Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЗАХАРЫІ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 У восьмы месяц на другі год Дарыя прамовіў Госпад да прарока Захарыі, сына Барахіі, сына Адо, кажучы:

2 «Загневаўся вельмі Госпад на бацькоў вашых.

3 Ды скажы ім: гэта кажа Госпад Магуццяў: “Звярніцеся да Мяне, — кажа Госпад Магуццяў. —

4 Не будзьце, як бацькі вашы, якіх заклікалі даўнейшыя прарокі і казалі: “Пакіньце шляхі вашы ліхія і намеры вашы благія, — гэта кажа Госпад Магуццяў”; і яны не паслухалі і не звярнулі ўвагі на Мяне, — кажа Госпад. —

5 Дзе цяпер бацькі вашы? Ды ці ж прарокі жывуць вечна?”

6 А ўсё ж такі ці ж словы Мае і загады Мае, якія даручыў Я слугам Маім, прарокам, ці ж не закранулі яны бацькоў вашых? І яны навярнуліся і казалі: “Як маніўся Госпад Магуццяў зрабіць з намі адносна паводзін нашых і ліхоццяў нашых — так і зрабіў з намі”».

7 У дваццаць чацвёрты дзень адзінаццатага месяца, гэта значыць месяца Тэбэт, у другі год Дарыя Госпад прамовіў да прарока Захарыі, сына Барахіі, сына Адо, кажучы:

8 «Бачанне меў я ноччу: і вось, коннік на рыжым кані стаяў сярод міртаў у лагчыне; і за ім коні рыжыя, рабыя і белыя.

9 І я запытаўся: “Што значаць яны, гаспадару мой?” І анёл загаварыў са мной, і сказаў мне: “Я растлумачу табе, што яны азначаюць”.

10 І сказаў коннік, які стаяў сярод міртаў, гэтыя словы: “Гэта, вось, тыя, каго Госпад паслаў абысці зямлю”.

11 І яны адказалі анёлу Госпадаваму, які стаяў сярод міртаў, і паведамілі: “Абышлі мы зямлю, і вось, уся зямля абжытая і жыве спакойна”.

12 І сказаў анёл Госпадаў гэтыя словы: “Госпадзе Магуццяў, як доўга яшчэ Ты не злітуешся над Ерузалімам і гарадамі Юды, на якія загневаўся? Гэта сямідзесяты год”.

13 Ды адказаў Госпад анёлу, які гаварыў да мяне, словамі добрымі, словамі суцяшальнымі.

14 І анёл, які гаварыў да мяне, сказаў: “Абвясці: вось што кажа Госпад Магуццяў: “Любоў апякуючая ў Мяне да Ерузаліма і Сіёна з вялікай руплівасцю,

15 але вялікім гневам Я гневаюся на пыхлівыя народы, бо Я крыху загневаўся, а яны павялічылі ліха”.

16 Таму вось што кажа Госпад: “Вяртаюся ў Ерузалім з міласэрнасцю. У ім будзе пабудаваны Мой дом, — кажа Госпад Магуццяў, — і грунтвага пройдзе над Ерузалімам”.

17 Ды яшчэ абвяшчай: гэта кажа Госпад Магуццяў: “Зноў перапоўняцца гарады мае маёмасцю, і зноў пацешыць Госпад Сіён, і зноў абярэ Ерузалім”».

18 І зноў падняў я вочы свае і ўбачыў: і вось, чатыры рогі;

19 і запытаўся я ў анёла, які гаварыў да мяне: «Што гэта?» І ён сказаў мне: «Гэта рогі, якія паразганялі Юду, і Ізраэль, і Ерузалім».

20 І паказаў мне Госпад чатырох рамеснікаў;

21 і я запытаўся: «Што яны маюць рабіць?» Адказаў ён, кажучы: «Гэта рогі, якія паразганялі Юду, паасобна кожнага чалавека, каб ніводзін з іх не мог падняць галавы сваёй; а яны прыйшлі настрашыць іх, каб збіць рогі народаў, якія паднялі рог супраць зямлі Юды, каб расцярушыць яе».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы