ДРУГІ ЗАКОН 33 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Вось гэта дабраславенне, якім дабраславіў Майсей, чалавек Божы, сыноў Ізраэля перад сваёй смерцю. 2 І ён сказаў: «Госпад прыйшоў з Сіная і з Сэіра з’явіўся ім; з’явіўся з гары Паран і прыбыў у Мэрыбу каля Кадэса, з Яго правіцы агонь палае. 3 Сапраўды, Ён любіць народы, усе святыя Яго ў руцэ Яго, і тыя, якія туляцца да ног Тваіх, слухаюцца навукі Тваёй». 4 Закон даў нам Майсей, спадчыну супольнасці Якуба. 5 І быў выбраны ў Ізраэлі цар на сходзе князёў народа разам з пакаленнямі Ізраэля. 6 «Хай жыве Рубэн і хай не ўмірае, хоць ён невялікі лікам». 7 Гэткае дабраславенне для Юды: «Выслухай, Госпадзе, голас Юды і прывядзі яго да народа свайго. Рукі яго ваяваць будуць за яго, а Ты Успаможца яго будзеш». 8 Пра Леві таксама сказаў: «Твае тумім і урым дай чалавеку святому Твайму, якога выпрабаваў Ты ў Масе і з якім спрачаўся ля водаў Мэрыбы. 9 Ён пра бацьку свайго і маці сваю сказаў: “Не ведаю вас”. І не ведае братоў сваіх, і дзяцей сваіх не ведае. Так берагуць яны словы Твае і запавет Твой захоўваюць. 10 Будуць вучыць яны пастановам Тваім Якуба і закону Твайму Ізраэля; і будуць паліць кадзіла для ноздраў Тваіх і цэласпаленні на ахвярніку Тваім. 11 Дабраславі, Госпадзе, моц яго ды прымі творы рук яго. Стаўчы сцёгны непрыяцелям яго, і тыя, што зненавідзелі яго, хай не падымуцца». 12 Пра Бэньяміна сказаў: «Улюбёны Госпадам будзе пражываць упэўнена з Ім, Узвышні будзе апекавацца над ім увесь дзень, і супачыне ён на руках Яго». 13 Пра Язэпа таксама сказаў: «Дабраславёна Госпадам зямля яго: дарамі неба, расою, ды тым, што ў бездані падзямельнай, 14 пладамі сонца і дарамі месяцаў, 15 багаццем гор адвечных і дарамі ўзгоркаў векавых, 16 пладамі зямлі і багаццем яе. Дабраславенне Таго, Хто аб’явіўся ў кусце, сплывуць на галаву Язэпа і на галаву пасвячонага пасярод братоў сваіх. 17 Прыгажосць яго — як першароднага быка, і рогі яго — рогі адзінарога, імі забадзе народы аж да канца зямлі. Такая шматлікасць Эфраіма, і такія тысячы Манасы». 18 Пра Забулона сказаў: «Цешся, Забулон, у выхадзе тваім, а ты, Ісахар, у палатках тваіх! 19 Паклічуць народы на гару, там будуць складаць ахвяры справядлівасці. Яны будуць спажываць шчодрасць мора, быццам малако, і багацці, схаваныя ў пяску». 20 Пра Гада вось што сказаў: «Дабраславёны, хто пашырае Гада! Як леў, ён адпачывае, разрывае ён плячо і галаву. 21 І ён бачыць пачаткі для сябе, бо там была змешчана частка правадыра, і быў ён з князямі народа, і рабіў справядліва перад Госпадам, і прысуды Яго разам з Ізраэлем». 22 Пра Дана гэтак сказаў: «Дан — ільвянятка, якое выскоквае часта з Басана». 23 Пра Нэфталі сказаў: «Нэфталі перапоўнены спагаднасцю і поўны будзе дабраславенне Госпадавага; завалодае морам і поўднем». 24 Пра Асэра вось што сказаў: «Дабраславёны Асэр між сынамі! Ён будзе падабацца братам сваім і будзе мачыць у алеі нагу сваю. 25 Жалеза і медзь — засаўкі твае, як дні твае — сіла твая. 26 Няма другога такога, як Бог Ешуруна, Які ідзе па небе на дапамогу табе ды ў славе сваёй па воблаках. 27 Прыбежышча — Бог адвечны, абарона — рукі вечныя. Ён выганіць перад табою ворага і скажа: “Знішчы”». 28 Ізраэль будзе жыць бяспечна, вочы Якуба бачаць перад сабою зямлю, багатую хлебам і віном, і нябёсы яго сыплюць расу. 29 Шчаслівы ты, Ізраэль, хто ж падобны табе? Народ, зберагаемы Госпадам, Ён — шчыт абароны тваёй і меч славы тваёй. Ворагі твае скараюцца перад табой, і ты будзеш таптаць іх каркі. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)