Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЕРАМІІ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 «Калі муж кіне жонку сваю, а яна адыдзе ад яго і пойдзе замуж за іншага мужа, ці ж вернецца ён яшчэ да яе? Ці ж не спаганена жанчына тая? А ты з многімі каханкамі чужаложыла — і вярнешся да Мяне? — кажа Госпад. —

2 Падымі вочы свае на ўзгоркі і паглядзі: дзе месца, на якім бы ты не ляжала ў распусце? Пры дарогах сядзела ты, чакаючы іх, як араб на пустыні, і спаганіла зямлю сваю распустаю сваёй і ліхотай сваёй.

3 Дзеля таго спыніліся дажды зімовыя і вясновыя дажджы перасталі; засталося ў цябе чало жанчыны чужаложніцы, і не мела ты сораму.

4 Але і тады, ці не прызывала ты Мяне: “Айцец мой, Ты — правадыр маладосці маёй!

5 Ці будзе Ён гневацца вечна або крыўдаваць заўсёды?” Так ты казала, а сама дапускалася ліха, і ў гэтым мела поспех».

6 І сказаў мне Госпад у дні цара Осіі: «Ці бачыў ты, што зрабіла ізраэльская адступніца? Аддалялася сабе на кожную высокую гару і пад кожнае зялёнае дрэва і распуснічала там.

7 І сказаў Я: “Калі ўсё гэта зрабіла Ізраэль адступніца, то вернецца да Мяне”. Але яна не вярнулася. І ўгледзела гэта здрадлівая сястра яе, Юда;

8 І ўбачыла, што за ўсе ўчынкі распусныя, якіх дапусцілася Ізраэль адступніца, Я прагнаў яе і даў ёй пасведчанне аб разводзе. Але не спалохалася здрадніца Юда, сястра яе; але сама таксама пайшла чужаложыць.

9 Праз легкадумнасць чужаложніцтва свайго зняславіла яна зямлю і дапусцілася распусты з каменем і дрэвам.

10 “Але і пасля ўсяго гэтага не навярнулася да Мяне здрадлівая сястра яе, Юда, усім сэрцам сваім, але толькі падманна”», — кажа Госпад.

11 Тады Госпад сказаў мне: «Ізраэль адступніца аказалася больш справядлівай, чым здрадлівая Юда.

12 Ідзі і абвяшчай наступныя словы на поўнач, і кажы: “Вярніся, адступніца Ізраэль, — кажа Госпад, — Не адвярну аблічча Свайго ад вас, бо Я міласэрны, — кажа Госпад, — і не буду гневацца вечна”.

13 “Толькі прызнай ты віну сваю, што адступілася ты ад Госпада, Бога свайго, і што псавала ты шляхі свае для чужых пад кожным зялёным дрэвам, а голасу Майго не слухала”, — кажа Госпад.

14 “Навярніцеся, сыны, якія адвярнуліся ад Мяне, — кажа Госпад, — бо Я — Госпад ваш; і Я вазьму вас, аднаго з горада і двух з роду, і завяду вас на Сіён.

15 І дам вам пастыраў паводле сэрца Майго, і будуць яны пасвіць вас разумна і разважліва.

16 А калі вы размножыцеся і разрасцецеся на зямлі, у тыя дні, — кажа Госпад, — ніхто не скажа больш “каўчэг запавету Госпадавага” і ніхто ўжо яго не прыгадае, ніхто не ўспомніць, не стане ў ім патрэбы, і больш яго не будзе.

17 У той час Ерузалім назавуць Пасадам Госпада. І збяруцца да яго ўсе народы ў імя Госпада ў Ерузалім; ды не будуць ужо ісці следам за сапсаванасцю сэрца свайго ліхотнага.

18 У тыя дні пойдзе дом Юды да дому Ізраэля, і выйдуць разам з зямлі паўночнай у зямлю, якую Я аддаў ва ўласнасць бацькам вашым”.

19 Я ж сказаў: “Як прыняць Мне цябе ў сыны і даць табе пажаданую зямлю, найпрыгажэйшую спадчыну сярод народаў?” І казаў Я: “Айцом будзеце называць Мяне і не адвернецеся ад Мяне.

20 Але як жанчына здраджвае каханаму свайму, так вы здрадзілі Мне, дом Ізраэля”», — кажа Госпад.

21 Пачуўся голас на ўзгорках, плач і маленне сыноў Ізраэля, бо спаганілі яны дарогу сваю, забыліся пра Госпада, Бога свайго.

22 «Навярніцеся, сыны, якія адвярнуліся ад Мяне, і Я вылечу адступніцтва ваша». — «Вось жа, мы прыходзім да Цябе, бо Ты — Госпад, Бог наш».

23 Сапраўды, падманныя тыя ўзгоркі і гоман на гарах. Сапраўды, у Госпадзе, Богу нашым, збаўленне Ізраэля.

24 Баал ад юнацтва нашага з’ядаў працу бацькоў нашых, дробную жывёлу іх і буйную, сыноў іх і дачок іх.

25 Будзем спаць у ганьбе нашай і пакрые нас сорам наш, бо зграшылі мы супраць Госпада, Бога нашага, мы і бацькі нашы, ад юнацтва нашага аж да гэтага дня, і не слухалі мы голасу Госпада, Бога нашага.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы