Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЕЗЭКІІЛЯ 26 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І сталася: адзінаццатага года, у першы дзень месяца прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:

2 «Сын чалавечы, дзеля таго што Тыр сказаў Ерузаліму: “Ага”, была разбітая брама народаў; яна звярнулася да мяне, яна была багатая, а зараз спустошаная,

3 таму вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, Тыр, і зраблю, што пойдуць супраць цябе народы шматлікія, як накатвае мора хвалямі;

4 разваляць муры Тыра, і вывернуць яго вежы, і Я вымету з яго пыл яго ды зраблю з яго найчысцейшую скалу.

5 Ён стане на моры месцам сушэння сетак, бо Я сказаў — кажа Госпад, — і будзе ён на рабунак народам.

6 Таксама дочкі яго, што жывуць на зямлі, загінуць ад меча, і даведаюцца, што Я — Госпад”.

7 Вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я навяду на Тыр Набукаданосара, цара Бабілона, з поўначы, цара цароў з конямі, і калясніцамі, і вершнікамі, і з войскам, і з мноствам народа.

8 Дачок тваіх, якія жывуць на зямлі, заб’е ён мечам, ды акружыць цябе ўмацаваннямі, і паставіць вакол вал, і шчыт паставіць супраць цябе,

9 асадныя павеці з таранамі наставіць супраць тваіх муроў і разваліць твае вежы зброяй сваёю.

10 Ад многіх коней яго пакрые цябе іх пыл, ад грукату яго коннікаў, і колаў, і калясніц дрыжаць будуць твае муры, калі ўваходзіць будзе ў брамы твае, як пры ўваходзе ў здабыты горад.

11 Капытамі сваіх коней будзе таптаць ён усе вуліцы твае, народ твой мечам пазабівае, і наймагутнейшыя твае калоны паваляцца на зямлю.

12 Будуць знішчаны багацці твае, парабаваны будуць тавары твае, і разваляць яны муры твае, і дамы твае багатыя разбураць, і камяні твае, і дрэвы твае, і пыл твой кінуць у сярэдзіну водаў.

13 І спыню Я голас тваіх песняў, і гук цытраў тваіх не будзе чутны,

14 і зраблю Я з цябе найчысцейшую скалу; будзеш ты месцам сушэння сетак і не адбудуешся больш, бо Я сказаў гэта”, — кажа Госпад Бог.

15 Вось што кажа Госпад Бог Тыру: “Ці ад гуку знішчэння твайго і стогнаў тваіх забітых, калі знішчаны будуць яны сярод цябе, не задрыжаць астравы?

16 І ўсе князі мора сыдуць з пасадаў сваіх, і скінуць плашчы свае, здымуць шаты свае разнастайныя і апрануцца ў страх, сядуць на зямлі і, ашаломленыя, будуць дрыжаць без перапынку і трэсціся будуць з-за цябе.

17 І яны будуць галасіць дзеля цябе ды скажуць табе: “О, як жа ты прапаў, морам заліты, слаўны горад, які быў волатам на моры, ты з тваімі жыхарамі, якіх баяліся ўсе!”

18 Цяпер будуць дрыжаць караблі ў дзень тваёй загубы, і астравы на моры ўстрывожацца з-за твайго канца”.

19 Вось так кажа Госпад Бог: “Калі Я зраблю цябе горадам спустошаным, як гарады, у якіх ніхто не жыве, і калі навяду на цябе вялікую бездань, і воды вялікія цябе накрыюць,

20 сцягну цябе з тымі, хто сыходзіць у магілу, да людзей даўніх часоў, і памяшчу цябе ў глыбінях зямлі, як руіны, навечна, з тымі, якія сыходзяць у магілу, так, каб больш не жыў ты ды больш не паўстаў у зямлі жывых.

21 Я ператвару цябе ў нікчэмнасць, і ты перастанеш існаваць, і будуць шукаць цябе, і ніколі не знойдуць навек”, — кажа Госпад Бог».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы