ЕЗЭКІІЛЯ 22 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І сказаў Госпад да мяне гэтыя словы: 2 «І ты, сын чалавечы, ці хочаш судзіць? Ці хочаш выдаць прысуд крываваму гораду? І пакажы яму ўсе агіднасці яго, 3 і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “О горад, што пралівае ўласную кроў, каб гэтым наблізіць час свой, і што паставіў у сябе ідалаў, каб апаганіцца. 4 Сваёй крывёю, што ты праліў, ты правініўся; і ідаламі сваімі, якіх паставіў, ты апаганіўся; і ты наблізіў дні свае і дайшоў да часу сваіх гадоў. Таму Я зраблю цябе ганьбай перад народамі ды пасмяяннем на віду ўсіх земляў. 5 Суседзі і тыя, што жывуць далёка ад цябе, будуць смяяцца з цябе, горада, слаўнага нячыстасцю, поўнага звадак. 6 Вось, кіраўнікі Ізраэля, кожны сваім чынам, у цябе пралівае кроў. 7 У цябе бацька і маці ў знявазе, у цябе пакрыўджаны чужынец, у цябе ў прыгнёце сірата і ўдава. 8 Святыні Мае ты зняважыў і зняславіў суботы Мае. 9 У цябе былі паклёпнікі, каб праліваць кроў, і ў цябе елі яны на ўзгорках; і пасярод цябе дапусціліся злачынстваў. 10 Сорам бацькі адкрылі ў цябе, у цябе зняважылі жанчыну ў пару нячыстасці яе; 11 і адзін дапусціўся агіднасці з жонкаю блізкага свайго, і другі апаганіўся распустай з нявесткай сваёй; брат згвалтаваў сястру сваю, дачку бацькі свайго, у цябе. 12 У цябе прынялі падарункі, каб праліваць кроў, ты ўзяў працэнты і займаешся ліхвярствам, і дзеля карысці ўзвёў паклёп на блізкіх сваіх, і пра Мяне забыўся”, — кажа Госпад Бог. 13 “Вось, Я ўдарыў у далоні Мае дзеля набытку несправядлівага твайго, які ты сабраў, ды з прычыны крыві, якая ў цябе пралілася. 14 Ці вытрымае тваё сэрца або ці будуць рукі твае настолькі дужыя ў тыя дні, калі Я вазьмуся за цябе? Я, Госпад, сказаў гэта і зраблю; 15 і рассыплю цябе паміж народамі чужымі, і расцярушу цябе па чужых землях, і прыму з цябе тваю нячыстасць. 16 І Я вазьму цябе як уласнасць на вачах паганаў, і ты даведаешся, што Я — Госпад”». 17 І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: 18 «Сын чалавечы, дом Ізраэля стаў для Мяне, як жужаль; усе яны — медзь, і срэбра, і жалеза, і свінец у печы; сталі яны жужалем». 19 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: «За тое, што ўсе вы сталі жужалем, вось за гэта Я збяру вас у сярэдзіне Ерузаліма, 20 падобна як кладзецца разам у печы срэбра, і медзь, і жалеза, і свінец, і волава, каб распаліць у ёй агонь і расплавіць іх, так і вас Я збяру ў абурэнні Маім і лютасці Маёй, і пакладу вас і растаплю, 21 і збяру вас, і распалю супраць вас агонь абурэння Майго, і вы будзеце растопленыя ў сярэдзіне яго. 22 Падобна, як срэбра плавіцца ў сярэдзіне печы, так і вы будзеце расплаўленыя ў сярэдзіне яго: і даведаецеся, што Я, Госпад, выліў на вас гнеў Свой». 23 І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: 24 «Сын чалавечы, скажы яму: “Ты — зямля, на якую не ўпаў дождж, ані лівень у дзень абурэння, 25 князі якой у яе сярэдзіне, як ільвы рыкаючыя, што расхапілі здабычу; яны пажралі душы, сабралі багацці і каштоўнасці, павялічылі лік удоў яе сярод яе. 26 Святары яе парушылі законы Мае і апаганілі Мае святыні, не адрознівалі яны паміж святым і неасвячоным, і не навучыліся адрозніваць чыстае і нячыстае, і на суботы Мае закрылі вочы свае, і сярод іх Я меў знявагу. 27 Князі яе сярод яе, як ваўкі, што раздзіраюць здабычу; яны разліваюць кроў, забіваюць людзей, каб атрымаць карысць несправядлівую. 28 А прарокі яе пакрылі для іх усё тынкам, абвяшчаючы прадказанні падманныя і абвяшчаючы ім прароцтвы фальшывыя, кажучы: “Гэта кажа Госпад Бог”, калі Госпад не гаварыў. 29 Людзі гэтае зямлі чынілі гвалт і рабунак; крыўдзілі ўбогага і беднага, і беззаконна здзекаваліся з чужынца. 30 І шукаў Я паміж іх чалавека, які паставіў бы мур і стаў бы ў праломе перада Мною, каб бараніць гэтую зямлю і перашкодзіць Мне ў знішчэнні яе, але не знайшоў такога. 31 І выліў Я на іх гнеў Мой, у агні Майго абурэння вынішчыў іх, на галовы іх скінуў віну за іх учынкі”, — кажа Госпад Бог». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)