ЕЗЭКІІЛЯ 19 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І ты галасі над князямі Ізраэля, 2 і скажы: “Якой жа львіцай між ільвамі была твая маці? Яна ляжала паміж ільвянятамі, сваіх малых гадавала. 3 І выгадавала адно з ільвянятак сваіх; і стаў ён ільвом, і навучыўся хапаць здабычу, і пажыраў людзей. 4 І супраць яго склікалі народы, патрапіў ён у іх яму; і павялі яго на ланцугу ў зямлю Егіпецкую. 5 Калі ўбачыла яна, што дарма чакае і што прапала надзея яе, узяла іншага з ільвянятак сваіх, выгадавала яго львом. 6 Бегаў ён між ільвамі, стаў ільвом, і навучыўся хапаць здабычу, і пажыраў людзей; 7 і нападаў ён на іх палацы, і нішчыў гарады іх. І аслупянела зямля і ўсё насельніцтва яе ад голасу рыку яго. 8 Ды сабраліся супраць яго народы адусюль з наваколляў, і расцягнулі на яго сетку сваю, і патрапіў ён у іх яму. 9 І на ланцугу запхнулі яго ў клетку, і завялі яго да цара Бабілона; той замкнуў яго ў вязніцы, каб не чуўся больш голас яго на гарах ізраэльскіх. 10 Маці твая падобная да вінаграду, пасаджанага над вадою. Выраслі плады яго і галіны яго дзеля мнагаводдзя; 11 і пусціў ён моцныя галіны, прыдатныя на скіпетры царскія, і ўзвысіўся ён аж да хмар у вышыні сваёй, і з’явіўся ў мностве лістоты сваёй. 12 І ў гневе вырваны быў ён і кінуты на зямлю, і вецер гарачы высушыў плады яго; была паламана і ссушана галіна моцы яго, агонь з’еў яе. 13 І цяпер перасаджаная яна ў пустыню, на зямлю бязлюдную і сухую. 14 І выбіўся агонь з галіны яго, і плады яго з’еў; і не было ўжо ў яго галін дужых, скіпетра валадарання. Вось жальба, і будзе яна галашэннем”». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)