ЗАХАРЫІ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І падняў вочы свае і ўбачыў: і вось, чалавек, у руцэ якога землямерная вяроўка. 2 І я запытаўся: «Куды ты ідзеш?» І ён адказаў мне: «Хачу вымераць Ерузалім, каб пазнаць: якая яго шырыня і якая яго даўжыня». 3 І вось, анёл, які гаварыў да мяне, выйшаў, і другі анёл выйшаў яму насустрач; і яму ён сказаў: «Паспяшайся, 4 скажы юнаку таму, кажучы: “Ерузалім застанецца без муроў дзеля мноства людзей і жывёлы ў ім”. 5 “І Я яму буду, — кажа Госпад, — агністым мурам вакол і праслаўлюся пасярод яго. 6 Бяда, бяда! Уцякайце з паўночнае зямлі, — кажа Госпад, — бо на чатыры вятры нябесныя Я расцерушыў вас”, — кажа Госпад». 7 Гора табе, Сіёне, уцякай, які пражываеш у дачкі Бабілона! 8 Бо вось што кажа Госпад Магуццяў дзеля Яго славы паслаў Ён Мяне да народаў, якія абрабавалі вас: «“Хто кране вас, той кране зрэнку вока Майго. 9 Бо вось, падыму Я руку Сваю супраць іх, і яны стануць здабычай паслугачоў сваіх; і пазнаеце, што Госпад Магуццяў паслаў Мяне”. 10 “Радуйся і цешся, дачка Сіёна! Бо Я ўжо іду і пасялюся сярод цябе, — кажа Госпад. — 11 І ў той дзень многія народы звернуцца да Госпада і будуць Яму народам. І абжывуся ў цябе, і ты будзеш ведаць, што Госпад Магуццяў паслаў Мяне да цябе”». 12 І будзе валодаць Госпад Юдаю, Сваёй спадчынай у святой зямлі, і выбера Сабе зноў Ерузалім. 13 Хай замаўчыць усякі чалавек перад абліччам Госпада, бо паўстаў Ён са святога Свайго жытла. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)