэвы алоэ, якія Госпад пасадзіў, як кедры паблізу водаў. 7 Хай цячэ вада з вёдзер яго і хай зерне яго мае ўдосталь вільгаці. Хай цар яго ўзвысіцца над Агагам, і хай узнімецца царства яго. 8 Бог вывеў яго з Егіпта, Ён для яго, як рогі буйвала. Праглыне ён народы, ворагаў сваіх, а косці іх паламае і струшчыць стрэламі сваімі. 9 Ён ляжыць і спіць, як леў і як ільвіца, хто адважыцца пабудзіць яго? Хто дабраславіць цябе, той і сам будзе дабраславёны, хто пракляне цябе, сам будзе пракляты!» 10 І, разгневаны на Балаама, Балак, пляснуўшы рукамі, кажа: «На праклён ворагаў сваіх паклікаў я цябе, а іх ты ўжо трэці раз дабраславіў! 11 Вяртайся цяпер да свайго дому! Хацеў я цябе багата ўзнагародзіць, але Госпад пазбавіў цябе прыгатаванай узнагароды». 12 Балаам адказаў Балаку: «Ці ж ужо тваім пасланцам, пасланым табою да мяне, не казаў я: 13 “Нават калі Балак дасць мне поўны свой дом срэбра і золата, не змагу працівіцца слову Госпада; ані што добрае, ані што ліхое не выкажу з сэрца свайго, але толькі тое, што Госпад скажа, тое і я скажу?” 14 І цяпер, адыходзячы да народа майго, я скажу табе, што зробіць народ гэты з народам тваім у апошнія часы». 15 І выказаў ён прароцтва, кажучы: «Кажа Балаам, сын Бэора, кажа чалавек, які мае адкрытыя вочы; 16 кажа той, хто чуе словы Божыя, хто ведае думку Найвышэйшага і бачыць з’яўленні Усемагутнага, які, падаючы, мае адкрытыя вочы. 17 Бачу яго, але яшчэ не цяпер; аглядаю яго, але не паблізу. Узыходзіць зорка з Якуба і паўстае скіпетр з Ізраэля; і ён струшчыць галаву Мааба і зруйнуе ўсіх сыноў Сэта. 18 І Эдом будзе ўласнасцю яго, і Сэір стане ўласнасцю яго ад ворагаў яго; Ізраэль будзе рабіць вялікія справы. 19 Ад Якуба будзе валадар і знішчыць ён рэшткі з народа». 20 І, калі ўбачыў ён Амалека, абвясціў прароцтва сваё, ён сказаў: «Амалек — першы з народаў, рэшткі яго знікнуць». 21 Убачыў таксама кінэяў, і абвясціў прароцтва сваё, і сказаў: «Моцнае жытло тваё і на скале пабудавана тваё гняздо; 22 але і яно прызначана на знішчэнне, калі Асур зняволіць цябе». 23 І абвясціў прароцтва сваё, і зноў сказаў ён: «Гора! Хто будзе жыць, калі Бог зробіць гэта? 24 Прыплывуць караблі з Кітыма, і перамогуць асірыйцаў, і спустошаць Гебэр, але ўрэшце і самі загінуць». 25 І ўстаў Балаам і вярнуўся на сваё месца; Балак жа дарогай, якой прыйшоў, пайшоў назад. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)