ДРУГІ ЗАКОН 34 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Дык Майсей з раўніны Мааба ўзышоў на гару Нэба, на вяршыню Пісгі насупраць Ерыхона. І паказаў яму Госпад усю зямлю Галаад аж да Дана, 2 і ўсю зямлю Нэфталі, зямлю Эфраіма і Манасы, ды ўсю зямлю Юды аж па заходняе мора, 3 Нагэб і абшар раўніны Ерыхона, горада Пальмаў, аж да Сэгора. 4 І сказаў Госпад яму: «Гэта ёсць тая зямля, якою Я прысягнуў Абрагаму, Ізааку і Якубу, кажучы: “Я дам яе нашчадкам тваім”. Бачыў ты яе вачамі сваімі, але не ўвойдзеш у яе». 5 Там, у зямлі Мааба, з волі Госпада памёр Майсей, паслугач Божы. 6 І пахавалі яго ў даліне ў зямлі Мааба насупраць Бэт-Пэгора. І ніхто з людзей не ведае магілы яго па сённяшні дзень. 7 Майсей меў сто дваццаць гадоў, калі памёр, але вочы яго не прыцміліся і не змарнела сіла яго. 8 Плакалі па ім сыны Ізраэля трыццаць дзён на раўніне Мааба. Пасля скончыліся дні жалобы па Майсею. 9 Ешуа, сын Нуна, быў поўны духам мудрасці, бо Майсей усклаў на яго рукі свае; і слухалі яго сыны Ізраэля, і рабілі ўсё, як загадаў Госпад Майсею. 10 І не паўстаў больш у Ізраэлі прарок такі, як Майсей, якога ведаў бы Госпад тварам у твар, 11 па ўсіх знаках і цудах, з якімі паслаў Ён яго, каб учыніў у зямлі Егіпецкай перад фараонам і перад усімі паслугачамі яго і перад усёй зямлёй яго, 12 ды па ўсёй руцэ магутнай і па ўсіх дзівосах, якія ўчыніў Майсей на вачах усяго Ізраэля. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)