ЕЗЭКІІЛЯ 38 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы: 2 «Сын чалавечы, звярні аблічча сваё супраць Гога ў зямлі Магог, вялікага князя зямлі Масок і Тубал, і праракуй супраць яго, 3 і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, Гога, вялікага князя зямлі Масок і Тубал. 4 і Я завярну цябе, і акілзаю цябе, і выведу цябе і ўсё войска тваё, коней і коннікаў, усіх цалкам апранутых, вялікую дружыну з вялікімі і малымі шчытамі, узброеных мечамі. 5 Сярод іх персы, Куш і Пут, усе ўзброеныя шчытамі і шлемамі, 6 Гамэр і ўсё яго войска, жыхары Бэт-Тагармы з далёкай Поўначы ды ўсё войска іх, і многія народы з табой. 7 Узбройвайся і будзь гатовы, ты і ўсе твае дружыны, якія кругом цябе сабраліся, і будзь Мне на варту. 8 Па многіх днях атрымаеш загад; пры канцы гадоў прыбудзеш у зямлю, якая ацалела ад меча, была яна сабрана паміж многіх народаў на гарах Ізраэля, што доўга былі пакінутымі: яна была выведзена з пасярод народаў, ды жывуць яны ўсе на ёй спакойна. 9 Ты, аднак, нахлынеш, як бура, і прыйдзеш, як хмара, каб пакрыць зямлю, — ты, і ўсё войска тваё, ды многія народы з табою”». 10 Гэта кажа Госпад Бог: «У той дзень паўстануць думкі ў тваім сэрцы і задумаеш ты надта ліхі намер, 11 і скажаш: “Нападу на зямлю неўмацаваную, пайду супраць людзей спакойных, дзе ўсе жывуць бяспечна; усе яны не маюць муроў, засавак і брам няма ў іх, 12 каб рабаваць і браць здабычу, каб руку сваю пакласці на руіны, зноў абжытыя, а таксама на народ, які сабраўся з паганаў, які набыў жывёлу і маёмасць і жыве ў сярэдзіне зямлі. 13 Саба, і Дэдан, і гандляры з Тарсіса, і ўсе яго кіраўнікі будуць казаць табе: “Ці ты прыйшоў рабаваць? Ці сабраў сваё войска, каб рабаваць, каб забіраць срэбра і золата, каб уводзіць жывёлу і маёмасць і каб набраць вялікую здабычу?”» 14 Дзеля таго праракуй, сын чалавечы, і кажы Гогу: гэта кажа Госпад Бог: “Ці не ў той дзень, калі Мой народ Ізраэльскі будзе жыць бяспечна, ты нахлынеш? 15 І ты прыйдзеш з краю свайго, з далёкай Поўначы, ты і многія народы з табой, усе на конях, вялікая дружына і магутнае войска. 16 І нахлынеш супраць Майго народа Ізраэльскага, як хмара, каб запоўніць зямлю. Гэта адбудзецца пры канцы дзён, і Я прывяду цябе ў Маю зямлю на тое, каб пазналі Мяне пагане, калі на тваім прыкладзе, о Гог, Я асвячуся перад іх вачамі”. 17 Гэта кажа Госпад Бог: “Такім чынам, ты той, аб якім у даўніх часах сказаў Я праз Сваіх паслугачоў, прарокаў Ізраэля, якія прадказвалі ў тыя дні, што прывяду цябе на іх”. 18 “І ў гэты дзень, калі Гог прыбудзе ў зямлю Ізраэля, — кажа Госпад Бог, — гнеў Мой узгарыцца ў абурэнні Маім. 19 Ды ў руплівасці Маёй, у полымі гневу Майго Я кажу гэта: у гэты дзень прыйдзе вялікі землятрус на зямлю Ізраэля, 20 і перада Мной будуць дрыжаць рыбы марскія і птушкі ў паветры, і звяры палявыя, і ўсякі паўзун, які рухаецца па зямлі, ды ўсе людзі, якія на паверхні зямлі; і горы палопаюцца, і скалы заваляцца, і ўсе муры ўпадуць на зямлю”. 21 “І паклічу супраць яго меч ва ўсіх гарах Маіх, — кажа Госпад Бог, — меч кожнага звернецца супраць брата. 22 І буду судзіць яго пошасцю, і крывёй, і праліўным дажджом, і градам, як камяні; агонь і маланку спашлю на яго, і на яго войска, і на многія народы, якія з ім, 23 і ўзвялічу Сябе, і асвячуся, і стану вядомым перад вачамі многіх народаў, і даведаюцца яны, што Я — Госпад”. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)