ЕРАМІІ 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Хто дасць ваду галаве маёй ды крыніцу слёз — вачам маім, і буду плакаць я дзеля забітых дачкі народа майго? 2 Хто дасць мне прыстанак для падарожнікаў у пустыні, каб мог пакінуць народ свой і адысці ад яго? Бо ўсе яны чужаложнікі, зборышча крывадушнікаў. 3 «І напружваюць, быццам лук, яны язык свой: хлусня і няпраўда пануе на зямлі, бо ад ліхоты ідуць да ліхоты, а Мяне не ведаюць, — кажа Госпад. — 4 Высцерагаюцца адзін аднаго, і брат да брата не мае даверу, бо кожны брат ашуквае, ды кожны прыяцель чыніць падступна, 5 і чалавек падманвае брата свайго, а праўды не кажа; яны прывучылі язык свой казаць хлусню, ходзяць крывадушна, не хочуць навярнуцца. 6 Крыўда на крыўдзе, падман на падмане, адмаўляюцца яны ведаць Мяне», — кажа Госпад. 7 Дзеля таго вось што кажа Госпад Магуццяў: «Вось жа, Я ператаплю і выпрабую іх, бо як жа інакш магу ўчыніць адносна дачкі народа Майго? 8 Язык іх, як страла, якая раніць, вуснамі сваімі прамаўляе ён ашуканства; адзін аднаму жадае супакою, а патаемна ставіць пастку на яго. 9 Ці не маю Я іх караць за гэта, — кажа Госпад, — ці народу такому, як гэты, не адпомсціць душа Мая?» 10 У гарах пачну я плач і галашэнне, а на пашах стэпавых — нараканне, бо яны спалены, таму ніводны чалавек не праходзіць і не чутна там голасу статкаў; ад птушкі паднебнай аж да жывёлы разбегліся, зніклі. 11 «Я замяню Ерузалім на кучу камянёў і лежышча шакалаў, а гарады юдэйскія замяню на пустэчу, таму не будзе там жыхароў». 12 Хто ёсць чалавек разумны, каб мог зразумець гэта? Ды каму прызначана слова вуснаў Госпада, каб абвясціць гэта: чаму загінула зямля, спалена яна, як пустыня, так што няма каму хадзіць па ёй? 13 І сказаў Госпад: «Бо яны пакінулі закон Мой, які Я даў ім, і не слухалі голасу Майго, і не жылі паводле яго; 14 але пайшлі за ўпартасцю сэрца свайго і за Баалам, чаму навучыліся ад бацькоў сваіх». 15 Таму вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Вось жа, Я накармлю народ гэты палыном, і дам ім піць ваду атручаную, 16 і расцярушу іх сярод народаў, якіх не ведалі яны і бацькі іх, і пашлю ўслед за імі меч, аж пакуль не згінуць». 17 Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Увага! Паклічце плачак, хай яны прыйдуць ды пашліце за тымі, хто наймудрэйшыя, хай прыйдуць хутчэй, 18 хай паспяшаюцца ды пачнуць дзеля нас галасіць: хай з вачэй нашых пацякуць слёзы ды з павек нашых паліецца вада. 19 Бо голас галашэння чуецца з Сіёна: “Як жа знішчаны мы ды спаганены моцна, бо пакідаем зямлю ды пакінуты нашы паселішчы!” 20 Жанчыны! Паслухайце ж слова Госпада, і хай прымуць вушы вашы слова вуснаў Яго, ды навучыце дачок вашых галашэнням, а адна адну — песням жалобным. 21 Бо смерць прабралася праз нашы вокны, увайшла ў дамы нашы, каб знішчыць дзяцей на вуліцах, і юнакоў — на плошчах. 22 Гавары: гэта кажа Госпад: “І будзе ляжаць труп чалавечы, як гной на полі ды як снапы за жняёю, і няма каму збіраць іх”. 23 Гэта кажа Госпад: “Хай не выхваляецца мудры мудрасцю сваёй, і хай не выхваляецца асілак сілаю сваёй, ды хай не ўзносіцца багаты багаццем сваім, 24 але хто хваліцца, хай хваліцца тым, што знае і ведае Мяне, што Я — Госпад, Я чыню міласэрнасць, закон і справядлівасць на зямлі; і гэта вось падабаецца Мне”, — кажа Госпад. 25 “Вось жа, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я правяду суд над кожным, у каго абрэзаны край цела, 26 над Егіптам і над Юдэяй, над Эдомам і над сынамі Амона, над Маабам і над усімі, якія падразаюць валасы і пражываюць у пустыні, бо ўсе народы — неабрэзаныя, а ўвесь дом Ізраэля — з неабрэзаным сэрцам”». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)