Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЕРАМІІ 10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Слухайце слова, якое сказаў Госпад да вас, дом Ізраэля!

2 Гэта кажа Госпад: «Не вучыцеся звычаям паганаў ды не бойцеся знакаў нябесных, якіх баяцца пагане,

3 бо законы паганаў марныя. Бо ўмельства рук майстра апрацоўвае сякерай дрэва з лесу,

4 аздабляе яго срэбрам і золатам, мацуе яго цвікамі і малатком, каб не рухалася.

5 Яны — як пудзіла на агурковішчы, не гавораць яны, іх носяць, бо яны не могуць хадзіць: не бойцеся іх, бо не могуць ані блага рабіць, ані добра».

6 Няма нікога падобнага да Цябе, Госпадзе! Магутны Ты, і вялікае імя Тваё ў магутнасці!

7 Хто не збаіцца Цябе, Валадару народаў? Табе належыцца гэта, бо між усімі мудрацамі народаў і ва ўсіх царствах іх няма нікога падобнага да Цябе!

8 Усе яны аднолькава цёмныя і неразумныя, і пустая іх навука, бо яны з дрэва.

9 Срэбраная бляха, прывезеная з Тарсіса, і золата з Уфаза, твор майстра і рук залатара, адзенне іх з блакіту і пурпуру, усё гэта — тварэнне майстроў.

10 А Госпад — Бог сапраўдны, Ён Бог жывы і Валадар вечны; ад гневу Яго задрыжыць зямля, і народы не змогуць устаяць перад пагрозаю Яго.

11 Вось так кажыце ім: «Багі, якія не стварылі неба і зямлю, прападуць з зямлі і з таго, што пад нябёсамі.

12 Ён стварыў зямлю сілай моцы Сваёй, умацаваў сусвет мудрасцю Сваёй і розумам Сваім раскінуў нябёсы.

13 Голасам Сваім Ён творыць шматлікія воды на небе ды падымае хмары ад небасхілаў зямлі, Ён ператварае маланкі ў дождж і выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.

14 Неразумным стаўся кожны чалавек ды невучоным; пасаромлены кожны майстар ідалам, бо тое, што ён выліў, — фальшывае, і няма духу ў іх.

15 Яны — марнасць, праца, смеху вартая; у час наведання свайго яны загінуць.

16 Не падобная да іх спадчына Якуба, бо Ён — Той, Хто ўфармаваў усё, а Ізраэль — пакаленне спадчыны Яго, Госпад Магуццяў — імя Яму.

17 Пазбірай з зямлі клункі свае, ты, які сядзіш у аблозе!»

18 Бо вось што кажа Госпад: «Вось, Я ў гэты раз выкіну далёка жыхароў зямлі, ды патрывожу іх так, каб адшукалі Мяне».

19 Гора мне дзеля няшчасця майго, рана мая невылечная! Але я сказаў: «Зразумела, гэта хвароба мая, і я перанясу яе».

20 Палатка мая спустошана, усе вяроўкі мае пазрываны, сыны мае адышлі ад мяне і няма іх, няма ўжо нікога, хто б ізноў расцягнуў палатку маю і хто б напяў мае палотны.

21 Бо неразумна паводзілі сябе пастыры і не шукалі Госпада, таму не пашанцавала ім, а ўвесь іх статак рассыпаўся.

22 Голас чуткі, вось, даходзіць і ўзрушэнне вялікае з зямлі паўночнай, каб змяніць гарады юдэйскія ў пустыню і ў паселішча шакалаў.

23 «Ведаю, Госпадзе, што не чалавек вызначае свой шлях, ды не ў моцы чалавека ісці і накіроўваць крокі свае.

24 Пакарай мяне, Госпадзе, але па законе ды не ў гневе Тваім, каб часам не абярнуў Ты мяне ў нішто.

25 Вылі гнеў Свой на народы, якія не прызнаюць Цябе, і на плямёны, якія не прызываюць імя Твайго, бо праглынулі яны Якуба і з’елі яго, і спустошылі выганы яго».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы