КАЛАСЯНАЎ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Хачу, вось, каб вы ведалі, якую барацьбу я маю дзеля вас і адносна тых, што ў Лаадыцэі, і тых, што не бачылі мяне асабіста ў целе, 2 каб парадаваліся сэрцы іх, злучаныя ў любові і для поўнага ўзбагачэння розуму, дзеля пазнання таямніцы Бога, і Айца, і Хрыста, 3 у Якім усе скарбы мудрасці і ведання схаваны. 4 Гэта ж вам кажу, каб ніхто вас не падмануў падступствам слоў. 5 Бо хаця я адсутны целам, але духам я з вамі, радуючыся і бачачы парадак ваш і цвёрдасць веры вашай у Хрыста. 6 Дык як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, у Ім і жывіце, 7 укаранёныя і ўбудаваныя ў Ім, і ўзмоцненыя ў веры, як і былі навучаны, узбагачаючыся ў ёй з падзякаю. 8 Глядзіце, каб не збаламуціў вас хто філасофіяй і пустым ашуканствам паводле пераказу людзей, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста. 9 Бо ў Ім прабывае ўся паўната Боства цялесна, 10 і вы напоўнены Ім, Які ёсць галава ўсякага начальства і ўлады. 11 У Ім вы абрэзаны нерукатворным абразаннем, скінуўшы з цела грахі цела, у абразанні Хрыстовым, 12 пахаваныя з Ім у хросце, вы з Ім і ўваскрэслі праз веру ў магутнасць Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых. 13 І вас, мёртвых у злачынствах і неабрэзанасці цела вашага, ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе грахі, 14 скасаваўшы напісаную рукою пастанову, якая асуджала нас і была супраць нас, і ўзяў Яго з асяроддзя нашага, і, прыбіўшы цвікамі Яго да крыжа, 15 раззброіўшы начальствы і ўлады, выставіў адважна на відовішча, трыумфуючы над імі ў Ім. 16 Дык хай ніхто вас не асуджае за ежу або пітво, або з прычыны дня святочнага, ці маладзіка, ці суботы, 17 якія з’яўляюцца ценем будучага, цела ж – Хрыстова. 18 Ніхто няхай не пазбавіць вас узнагароды, маючы ўпадабанне ў прыніжэнні сябе і кульце анёлаў, звяртаючы ўвагу на тое, што не бачыў, марна пышачыся розумам цела свайго 19 і не трымаючыся Галавы, ад Якой усё цела, суставамі і вязямі злучанае і змацаванае, расце ўзрастаннем Божым. 20 Дык калі вы памерлі з Хрыстом для стыхій свету, чаму ж, быццам жывучы яшчэ ў свеце, падпарадкоўваецеся пастановам: 21 «Не чапай, не каштуй, не дакранайся»? 22 Гэта ўсё праз само карыстанне вынішчаецца, згодна з пастановамі і навукамі чалавечымі. 23 Гэта мае толькі выгляд мудрасці ў самавольным служэнні, у пакорлівасці, у нядбанні пра цела, у поўнай непашане да насычанасці цела. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)