ЕРАМІІ 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 “Абыдзіце кругом вуліцы Ерузаліма, агледзьце і прасачыце, і пашукайце на плошчах яго, ці знойдзеце чалавека, ці ёсць такі, хто чыніў бы па справядлівасці ды шукаў праўды, і Я буду да яго літасцівы. 2 Нават калі яны скажуць: “Жыве Госпад!”, — пэўна, прысягаюць яны фальшыва”. 3 Госпадзе, ці ж вочы Твае не пазіраюць на праўду? Ты апанаваў іх горам, а яны не бядуюць, знішчыў іх, а яны адмовіліся прыняць павучанне; закамянілі твары свае горш за скалу, не хочуць навярнуцца. 4 Але я сказаў: “Вось, гэта жабракі чыняць неразумна, бо не ведаюць шляхоў Госпада, прысуду Бога свайго. 5 Дык пайду я да людзей заможных ды скажу ім, яны бо ведаюць шлях Госпада і прысуд Бога свайго”». Але яны таксама паламалі ярмо, парвалі путы. 6 Дзеля таго нішчыць іх леў з лесу, воўк пустыні выгубляе іх, пантэра будзе цікаваць каля гарадоў іх, кожны, хто выйдзе з іх, будзе разарваны, бо павялічыліся грахі іх, узмацніліся іх адступніцтвы. 7 «Дзеля чаго змагу быць да цябе літасцівы? Дзеці твае пакінулі Мяне ды прысягнулі тым, якія не ёсць багамі. Насыціў Я іх, а яны чужаложылі, грамадою сцякаліся ў дом распусніцы. 8 Сталіся яны коньмі адкормленымі і неакілзанымі, кожны ржэ на жонку бліжняга свайго. 9 “Ці ж за гэта Я не пакараю, — кажа Госпад, — і ці ж народу такому не адпомсціць душа Мая? 10 Узыдзіце на муры яго і разбурайце, але поўнага знішчэння не рабіце, знішчыце парасткі яго, бо не Госпадавы яны. 11 Бо адхіліліся ад Мяне крывадушна дом Ізраэля і дом Юды”, — кажа Госпад. 12 Выракліся яны Госпада і сказалі: “Няма Яго: не прыйдзе на нас няшчасце, не ўбачым ані меча, ані голаду”». 13 Прарокі будуць, як вецер, і няма ў іх адказу. І гэтак ім станецца. 14 Таму вось што кажа Госпад, Бог Магуццяў: «За тое, што вы сказалі слова гэтае, вось, Я раблю словы Мае ў вуснах тваіх агнём, а народ гэты — дрэвам, і паглыне іх. 15 Вось, Я навяду на вас, дом Ізраэля, народ далёкі, — кажа Госпад, — народ дужы, народ старадаўні, народ, якога мовы ты не будзеш ведаць і не зразумееш, што ён гаворыць. 16 Яго калчан — быццам грабніца адкрытая; усе яны магутныя. 17 І з’есць ён жніво тваё і хлеб твой, паглыне сыноў тваіх і дачок тваіх, з’есць тваю дробную і буйную жывёлу, з’есць твае вінаграднікі і дрэвы фігавыя, знішчыць мечам умацаваныя гарады твае, на якія ты спадзяешся. 18 Аднак у тыя дні, — кажа Госпад, — не зраблю вам поўнае загубы. 19 А калі вы скажаце: “Чаму зрабіў нам усё гэта Госпад, Бог наш?” — ты скажаш ім: “Як вы пакінулі Мяне і служылі чужым багам у сваёй зямлі, так будзеце служыць чужынцам у зямлі не сваёй”. 20 Паведаміце аб гэтым дому Якуба і дайце пачуць у Юдэі, кажыце: 21 “Паслухай, народ без розуму і без сэрца, якія, маючы вочы, не бачаць, маючы вушы, не чуюць. 22 Ці ж вы не будзеце шанаваць Мяне, — кажа Госпад, — і не затрымціце перад абліччам Маім? Я абмежаваў мора пяском на загад вечны, якога яно не абміне; і хвалявацца будуць, але не змогуць, і ўздымацца будуць хвалі, але не пераступяць яго”. 23 Сэрца ў гэтага народа сталася ўпартым і бунтоўным; адступіліся яны і адышліся, 24 ды не сказалі ў сэрцы сваім: “Давайце шанаваць Госпада, Бога нашага, Які дае нам у свой час дождж ранні і позні, захоўвае для нас сталыя тыдні жніва”. 25 Беззаконне ваша ўхіліла гэта, і грахі вашы пазбавілі вас дабра, 26 бо знайшліся ў народзе Маім бязбожнікі, якія цікуюць, як птушкаловы, якія, угнуўшыся, стаўляюць пасткі, каб лавіць людзей. 27 Як клетка поўная птушак, так іх дамы поўныя падману, і так становяцца яны велічнымі і багатымі, 28 сытымі і тлустымі, ды перайшлі яны ўсе меры ліха. Не разбіраюць яны справу, справу сіраты, каб толькі мець сабе поспех, і справы ўбогіх не разглядаюць. 29 Ці ж за гэта Я не пакараю іх, — кажа Госпад, — і ці ж не адпомсціць душа Мая такому народу, як гэты? 30 Дзіўнае і жудаснае дзеецца на зямлі: 31 прарокі праракавалі лжыва, святары пляскалі ў далоні свае, і народ Мой палюбіў гэта. Дык што будзеце рабіць, калі прыйдзе гэтаму канец?» |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)