ЕЗЭКІІЛЯ 31 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І ў адзінаццатым годзе, у трэцім месяцы, у першы дзень месяца прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: 2 «Сын чалавечы, скажы фараону, цару Егіпецкаму, ды ўсяму мноству яго: “Да каго падобным стаў ты ў сваёй вялікасці? 3 Вось, Асур, як кедр у Лібане, прыгожы галінамі, і густы лісцем, і гонкі вышынёю, і між хмар паднялася яго верхаліна; 4 воды вырасцілі яго, бяздонне ўзняло яго, рэчкі яго абцякалі кругом яго карані, ды ручаіны свае накіраваў да ўсіх дрэў палявых. 5 Таму вышынёй перарос ён усе дрэвы палявыя, і павялічыліся яго галіны, і паднялося галлё яго дзеля мноства вады. 6 І калі пашырыў ён цень свой, на галінах яго парабілі гнёзды ўсе птушкі паднебныя, і пад яго галінамі нарадзіліся ўсе звяры палявыя, і ў засені яго жыло ўсё мноства народаў. 7 І быў ён вельмі прыгожы ў сваёй вялікасці і ў раскідзістасці галін сваіх, бо корань яго быў блізка да шчодрых водаў. 8 Кедры ў раі Бога не былі роўныя яму; елкі не маглі параўнацца з галінамі яго, і платаны не маглі параўнацца з галінамі яго; ніводнае дрэва ў раі Бога не было падобным да яго і прыгажосці яго. 9 Я аздобіў яго багаццем і шчодрасцю зелені, і зайздросцілі яму ўсе дрэвы Эдэна, якія былі ў раі Бога”. 10 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што ён так высока вырас, і верхавіну сваю падняў аж да хмар, і сэрца яго ўбілася ў пыху з прычыны сваёй вялікасці, 11 дзеля таго Я аддам яго ў рукі магутнага кіраўніка народаў, каб, учыняючы, учыніў яму: адпаведна яго бязбожнасці знішчыў Я яго. 12 І чужынцы, найгоршыя з народаў, ссякуць яго; і кінуць яго на горы, і на ўсе лагчыны пападаюць яго галіны, і дрэвы яго паламаюцца ва ўсіх ямах зямлі, і з-пад засені яго паадступаюцца ўсе народы зямлі і пакінуць яго. 13 На руінах яго будуць жыць усе птушкі паднебныя і між яго галінамі — усе звяры палявыя, 14 каб ніводнае дрэва над водамі не падымалася ў вышыні сваёй і не падымала сваёй верхавіны пад хмары, і каб нішто, што бярэ сваю моц з вады, не стаяла ля іх у сваёй вышыні, бо ўсе яны аддадзены смерці ў краіне падземнай, сярод людзей, сярод тых, хто сыходзіць у магілу”. 15 Гэта кажа Госпад Бог: “У дзень, у які ён сышоў да памерлых, учыніў Я стагнанне, зачыніў над ім бездань, і стрымаў рэкі яго, і затрымаў воды вялікія; дзеля яго Я засмуціў Лібан ды ўсе палявыя дрэвы былі ўстрывожаны. 16 Грукатам яго падзення Я ўстрывожыў народы, калі ўвёў яго ў пекла з тымі, што сыходзілі ў магілу; і ўсцешыліся ў падземнай краіне ўсе дрэвы Эдэнскія, прыгожыя і пышныя дрэвы Лібана, усе, што шчодра арашаюцца водамі. 17 Бо і яны сышлі з ім у апраметную да забітых мечам і паплечнікаў яго, што сядзелі ў засені яго між народамі. 18 Да якога дрэва Эдэнскага падобны ты, слаўны і высокі? І вось, кінуты ты з дрэвамі Эдэнскімі ў краіну падземную; між неабрэзаных ляжыш, з тымі, што загінулі ад меча. Гэта фараон і ўсё мноства яго,” — кажа Госпад Бог». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)