ЕРАМІІ 26 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 На пачатку валадарання Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, было такое слова ад Госпада, што казала: 2 «Гэта кажа Госпад: “Стань на панадворку дома Госпада і гавары да ўсіх гарадоў юдэйскіх, з якіх прыходзяць, каб пакланіцца ў доме Госпада, усе словы, якія Я даручыў табе казаць ім, не скарачай слова! 3 Можа, паслухаюць і адвернуцца кожны ад сваёй ліхой дарогі, і Я пашкадую аб няшчасці, якое думаю ўчыніць ім дзеля ліхоты ўчынкаў іх”. 4 І скажы ім: гэта кажа Госпад: “Калі вы не паслухаеце Мяне, каб паводзіць сябе паводле закону Майго, які Я даў вам, 5 каб слухаць словы паслугачоў Маіх, прарокаў, якіх Я пасылаў да вас, падымаючыся ноччу і накіроўваючы, а вы не слухалі, 6 Я зраблю з домам гэтым, як з Сіло, і горад гэты дам на праклён усім народам зямлі”». 7 І пачулі святары, і прарокі, ды ўвесь народ Ярэмію, што гаварыў гэтыя словы ў доме Госпада. 8 І калі Ярэмія скончыў гаварыць усё тое, што яму Госпад загадаў аб’явіць усяму народу, схапілі яго святары, і прарокі, і ўвесь народ, кажучы: «Ты мусіш памерці! 9 Чаму праракаваў ты ў імя Госпада, кажучы: “Будзе дом гэты такі ж, як Сіло, і горад гэты апусцее, і не будзе ў ім жыхара”?» І ўвесь народ сабраўся вакол Ярэміі ў доме Госпада. 10 І князі Юды пачулі гэтыя словы, і выйшлі з палаца царскага ў дом Госпада ды селі ля ўваходу Новай брамы ў доме Госпадавым. 11 Тады святары і прарокі звярнуліся да князёў ды ўсяго народа, кажучы: «Чалавек гэты заслугоўвае прысуду смерці, бо праракаваў супраць гэтага горада, як гэта чулі вы на ўласныя вушы». 12 І сказаў Ярэмія ўсім князям і ўсяму народу, кажучы: «Госпад паслаў мяне, каб праракаваў я наконт гэтага дому ды наконт гэтага горада ўсімі тымі словамі, якія вы пачулі. 13 Цяпер, вось, зрабіце добрымі свае шляхі і свае ўчынкі і слухайце голас Госпада, Бога вашага, тады пашкадуе Госпад аб няшчасці, якое прызначыў Ён на вас. 14 Я ж, вось, у вашых руках, рабіце са мной, што вам здаецца добрым і справядлівым. 15 Ведайце, аднак, і ўсвядомце, што калі мяне заб’еце, то кроў нявінную ўскладзеце на саміх сябе, на гэты горад і на яго жыхароў. Бо сапраўды паслаў мяне Госпад да вас, каб абвясціць у вушы вашы ўсе гэтыя словы». 16 Тады князі і ўвесь народ сказалі святарам і прарокам: «Гэты чалавек не заслугоўвае прысуду смерці, бо прамаўляў да нас у імя Госпада, Бога нашага». 17 І падняліся некаторыя паміж старэйшын зямлі, і сказалі ўсяму сходу народа, кажучы: 18 «Міхей з Марэсэта быў прарокам у дні Эзэкіі, цара Юдэйскага, і ён прамаўляў да ўсяго народа юдэйскага, кажучы: “Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Сіён будзе заараны, быццам поле, Ерузалім будзе заменены ў кучу камянёў, а гара святыні — у лясныя пагоркі”. 19 Ці ж пакараў яго смерцю Эзэкія, цар Юдэйскі, і ўся Юдэя? Ці ж не спалохаліся яны Госпада і ці не маліліся перад абліччам Госпада, і Госпад пашкадаваў аб няшчасці, якое прызначыў на іх? А мы чынілі вялізнае ліха супраць душ нашых!» 20 Быў таксама прарок, які праракаваў у імя Госпада, Урыя, сын Сямэі з Карыят-Ярыма. Ён праракаваў супраць гэтага горада і супраць гэтай зямлі паводле ўсіх слоў Ярэміі. 21 І пачуў цар Ёакім і ўсе магнаты ды князі яго гэтыя словы; і цар імкнуўся забіць яго; і пачуў пра гэта Урыя, і спалохаўся, і кінуўся наўцёкі, і прыйшоў у Егіпет. 22 І паслаў цар Ёакім Эльнатана, сына Ахабора, і разам з ім людзей у Егіпет. 23 І вывелі яны Урыю з Егіпта, і прывялі яго да цара Ёакіма, і той ударыў яго мечам ды кінуў труп яго ў магілу прасталюдзінаў. 24 Аднак абарона Ахікама, сына Сафана, была з Ярэміем, каб яго не аддалі ў рукі народа на смерць. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)