Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЕЗЭКІІЛЯ 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І ты, сын чалавечы, вазьмі сабе таблічку гліняную, і пакладзі яе перад сабою, і намалюй на ёй горад Ерузалім.

2 І пастаў на ёй аблогу супраць яго, і пабудуй вежы, і насып вал, і пастаў супраць яго лагер, і пастаў тараны кругом.

3 І вазьмі сабе патэльню жалезную, і пастаў яе на мур жалезны між сабою і горадам; і павярні твар свой да яе, і трапіць ён у аблогу, і ты акружыш яго: гэта будзе знак для дому Ізраэля.

4 І ляж на левы бок свой, і ўскладзі правіннасці дому Ізраэля на яго; столькі дзён будзеш прымаць правіннасць іх, колькі будзеш на ім ляжаць.

5 Я ж даў табе гады правіннасці іх у ліку трохсот дзевяноста дзён, і будзеш несці правіннасць дому Ізраэля.

6 І калі гэта скончыш, ляжаш тады на правы бок свой і будзеш прымаць правіннасць дому Юды сорак дзён; Я залічаю табе адзін дзень за кожны паасобны год.

7 І на аблогу Ерузаліма звернеш аблічча сваё, і хай аголенае будзе плячо тваё, ды будзеш прарочыць супраць яго.

8 Вось, Я накладаю на цябе путы, і так доўга не павернешся з аднаго боку твайго на другі, пакуль не будуць скончаны дні тваёй аблогі.

9 І вазьмі сабе пшаніцы, і ячменю, і бобу, і сачавіцы, і проса, і жытняй мукі ды ўсё ўкладзі ў адну пасудзіну і прыгатуй сабе з гэтага хлеб на столькі дзён, колькі будзеш ляжаць на сваім баку — трыста дзевяноста дзён будзеш ты есці яго.

10 А твая ежа, якую будзеш есці, будзе важыць дваццаць сікляў на дзень; раз на дзень будзеш яе есці.

11 Ваду таксама ашчадна будзеш піць: будзеш піць на дзень адну шостую гіна.

12 І будзеш гэта есці, як хлеб ячменны; і будзеш пячы гэта на вачах іх на кале чалавечым».

13 І дадаў Госпад: «Гэтак будуць есці ізраэльцы сваю нячыстую ежу сярод паганаў, да якіх Я выкіну іх».

14 І я сказаў: «О Госпадзе, Божа, вось, душа мая не апаганеная, і ад маленства свайго аж да гэтае пары не еў я ані падліны, ані раздзёртага дзікімі звярамі, і нячыстае мяса не ўвайшло ў мае вусны».

15 І Ён мне сказаў: «Вось, даю табе валовы гной замест калу чалавечага, і на ім гатуй хлеб свой».

16 І сказаў мне: «Сын чалавечы, вось, Я зламлю падпору хлеба ў Ерузаліме, так што, поўныя гора, будуць яны есці хлеб па вазе і са страхам будуць піць ваду, дакладна адмераную,

17 каб, церпячы нястачу хлеба і вады, яны з жахам глядзелі адзін на аднаго, і змарнелі ў правіннасцях сваіх.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы