ДРУГІ ЗАКОН 25 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Калі ўзнікне звадка паміж людзьмі, то хай суддзі вырашаць, і каго прызнаюць сумленным, таго хай апраўдаюць, каго ж несумленным, хай пакараюць за злачынства. 2 Калі вось суддзя таго, хто зграшыў, прызнае вартым пакарання, дык хай паваліць і загадае бічаваць у сваёй прысутнасці; колькасць удараў хай адпавядае памерам праступка, 3 але так, каб колькасць не перавышала сарака, каб брат твой на вачах тваіх не быў занадта збіты шматлікім бічаваннем і каб не быў ганебна скалечаны. 4 Не завязвай пысы валу, які малоціць на таку твой ураджай. 5 Калі браты будуць жыць сумесна і адзін з іх памрэ без сына, то хай не выйдзе жонка памерлага замуж за каго іншага, але брат яго хай возьме яе за жонку і адновіць нашчадкаў брату свайму. 6 І першароднаму сыну, якога народзіць яна, дадуць імя таго, каб не загінула імя яго ў Ізраэлі. 7 Калі ж ён не захоча ўзяць жонку брата свайго, якая належыць яму па законе, хай жанчына пойдзе да брамы горада, і паскардзіцца старэйшынам роду, і скажа: «Брат мужа майго адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраэлі і ўзяць мяне за жонку», 8 і тады адразу хай яны загадаюць яму прыйсці і запытаюцца ў яго. Калі адкажа: «Не хачу яе браць за жонку», 9 дык тады жанчына тая хай падыдзе да яго на вачах старэйшын, ды здыме яму сандалю з нагі, і плюне яму ў твар, і скажа: «Так бывае з чалавекам, які не будуе дому брата свайго». 10 І будзе названа імя яго ў Ізраэлі: «Дом разутага». 11 Калі мужчыны будуць мець звадку паміж сабою і калі адзін пачне шумна спрачацца з другім, а жонка аднаго з іх, хочучы вырваць мужа свайго з рук мацнейшага, выцягне руку і схопіць яго за сорам яго, 12 адрэж руку яе і не май да яе аніякай літасці. 13 Не май у мяшку тваім двух гатункаў вагаў, большых і меншых. 14 Хай не будзе ў доме тваім эфы большай і меншай. 15 Вага ў цябе павінна быць справядлівая і праўдзівая, і эфа хай будзе ў цябе справядлівая і праўдзівая, каб доўга ты жыў на зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой. 16 Бо брыдзіцца Госпад твой кожным, хто так робіць, і выракаецца кожнага несправядлівага. 17 Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выходзіў ты з Егіпта. 18 Заступіў ён табе дарогу і пабіў усіх тых, якія ішлі апошнімі ў натоўпе тваім, бо затрымаліся ў знямозе, а ты быў знясілены голадам і цяжарам, і не пабаяўся ён Бога. 19 Дык калі Госпад, Бог твой, дасць табе супакой ад усіх навокал ворагаў тваіх у зямлі, якую мае даць табе, ты сатрэш імя Амалека з-пад неба. Глядзі, не забудзься. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)