ЕРАМІІ 46 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Вось якое было слова Госпада да Ярэміі прарока супраць народаў. 2 Супраць Егіпта, супраць войска фараона Нэкао, цара Егіпецкага, якое было каля ракі Эўфрат у Каркамісе, і якое пабіў Набукаданосар, цар Бабілона, у чацвёртым годзе Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага: 3 «Прыгатуйце шчыты і дзіды, ды ідзіце ў бой! 4 Запрагайце коней і сядайце на коней, вершнікі; станьце ў строй у шаломах, навастрыце дзіды і адзеньце панцыры! 5 Што такое? Бачу іх напалоханых, адыходзячых, волаты іх пабітыя, уцякаюць у страху, не азіраюцца! Жах вакол, — кажа Госпад. — 6 Хай не ўцякае найжвавейшы і найдужэйшы не думае ўратавацца; на поўначы, на беразе ракі Эўфрат, спатыкаюцца яны і падаюць. 7 Хто гэта падымаецца, як Ніл, а воды яго хвалююцца, як воды рэк? 8 Егіпет падымаецца, як Ніл, а хвалі яго бушуюць, як рэкі, і кажа ён: “Падняўшыся, пакрыю зямлю, знішчу горад і жыхароў яго”. 9 Імчыце, коні, ляціце, калясніцы, і хай выступяць мужныя, Этыёпія і Пут, трымаючы шчыты, і лудыйцы, нацягваючы лук і пускаючы стрэлы. 10 Гэта дзень Госпада, Бога Магуццяў, дзень помсты, каб учыніў помсту ворагам Сваім: і меч будзе есці, і пад’есць, і ап’янее ад крыві іх, бо гэта ахвяра Госпаду, Богу Магуццяў, на зямлі паўночнай каля ракі Эўфрат. 11 Пайдзі ў Галаад і прынясі бальзам, дзяўчына, дачка Егіпта! Дарма ўжываеш ты шмат лекаў, бо рана твая не гоіцца! 12 Пачулі народы пра ганьбу тваю, і галашэнне тваё запоўніла зямлю, бо волат кінуўся на волата, і абодва ўпалі разам». 13 Слова, якое сказаў Госпад Ярэміі прароку аб нашэсці адносна таго, што прыйшоў Набукаданосар, цар Бабілона, каб спустошыць зямлю Егіпецкую: 14 «Паведаміце Егіпту і дайце пачуць у Магдоле, і хай загучыць у Мемфісе і Тапнэсе! Скажыце: “Стой і рыхтуйся, бо меч паглынае ўсё тое, што тваё вакол цябе”. 15 Чаму ўпаў асілак твой? Не ўстаяў ён, бо Госпад паваліў яго. 16 Ён памножыў падаючых, і ўпаў чалавек на блізкага свайго, і гаварылі: “Падыміся, і вернемся да народа свайго і ў зямлю нараджэння нашага, далёка ад меча бязлітаснага”. 17 Назавіце імя фараона, цара Егіпецкага: Гармідар, які прапусціў час адпаведны. 18 Я жывы, — кажа Валадар, Госпад Магуццяў імя Яго, — бо як Табор сярод гор і як Кармэль на беразе мора, прыйдзе ён. 19 Прыгатуй сабе начынне на выгнанне, жыхарка, дачка Егіпта, бо Мемфіс стане пустыняй і будзе зруйнаваны і не будзе ў ім жыхароў. 20 Егіпет — ялаўка ладная і прыгожая; але авадзень з поўначы наляцеў на яе. 21 Найміты яго, якія круціліся каля яго, як цяляты кормныя, адвярнуліся і ўцяклі разам, не змаглі вытрымаць, бо прыйшоў на іх дзень загубы іх, час наведання іх. 22 Голас яго падобны да сыку змяі, бо наблізяцца яны з войскам і прыйдуць да яго з сякерамі, як дрывасекі. 23 “І ссякуць яны лес яго, — кажа Госпад, — якога злічыць ніхто не можа; бо іх больш за саранчу, і няма ім ліку. 24 Асаромлена дачка Егіпта і аддадзена ў рукі народа паўночнага”». 25 Вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Вось, Я пакараю Амона з Но, і фараона, і Егіпет, і багоў яго, і цароў яго, фараона і тых, што спадзяюцца на яго. 26 І Я аддам іх у рукі тых, што цікуюць на іх душу, у рукі Набукаданосара, цара Бабілона, і ў рукі паслугачоў яго, а пасля таго будзе ён абжыты, як у дні старадаўнія, — кажа Госпад. — 27 А ты, паслугач Мой Якуб, не бойся, і ты, Ізраэль, не палохайся, бо Я, вось, выбаўлю цябе з далёкае зямлі і патомства тваё з зямлі палону іх. І вернецца Якуб, і супачыне, і будзе бяспечны, і не будзе нікога, хто б патрывожыў яго! 28 Не бойся, паслугач Мой Якуб, — кажа Госпад, — бо Я з табою, бо Я знішчу ўсе народы, да якіх выгнаў цябе, а цябе не знішчу, але пакараю цябе справядліва, непакараным не пакіну цябе». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)