ДРУГІ ЗАКОН 28 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Дык калі будзеш ты слухаць голас Госпада, Бога твайго, каб спаўняць і берагчы ўсе загады Яго, якія я загадваю табе сёння, то Госпад, Бог твой, зробіць цябе вышэйшым за ўсе народы, якія пражываюць на зямлі, 2 і сыдуць на цябе ўсе гэтыя дабраславенні, і споўняцца на табе, калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго. 3 Дабраславёны ты ў горадзе і дабраславёны ў полі. 4 Дабраславёны плод улоння твайго, і плод зямлі тваёй, і прыплод жывёлы тваёй, і прыплод валоў тваіх, і прырост авечак тваіх. 5 Дабраславёны кош твой і жорны твае. 6 Дабраславёны ты пры ўваходзе і дабраславёны пры выхадзе. 7 Дасць Госпад, што ворагі твае, якія паўстаюць супраць цябе, будуць пабітыя перад абліччам тваім. Адной дарогай яны пойдуць супраць цябе, а сямю шляхамі ўцякуць ад аблічча твайго. 8 Спашле Госпад дабраславенне на свірны твае і на ўсякую працу рук тваіх; і будзе дабраслаўляць цябе зямля, якую дасць табе Госпад, Бог твой. 9 І паставіць цябе Госпад перад Сабою як народ святы, як прысягнуў табе, калі будзеш берагчы прыказанні Госпада, Бога твайго, і хадзіць дарогамі Яго. 10 І ўбачаць усе народы земляў, што імя Госпада прызывана на табе, і будуць баяцца цябе. 11 І дасць табе Госпад дастатак ва ўсіх даброццях; і плод улонню твайму, і прыплод жывёле тваёй, плён зямлі тваёй, якою прысягнуў Госпад бацькам тваім, што дасць табе. 12 Адкрые табе Госпад скарб Свой найдаражэйшы, неба, каб даць у свой час дажджы зямлі тваёй і дабраславіць усе справы рук тваіх; і будзеш ты пазычаць многім народам, а сам ні ад каго не возьмеш пазыкі. 13 І зробіць цябе Госпад галавою, а не хвастом, і будзеш ты заўсёды наверсе, а не ўнізе, калі будзеш слухаць прыказанні Госпада, Бога твайго, якія сёння я загадваю табе, а ты захоўвай і спаўняй, 14 і не адступай ад слоў, якія я загадваю вам сёння, ані ўправа, ані ўлева, і не ідзі за багамі чужымі, і не пакланяйся ім. 15 А калі не захочаш слухаць голас Госпада, Бога твайго, каб берагчы і выконваць усе прыказанні Яго і загады, якія я сёння загадваю табе, то прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і апануюць цябе. 16 Пракляты ты ў горадзе і пракляты на полі. 17 Пракляты кош твой і жорны твае. 18 Пракляты плод улоння твайго, і плён зямлі тваёй, і прыплод жывёлы тваёй, і прырост авечак тваіх. 19 Пракляты ты пры ўваходзе і пры выхадзе. 20 Пакарае цябе Госпад праклёнам, і трывогай, і няшчасцем ва ўсіх працах тваіх, што будзеш рабіць, пакуль не знішчыць цябе і не пагубіць хутка дзеля найгоршых задумак тваіх, дзеля якіх пакінуў ты Мяне. 21 Прычэпіць да цябе Госпад пошасць, пакуль не выкараніць цябе з зямлі, у якую ты ўвойдзеш, каб атрымаць ва ўласнасць. 22 Дакранецца да цябе Госпад сухотамі і гарачкаю, трасцай, спякотаю, засухаю, палючым ветрам, іржою, і яны будуць пераследаваць цябе, пакуль ты не загінеш. 23 І неба, якое над галавой тваёй, зробіцца медным, а зямля, па якой крочыш, — жалезнай. 24 Зменіць Госпад дождж на зямлі тваёй у пыл, а з неба будзе падаць на цябе попел, пакуль ты не будзеш знішчаны. 25 І аддасць цябе Госпад на паразу перад ворагам тваім; адной дарогай будзеш ісці на іх, а сямю дарогамі будзеце вы ўцякаць, і станеш ты страхоццем для ўсіх царстваў зямлі. 26 Труп твой будзе пажываю ўсім птушкам нябесным і звярам зямным, і ніхто не будзе адганяць іх. 27 Дакранецца да цябе Госпад праказай егіпецкай і балячкамі, а таксама каростаю і скуламі, і не зможаш вылечыць іх. 28 Пакарае цябе Госпад вар’яцтвам, і слепатою, і неспакоем сэрца. 29 У поўдзень будзеш хадзіць навобмацак, як сляпы звычайна навобмацак ходзіць у поцемках, і не выпрастаеш шляхоў сваіх. Увесь час будзеш прыгнечаны і рабаваны, і не будзеш мець таго, хто б вызваліў цябе. 30 Заручышся з жонкай, а другі будзе спаць з ёй. Будзеш будаваць дом, але не будзеш жыць у ім, пасадзіш вінаграднік, але не збярэш пладоў яго. 31 Вол твой будзе забіты на вачах у цябе, і не пакаштуеш яго. Асёл твой будзе забраны перад абліччам тваім і не вернецца да цябе; авечкі твае будуць аддадзены ворагам тваім, і не будзе каму дапамагчы табе. 32 Сыны твае і дочкі твае будуць аддадзены іншаму народу на вачах тваіх, і ўвесь дзень будзеш, плачучы, выглядаць іх дарма, і не будзе сілы ў руках тваіх. 33 Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю з’есць народ, якога не ведаеш, і будзеш ты заўсёды прыгнечаны і разбіты ва ўсіх днях. 34 І звар’яцееш, бачачы тое, што пабачаць вочы твае. 35 Дакранецца да цябе Госпад балючымі нарывамі на каленях і нагах, і не зможаш вылечыцца ад стопаў ног аж да макушкі тваёй. 36 Цябе і цара твайго, якога паставіш над сабою, завядзе Госпад да народа, якога не ведаў ты і бацькі твае, і будзеш служыць там багам чужым, дрэву і каменю, 37 і будзеш страхоццем, і прыказкай, і пасмяяннем для ўсіх народаў, да якіх завядзе цябе Госпад. 38 Насення многа кінеш у зямлю, а збярэш мала, бо саранча паесць усё. 39 Вінаграднікі пасадзіш і будзеш даглядаць, а віна піць не будзеш, ды нічога з іх не збярэш, бо будуць паедзены чарвякамі. 40 Аліўкі будзеш мець на ўсіх межах сваіх, але не выціснеш алею, бо змарнеюць і прападуць. 41 Народзіш сыноў і дачок, але не пацешышся з іх, бо павядуць іх у няволю. 42 Усе дрэвы твае і плод зямлі тваёй паесць саранча. 43 Чужынец, які жыве з табой на зямлі, падымецца па-над табой і стане вышэйшым, а ты сыдзеш і будзеш нізкім. 44 Ён будзе пазычаць табе, а ты не пазычыш яму; ён будзе галавой, а ты будзеш хвастом. 45 І прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і будуць цябе пераследаваць і здзекавацца з цябе, пакуль не прападзеш, бо не слухаў ты Госпада, Бога твайго, і не выконваў прыказанняў Яго і загадаў, якія Ён загадаў табе. 46 І будуць яны знакамі і адзнакамі на табе і на нашчадках тваіх навек. 47 За тое, што ты не служыў Госпаду, Богу твайму, з весялосцю і радасцю сэрца дзеля дастатку ва ўсіх рэчах, 48 будзеш служыць ворагу твайму, якога Госпад навядзе на цябе, у голадзе і смазе, у галечы і нястачы ўсяго, і ён павесіць ярмо жалезнае на карак твой, пакуль не вынішчыць цябе. 49 Навядзе на цябе Госпад народ з далечыні ды з крайніх межаў зямлі на падабенства арла, які ляціць імкліва, мовы якога зразумець ты не зможаш: 50 народ вельмі нахабны, які не ўшануе старога і не пашкадуе дзіцяці. 51 І ён зжарэ плод тваёй жывёлы і плады зямлі тваёй, пакуль ты не загінеш; і не пакіне табе пшаніцы, віна і алею, прыплоду жывёлы і прыросту авечак, пакуль цябе не знішчыць. 52 І возьме ён у аблогу цябе ва ўсіх гарадах тваіх, пакуль не разваліць муры твае моцныя і высокія, у якіх ты ўскладаў надзею, ва ўсёй зямлі тваёй. І будзе трымаць цябе ў аблозе ва ўсіх брамах тваіх, на ўсёй зямлі тваёй, якую дасць табе Госпад, Бог твой, 53 і будзеш ты есці плод улоння твайго, целы сыноў тваіх і дачок тваіх, якіх даў табе Госпад, Бог твой, у аблозе ды ў бядзе, якімі прыцісне цябе вораг твой. 54 У цябе чалавек чуллівы і вельмі далікатны будзе ненавідзець брата свайго і жонку, якая туліцца да пляча яго, і апошніх дзяцей сваіх, якіх ён захаваў, 55 каб не даць ніводнаму з іх целы сыноў сваіх, якіх будзе есці, бо ён не будзе ўжо больш нічога мець у аблозе і бядзе, якімі вораг твой прыцісне цябе ва ўсіх брамах тваіх. 56 Жанчына ў цябе, вельмі чуллівая і далікатная, якая не спрабавала нават пакінуць следу ад нагі на зямлі дзеля надзвычайнай далікатнасці і распешчанасці, цяпер ліхім вокам гляне на мужа, які туліць яе да пляча свайго, на сына і дачку, 57 і не дасць ім ложышча, якое выйшла з яе жаночага ўлоння, і дзяцей, якія нарадзіліся ў тую гадзіну; бо есці іх будзе таемна дзеля нястачы ўсяго ў час аблогі і гора, якімі прыцісне цябе вораг твой у брамах тваіх. 58 Калі не будзеш берагчы і выконваць усіх слоў гэтага закону, якія напісаны ў гэтым скрутку, і не будзеш баяцца гэтага слаўнага і страшнага імя Госпада, Бога твайго, 59 то многа больш павялічыць Госпад плягі твае і плягі на нашчадкаў тваіх, і плягі цяжкія і доўгатрывалыя, хваробы найцяжэйшыя і невылечныя, 60 і навядзе на цябе ўсе плягі егіпецкія, якіх ты баяўся, і нахлынуць яны на цябе. 61 І ўсе хваробы і плягі, якія не запісаны ў скрутку гэтага закону, напусціць Госпад на цябе, пакуль цябе не выгубіць. 62 І застанецеся вы ў малой лічбе, вы, што раней былі, як зоркі на небе, у колькасці сваёй, бо не слухаў ты голасу Госпада, Бога твайго. 63 Як перад тым цешыўся Госпад з вас, добра вам робячы і памнажаючы вас, так будзе цешыцца з вас, нішчачы вас і вывяргаючы, каб не стала вас на зямлі, у якую вы ўваходзіце, каб завалодаць. 64 Госпад расцярушыць цябе сярод усіх народаў, ад пачатку зямлі да яе крайніх межаў, і там будзеш ты служыць чужым багам, якіх не ведаў ты і бацькі твае, дрэвам і каменям. 65 І не будзеш ты мець супакою сярод гэтых народаў, стапе тваёй нагі не будзе супакою; і дасць там табе Госпад сэрца баязлівае, вочы заплаканыя і душу, апанаваную тугою. 66 Жыццё тваё будзе быццам бы вісець перад табою; будзеш баяцца ноччу і днём, і не будзеш упэўнены ў жыцці сваім. 67 Раніцай ты скажаш: “О! Калі б звечарэла!”, а ўвечары: “О! калі б развіднела!” — дзеля страху сэрца свайго, якім будзеш апанаваны, і дзеля ўсяго таго, што ўбачыш сваімі вачамі. 68 І верне Госпад у Егіпет на караблях тою дарогаю, пра якую я сказаў табе, што яе больш не пабачыш; там будзеце вы прададзены ворагам вашым як нявольнікі і нявольніцы, ды не будзе каму купляць». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)