Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЗАХАРЫІ 11 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Адчыні свае брамы, Лібане, і хай агонь спаліць твае кедры.

2 Бядуйце, кіпарысы, што кедры загінулі, бо надзвычайныя былі знішчаны; галасіце, дубы Басана, бо паў непраходны лес.

3 Чуецца галашэнне пастухоў, бо найлепшае з іх спустошана; гук рыкання львоў, бо знішчана пышнасць Ярдана.

4 Гэта кажа Госпад, Бог мой: «Пасі жывёлу, прызначаную на забіццё,

5 якую купляюць, забіваюць і не шкадуюць, і якую прадаюць і кажуць: “Дабраславёны Госпад, я стаў багатым”. І пастухі яе не шкадуюць яе.

6 І Я не буду болей шкадаваць жыхароў зямлі, — кажа Госпад; — вось, кожнага з людзей выдам у рукі блізкага яго і ў рукі цара яго; і яны давядуць зямлю да падзення, і Я нікога не вызвалю з рукі іх».

7 І вось, я пасвіў жывёлу на забіццё для гандляроў статкам. І ўзяў я сабе дзве палкі: адну назваў «Ласка» і другую назваў «Вяроўка»; і пасвіў статак.

8 І на працягу аднаго месяца забіў трох пастухоў, і абрыдлі яны душы маёй; а іх душа адвярнулася ад мяне.

9 Ды я сказаў: «Не буду пасвіць вас; што мае памерці — хай памірае, і што мае загінуць — хай гіне, і астатнія хай ядуць цела адна адной».

10 Ды ўзяў сваю палку, што называлася «Ласка», і зламаў яе, каб разарваць запавет мой, які заключыў з усімі людзьмі.

11 І ў той вось дзень ён быў разарваны; і гандляры статкам, якія наглядалі за мной, пераканаліся, што гэта было слова Госпада.

12 І я ім сказаў: «Калі добра ў вачах вашых, дайце мне плату, а калі не — пакіньце яе сабе». І адважылі мне плату ў трыццаць срэбранікаў.

13 Ды сказаў Госпад мне: «Укінь гэта ў скарбонку, дастойную плату, якою Я быў ацэнены імі». Ды ўзяў трыццаць срэбранікаў і ўкінуў іх у скарбонку дома Госпадава.

14 І зламаў я другую маю палку, якая звалася «Вяроўка», каб разарваць брацтва Юды з Ізраэлем.

15 І сказаў Госпад мне: «Вазьмі яшчэ сабе прылады неразумнага пастуха;

16 бо Я, вось, пастаўлю пастуха на зямлі, які не будзе рупіцца пра авечку, што мае загінуць, не будзе лячыць скалечаную, і не будзе шукаць страчаную, і не будзе карміць здаровую, а мяса тлустых будзе есці і капыты іх будзе абрываць.

17 Гора неразумнаму майму пастуху, які пакідае статак! Хай меч упадзе на яго плячо і на яго правае вока; хай ссохне сухатою яго рука, і правае вока яго хай цалкам зацягне цемраю».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы