ЛІКІ 19 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы: 2 «Гэта святыня закону, які ўстанавіў Госпад. Скажы сынам Ізраэля, каб прывялі табе рыжую карову без заганы, на якой няма ніякай плямы і на якую яшчэ не ўскладана ярмо. 3 І аддайце яе святару Элеязэру, каб ён вывеў яе па-за лагер, каб яна была забіта ў яго прысутнасці. 4 І, памачыўшы палец у яе крыві, хай ён пакропіць сем разоў дзверы палаткі сустрэчы, 5 і хай спаляць цела яе ў яго прысутнасці, аддаўшы агню як шкуру і мяса яе, так і кроў з нечыстотамі. 6 Хай таксама святар дровы кедравыя і гізоп з пурпурам кіне ў агонь, у якім гарыць карова. 7 І тады нарэшце, памыўшы шаты свае і цела сваё, хай увойдзе ён у лагер, і хай нячысты будзе ён аж да вечара. 8 Потым чалавек чысты хай збярэ попел каровы і высыпле за лагерам у месцы чыстым, каб для супольнасці Ізраэля быў захаваны для прыгатавання вады ачышчэння. Гэта ахвяра за грэх. 9 Той, хто збіраў попел каровы, павінен вымыць сваё адзенне і будзе нячысты аж да вечара. 10 Гэта пастанова вечная як для ізраэльцаў, так і для чужаземцаў, якія ў іх прабываюць. 11 Хто дакранецца да нябожчыка, будзе з-за таго сем дзён нячысты, 12 павінен ён [вадой з попелам каровы] ачысціцца ў трэці і сёмы дзень і тады будзе чысты. Калі ў трэці дзень ён не ачысціцца, то ў сёмы дзень ён не будзе чысты. 13 Кожны, хто дакрануўся да мёртвага цела чалавека і гэтай сумессю не ачысціўся, зневажае скінію Госпада і будзе вынішчаны з Ізраэля, бо ён не акрапіў сябе вадою ачышчэння, і нячысты ён будзе, і яго нячыстасць застанецца на ім. 14 Гэта закон адносна чалавека, які памірае ў палатцы: кожны, хто ўвойдзе ў гэту палатку, і ўсе пасудзіны, што ў ёй прабываюць, будуць нячыстыя сем дзён. 15 Пасудзіна, што не мае накрыўкі і перавязкі, прымацаванай на шнурку, будзе нячыстай. 16 Будзе нячыстым сем дзён той, хто ў полі дакранецца або да чалавека, забітага мечам, або да таго, хто памёр, або да касцей яго, або да магілы. 17 І хай яны возьмуць попелу той спаленай ахвяры за грэх і хай нальюць на яго жывой вады ў пасудзіну; 18 калі чалавек чысты памочыць у гэтым гізоп, хай пакропіць ім усю палатку, і ўвесь посуд, і людзей, якія будуць там, і таксама таго, хто дакрануўся да касцей, або забітага, або да таго, хто памёр, або да магілы. 19 І такім чынам хай ачысціць чалавек чысты нячыстага ў трэці і сёмы дзень; і хай ён, ачышчаны, у сёмы дзень вымые сябе і сваё адзенне і ўвечары будзе чыстым. 20 Калі хто гэтым спосабам не ачысціцца, то будзе вынішчана душа яго з грамады, бо ён апаганіў скінію Госпадаву; вадою ачышчэння ён не быў пакроплены, ён нячысты. 21 Гэта будзе вам законам ва ўсе векі; таксама той, хто кропіць вадой ачышчэння, хай вымые адзенне сваё; кожны, хто дакранецца да вады ачышчэння, нячысты будзе аж да вечара. 22 Усё, да чаго дакранецца нячысты, а таксама асоба, якая дакранецца да чаго-небудзь з гэтага, будуць нячыстымі аж да вечара». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)