ЕРАМІІ 41 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І было ў сёмы месяц: Ізмаэль, сын Натаніі, сына Элісамы, з роду царскага, і магнаты цара, і дзесяць чалавек з ім прыйшлі да Гадаліі, сына Ахікама, у Міцпу, і там яны елі сумесна хлеб, у Міцпе. 2 І падняўся Ізмаэль, сын Натаніі, і дзесяць чалавек, якія былі пры ім, і забілі мечам Гадалію, сына Ахікама, сына Сафана. І забіў ён таго, якога цар Бабілона ўстанавіў кіраўніком зямлі. 3 І забіў Ізмаэль усіх жыхароў Юды, якія былі з Гадаліем у Міцпе, і халдэяў, якія там знаходзіліся, і ваяроў забіў Ізмаэль. 4 Наступнага дня па забіцці Гадаліі, калі яшчэ ніхто не ведаў, 5 прыйшлі людзі з Сіхэма, з Сіло і з Самарыі восемдзесят чалавек з аголенымі бародамі, раздзёртымі шатамі і нарэзамі на целе. І неслі яны ў руках дарункі і кадзіла, каб скласці ў ахвяру ў доме Госпада. 6 І выйшаў Ізмаэль, сын Натаніі, ім насустрач з Міцпы, крочыў і плакаў, ідучы. І калі сустрэў іх, сказаў ім: «Хадзіце да Гадаліі, сына Ахікама!» 7 І калі ўвайшлі яны ў сярэдзіну горада, пазабіваў іх Ізмаэль, сын Натаніі, і ўкінуў іх у яму, ён і людзі, якія былі з ім. 8 І знайшліся паміж іх дзесяцёра мужоў, якія сказалі Ізмаэлю: «Не забівай нас, бо маем у полі схаваныя запасы: пшаніцу, ячмень, алей і мёд». Дык стрымаўся ён і не забіў іх разам з братамі іх. 9 А яма ж, у якую кідаў Ізмаэль усе трупы людзей, якіх забіў, была тою вялікаю ямаю, якую зрабіў цар Аса супраць Баасы, цара Ізраэльскага; вось яе Ізмаэль, сын Натаніі, запоўніў забітымі. 10 І павёў Ізмаэль рэшту людзей, якія былі ў Міцпе, таксама дачок царскіх, якіх Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, даручыў Гадаліі, сыну Ахікама. І забраў іх Ізмаэль, сын Натаніі, і адышоў, каб перайсці да сыноў Амона. 11 І пачуў Ёханан, сын Карэя, і іншыя кіраўнікі войскаў, якія з ім былі, пра ўсё ліха, якое ўчыніў Ізмаэль, сын Натаніі, 12 і, сабраўшы ўсіх людзей, пайшлі яны ваяваць з Ізмаэлем, сынам Натаніі. І сустрэлі яны яго пры вялікіх водах у Габаоне. 13 І калі народ, які быў з Ізмаэлэм, убачыў Ёханана, сына Карэя, ды ўсіх кіраўнікоў войскаў, якія былі з ім, то ўсіх ахапіла радасць. 14 І адвярнуўся ўвесь народ, які ўзяў у палон Ізмаэль у Міцпе, і перайшоў да Ёханана, сына Карэя. 15 А Ізмаэль, сын Натаніі, уцёк з васьмю людзьмі ад Ёханана і адышоў да сыноў Амона. 16 А Ёханан, сын Карэя, і іншыя кіраўнікі войска, якія былі з ім, забралі ўсю рэшту людзей, якіх ён забраў у Ізмаэля, сын Натаніі, якія прыйшлі з Міцпы пасля таго, як ён забіў Гадалію, сына Ахікама, мужчын, здатных да бітвы, жанчын і дзяцей, і еўнухаў, якіх вывеў з Габаона. 17 І пайшлі яны, і затрымаліся ў Герут-Хамааме, які блізка да Бэтлехэма, каб сабрацца і пайсці ў Егіпет, 18 далей ад халдэяў, бо баяліся іх, бо Ізмаэль, сын Натаніі, забіў Гадалію, сына Ахікама, якога цар Бабілона прызначыў кіраўніком у краіне. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)