ДРУГІ ЗАКОН 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Вы — дзеці Госпада, Бога вашага; не рабіце надрэзаў на сабе, не выстрыгайце валасоў паміж вачамі вашымі па памерлым, 2 бо ты народ святы для Госпада, Бога твайго, і цябе Ён выбраў, каб стаўся ты асаблівым народам для Яго з усіх народаў, якія ёсць на зямлі. 3 Не еж нічога паганага. 4 Вось жывёлы, якіх вы можаце есці: вол, баран, каза, 5 алень, сарна, буйвал, лань, казуля, антылопа, горны казёл. 6 Можаце есці кожную жывёлу, якая мае цалкам раздвоеныя капыты і якая жуе жвайку, і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і тую жывёлу, якая жуе жвайку. 7 Але тых, якія жуюць жвайку і не маюць раздвоеных капытоў, не ежце такіх: вярблюда, зайца і тушканчыка, бо яны жуюць жвайку, але не маюць цалкам раздвоеных капытоў, яны будуць нячыстымі для вас. 8 Свіння таксама, бо хаця ў яе цалкам раздвоеныя капыты, але не жуе жвайку, яна будзе для вас нячыстай; мяса іх не ежце і да падліны не дакранайцеся. 9 Вось што можна есці з усяго таго, што родзіцца ў вадзе: ежце тых, што маюць плаўнікі і луску; 10 а тых, што без плаўнікоў і лускі, не ежце, бо яны для вас нячыстыя. 11 Усіх чыстых птушак — ежце. 12 Толькі наступных не ежце: арла, грыфа і марскога арла, 13 чорнага грыфа, каршука і сокала з родам яго, 14 і любую птушку з роду крумкача, 15 страуса, саву, чайку і ястраба з родам яго, 16 пугача, рыбалова і ібіса, 17 лебедзя, пелікана і сыча, 18 чаплю і бусла з родам яго, і ўдода і кажана. 19 Таксама ўсё, што поўзае і мае крылы, нячыстым будзе для вас, нельга есці. 20 Усякую птушку чыстую можаце есці. 21 Падліны, якой бы яна ні была, не будзеце есці. Дай яе чужынцу, які здарыцца ў тваёй мясцовасці, або прадай чужынцу: бо ты — народ святы для Госпада, Бога твайго. Не вары казляня ў малацэ маці яго. 22 Выдзяляй дзесятую частку з усіх пладоў насення твайго, якое родзіцца на зямлі штогод, 23 і еж перад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, якое Ён выбера, каб прабывала ў ім імя Яго, дзесяціну збожжа твайго, і віна, і алівы, і першародных бычкоў і авечак тваіх, каб навучыўся ты ва ўсе дні шанаваць Госпада, Бога твайго. 24 Калі ж далёкай будзе дарога твая і месца, якое выбера Госпад, Бог твой, каб памясціць там імя Сваё і дабраславіць цябе, і ты не зможаш для Бога ў Яго месца ўсё гэта прынесці, каб памясціць там імя Сваё, і калі Госпад, Бог твой, дабраславіў цябе, 25 то прадай усё ды атрымай грошы; і вазьмі ў руку сваю ды накіруйся да месца, якое выбера Госпад, Бог твой, 26 і купляй за гэтыя грошы ўсё, што табе спадабаецца: ці з валоў, ці з авечак, таксама віно і сікеру, ды ўсё, чаго жадае душа твая; і еж там перад Госпадам, Богам тваім, і весяліся ты і ўся сям’я твая, 27 і левіт, які ў брамах тваіх; глядзі, не пакідай яго, бо ён не мае ані часткі, ані ўласнасці з табою. 28 Пад канец трэцяга года аддзялі іншую дзесяціну з усяго, што ўрадзілася ў цябе за гэты час, і пакладзі ў брамах тваіх, 29 і хай прыйдзе левіт, які не мае часткі і спадчыны з табой, і чужынец, і сірата, і ўдава, якія знаходзяцца ў брамах тваіх, будуць яны есці і наядуцца, каб дабраславіў цябе Госпад, Бог твой, у кожнай працы рук тваіх, што будзеш рабіць. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)