Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЕЗЭКІІЛЯ 24 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І сталася: на дзевяты год, у дзесяты месяц, дзесятага дня таго месяца прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:

2 «Сын чалавечы, напішы сабе дату сённяшнюю, калі цар Бабілона акурат у гэты дзень напаў на Ерузалім.

3 І раскажы за прыказку гэтаму бунтаўнічаму народу прыпавесць, і скажы яму: гэта кажа Госпад Бог: “Прыстаў кацёл да агню; прыстаў і налі ў яго вады.

4 Кінь у яго кавалкі мяса, усе лепшыя кавалкі: кумпяк і лапатку, напоўні яго найлепшымі косткамі,

5 выберы на гэта найлепшы статак. Падкладзі таксама бярэмя дроў пад яго; хай кавалкі мяса ў ім закіпяць, і хай косткі яго ў ім разварацца”.

6 Акрамя таго, гэта кажа Госпад Бог: “Гора гораду крываваму, катлу, іржа якога на ім, і ржа яго не сыходзіць з яго. Павыкідай з яго кавалак за кавалкам яго, і жэрабя на яго не выпадзе.

7 Бо кроў, якую ён праліў, ёсць у ім, ён праліў яе на найчысцейшай скале; не праліў яе на зямлю, каб магла яна пакрыцца пылам;

8 каб распаліць гнеў Мой і адпомсціць помстаю, Я разліў яго кроў на найчысцейшай скале, каб не была яна прыкрыта”.

9 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Гора гораду крываваму, з якога Я раскладу вялікае вогнішча.

10 Назбірай дроў, распалі агонь, звары мяса аж да гатоўнасці і вылі поліўку, і хай косткі згараць.

11 Пастаў таксама гэты кацёл пусты на вугалі, каб напалілася медзь яго і загарэлася, і каб унутры яго растапілася яго нячыстасць ды каб знікла ржа яго.

12 Зроблена гэта з вялікай цяжкасцю, і тоўсты слой іржы яго не сыдзе з яго нават у агні”.

13 Нячыстасць твая — жахлівая, бо Я захацеў ачысціць цябе, і ты не ачысціўся ад бруду твайго; але не будзеш ачышчаны, пакуль не супакою Я гнеў Мой супраць цябе.

14 Я, Госпад, вырашыў: “Слова Маё споўніцца, і Я выканаю яго: не буду мець літасці, ані пашкадую, ані памілую. Асуджу цябе паводле тваіх паводзін і паводле тваіх ліхіх учынкаў”, — кажа Госпад».

15 І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

16 «Сын чалавечы, вось, забіраю ад цябе ў пакуце радасць вачэй тваіх, і не галасі, і не плач, і хай не цякуць твае слёзы.

17 Уздыхай маўчком, не бяры жалобы па памерлым, завяжы турбан свой вакол галавы, і абуй абутак твой на ногі свае, і не закрывай вусны барадою, і не еж хлеба жалобы».

18 І сказаў я да народа свайго раніцаю, і ўвечары памерла жонка мая; і зрабіў я назаўтра так, як мне загадана.

19 І народ казаў мне: «Ці не вытлумачыш нам, што значыць для нас тое, што робіш?»

20 І сказаў я ім: «Прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:

21 “Скажы дому Ізраэля: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я апаганю маю святыню, гонар моцы вашай, і радасць вачэй вашых, і тугу душы вашай. Сыны вашы і дочкі вашы, якіх вы пакінулі, ад меча загінуць.

22 І вы так зробіце, як я зрабіў: вусны не будзеце закрываць барадою і не будзеце есці хлеба жалобы,

23 будзеце мець турбаны на галовах вашых і абутак на нагах, не будзеце наракаць, ані плакаць, а будзеце сохнуць дзеля злачыннасцей вашых ды будзеце стагнаць кожны перад братам сваім.

24 І Эзэкіэль будзе вам знакам: усё, што ён зрабіў, будзеце і вы рабіць, калі гэта надыдзе, і даведаецеся, што Я — Госпад Бог”.

25 І ты, сын чалавечы, вось, у дзень, у які Я вазьму ад іх сілу іх, і радасць велічы, і раскошу вачэй іх, і тугу душ іх, сыноў і дачок іх;

26 у той дзень, калі прыйдзе да цябе ўцякач, каб паведаміць тваім вушам,

27 у той дзень, — кажу, — адкрыюцца вусны твае перад уцекачом; і ты будзеш казаць і не будзеш больш маўчаць, і ты будзеш для іх знакам, і даведаюцца, што Я — Госпад”».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы