ЕРАМІІ 39 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 На дзевяты год Сэдэцыі, цара Юдэйскага, у дзесятым месяцы прыбыў Набукаданосар, цар Бабілона, і ўсё войска яго супраць Ерузаліма, і абклалі яго. 2 На адзінаццаты год Сэдэцыі, у чацвёртым месяцы, дзевятага дня горад быў адчынены. 3 І ўвайшлі тады ўсе князі цара Бабілона і селі ў Сярэдняй браме: Нэргал-Сарэцэр з Самегар-Нэба, Сарсахім, кіраўнік еўнухаў, Нэргал-Сарэцэр, кіраўнік магаў, і ўсе астатнія князі цара Бабілона. 4 І калі ўбачыў іх Сэдэцыя, цар Юдэйскі, і ўсе ваяры, — то кінуліся наўцёкі, і выйшлі ноччу з горада па дарозе праз царскі сад і праз браму, якая была паміж двух муроў, ды выйшлі яны дарогай у кірунку да Арабы. 5 Але войска халдэйскае пагналася за імі і дагнала Сэдэцыю ў лагчыне Ерыхона. І, схапіўшы, прывялі ў Рэблу, што ў зямлі Эмат, да Набукаданосара, цара Бабілона, і той абвясціў на яго прысуд. 6 І цар Бабілона забіў сыноў Сэдэцыі ў Рэблі на яго вачах, таксама ўсіх магнатаў юдэйскіх забіў цар Бабілона. 7 А пасля вырваў вочы Сэдэцыі, закаваў яго ў падвоеныя кайданы, каб завесці яго ў Бабілон. 8 І спалілі халдэі дом цара, таксама дамы народа, а муры Ерузаліма зруйнавалі. 9 А рэшту народа, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія перайшлі да яго, і ўсіх, хто застаўся з майстроў, Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, павёў у няволю ў Бабілон. 10 А частку ўбогіх людзей, у якіх не было аніякай маёмасці, пакінуў Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, у зямлі Юды, і даў ім вінаграднікі і палі ў той дзень. 11 Адносна ж Ярэміі загадаў Набукаданосар, цар Бабілона, Набузардану, кіраўніку целаахоўнікаў, кажучы: 12 «Вазьмі яго, і ўскладзі на яго вочы свае, і не рабі яму нічога благога, і выконвай тое, што ён захоча». 13 І Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, і Набусазбан, кіраўнік еўнухаў, і Нэргал-Сарэцэр, кіраўнік магаў, і ўсе князі цара Бабілона, 14 паслалі прывесці Ярэмію з панадворку варты і перадалі яго Гадаліі, сыну Ахікама, сына Сафана, каб той адпусціў яго дадому. Такім чынам абжыўся ён сярод народа. 15 А да Ярэміі, калі быў ён яшчэ ўвязнены на панадворку варты, было слова Госпада наступнае: 16 «Ідзі, так скажы Абэд-Мэлеку з Этыёпіі: гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я здзейсню Свае словы супраць гэтага горада на ліха, а не на дабро; 17 у гэты ж дзень, калі збудзецца гэта на тваіх вачах, Я вызвалю цябе, — кажа Госпад, — і ты не будзеш выдадзены ў рукі людзей, якіх ты баішся. 18 Але, вырваўшы, вызвалю цябе, і не ўпадзеш ты ад меча, але будзе ў цябе душа твая за здабычу, бо на Мяне ты ўсклаў спадзяванне,”» — кажа Госпад. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)