ЕЗЭКІІЛЯ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, з’еж усё, што атрымаеш, з’еж гэты скрутак і ідзі прамаўляць да ізраэльцаў». 2 І адкрыў я вусны свае, і Ён даў мне з’есці той скрутак, 3 кажучы мне: «Сын чалавечы, хай чэрава тваё наесца, і хай напоўніцца нутро тваё гэтым скруткам, які Я табе даю». Ды я з’еў яго, і стаў ён у вуснах маіх салодкі, як мёд. 4 І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, ідзі да дому Ізраэля і гавары ім словамі Маімі. 5 Бо пасланы ты не да народа з цяжкай і незразумелай мовай, якіх не мог бы ты зразумець, але да дому Ізраэля; 6 і не да многіх народаў з незразумелай і невядомай мовай, размоў якіх не можаш ты зразумець; і каб да тых ты быў пасланы, яны слухалі б цябе. 7 Аднак дом Ізраэля не захоча цябе слухаць, бо Мяне не хочуць слухаць; бо ўвесь дом Ізраэля мае цвёрды лоб і закамянелае сэрца. 8 Вось, даў я табе твар дужэйшы, чым іх твары, і чало тваё цвярдзейшае, чым чало іх; 9 даў я табе твар, як дыямент, і цвярдзейшы за крэмень, не бойся іх і не палохайся твару іх, бо яны — упорысты народ». 10 І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, усе словы Мае, якія сказаў Я табе, вазьмі ў сэрца сваё і слухай вушамі сваімі. 11 Ды ідзі ўвайдзі да перасяленцаў, да дзяцей народа твайго, і прамаўляй да іх, і кажы ім: “Гэта кажа Госпад Бог”, — ці будуць слухаць, ці пагардзяць». 12 І схапіў мяне дух, і пачуў я за сабой водгук страсення вялікага, калі слава Госпада падымалася з месца, на якім прабывала; 13 і пачуў я гук крылаў істот жывых, якія біліся адно аб адно, і водгук колаў, якія каціліся за жывымі істотамі, і водгук страсення вялікага. 14 А дух падняў мяне і забраў мяне; і пайшоў я, раздражнёны, у абурэнні духу майго: бо цяжкая рука Госпада супачывала на мне. 15 І прыйшоў я да перасяленцаў у Тэль-Абіб, да тых, якія пражывалі над ракою Кэбар, і сеў, дзе яны сядзелі, і застаўся там, уражаны, на сем дзён між імі. 16 А калі мінула сем дзён, прамовіў да мяне Госпад, кажучы: 17 «Сын чалавечы, Я паставіў цябе вартаўніком над пакаленнямі Ізраэля; і пачуеш ты слова з вуснаў Маіх, і папярэдзіш іх у Маё імя. 18 Калі Я скажу бязбожніку: “Смерцю памрэш”, а ты яго не перасцеражэш і не прамовіш да яго, каб адвесці яго ад яго бязбожнай дарогі і захаваць яму жыццё, бязбожнік той памрэ з прычыны правіннасці сваёй, а Я цябе зраблю адказным за яго кроў. 19 Калі ж перасцеражэш бязбожніка і ён не адвернецца ад сваёй дарогі ліхой, то памрэ ён менавіта ў злачыннасці сваёй, а ты вызваліш душу сваю. 20 Але калі і справядлівы адступіцца ад сваёй справядлівасці, дапусціцца злачыннасці, то Я перашкоджу яму; ён памрэ, бо ты не перасцярог яго: ён памрэ ў сваім граху; справядлівасць, якую ён рабіў, не будзе яму залічана; цябе, аднак, зраблю адказным за яго кроў. 21 Калі, аднак, перасцеражэш справядлівага, каб справядлівы не грашыў, і калі ён не дапусціцца граху, то, напэўна, застанецца пры жыцці, бо перасцярог ты яго і вызваліў сваю душу». 22 І супачыла на мне рука Госпада, і Ён сказаў мне: «Устань, ідзі на поле, і там Я буду з табою гаварыць». 23 Ды я ўстаў і пайшоў на поле, і вось, там была слава Госпада, такая, як слава, якую я ўбачыў над ракою Кэбар; і я ўпаў на твар свой. 24 Увайшоў у мяне дух, і паставіў мяне на ногі мае; і размаўляў Ён са мною, кажучы мне: «Ідзі і зачыніся ў сваім доме. 25 І ты, сын чалавечы, вось, будуць ускладзены на цябе вяроўкі і ты будзеш звязаны імі так, што не зможаш пайсці ў іх; 26 і Я зраблю, што язык твой прыстане да паднябення твайго, і будзеш ты нямы, і як быццам не будзеш іх больш дакараць, бо яны народ упорысты. 27 Калі ж Я буду гаварыць да цябе, адкрыю табе вусны і скажаш ім: “Гэта кажа Госпад Бог” Хто хоча слухаць, хай слухае, а хто пагарджае, той хай пагарджае, бо гэта народ упорысты. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)