ЗАХАРЫІ 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Ды вярнуўся той анёл, які гаварыў да мяне, і абудзіў мяне, як чалавека, які абуджаецца ад сну свайго. 2 І ён спытаўся ў мяне: «Што ты бачыш?» І я сказаў: «Я ўбачыў — і вось, падсвечнік, увесь з золата, і на канцы яго пляшачка і сем лампад на ёй, і па сем маслёнак у лампад, якія былі на канцы яе. 3 І дзве алівы на ёй: адна з правага боку пляшкі і другая з левага яе боку». 4 І запытаў я анёла, які гаварыў да мяне, прамаўляючы: «Што ўсё гэта значыць, гаспадару мой?» 5 І анёл, які гаварыў да мяне, адказаў мне і сказаў: «Няўжо ты не ведаеш, што гэта значыць?» І я сказаў: «Не, гаспадару мой». 6 І ён адказаў і сказаў мне, гаворачы: «Гэта слова Госпада Зарабабэлю, якое кажа: “Не войскам і не сілаю, але Духам Маім”, — кажа Госпад Магуццяў. — 7 Хто ты, гара вялікая, перад Зарабабэлем? Будзеш раўнінай. І выкаціць ён знатны камень пры радасных воклічах: “Які прыгожы!”» 8 І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: 9 «Рукі Зарабабэля заснавалі дом гэты, і рукі яго скончаць яго, ды ведайце, што Госпад Магуццяў паслаў Мяне да вас. 10 Бо хто адцураўся ад дня сціплых пачаткаў? І з радасцю будуць глядзець на грунтвагу ў руцэ Зарабабэля. Сем гэтых лямпаў — гэта вочы Госпада, якія прыглядаюцца да ўсёй зямлі». 11 І адказаў я, і запытаўся ў яго: «Што значаць дзве алівы тыя па правы бок ад падсвечніка і яго бок левы?» 12 І ў другі раз спытаўся і сказаў яму: «Якое маюць значэнне дзве галінкі алівавыя, з якіх па дзвюх залатых трубках цячэ золата?» 13 І ён кажа мне, гаворачы: «Ці ж не разумееш, што гэта?» І я сказаў: «Не разумею, гаспадару мой». 14 І ён сказаў: «Гэта два намашчэнцы, якія служаць Валадару ўсёй зямлі». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)