ДРУГІ ЗАКОН 12 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Такія вось загады і законы, якія вы павінны спаўняць у зямлі, якую Госпад, Бог бацькоў вашых, мае даць табе, каб валодаў ты ёю ва ўсе дні, у якія крочыш ты па зямлі: 2 «Знішчыце ўсе месцы, дзе народы, якімі вы маеце валодаць, служылі багам сваім, на гарах, на ўзгорках і пад кожным зялёным дрэвам. 3 Разваліце ахвярнікі іх, пабіце каменныя слупы іх, агнём спаліце гаі іх, і ідалаў паразбівайце, і сатрыце імёны іх з гэтых месцаў. 4 Не рабіце так Госпаду, Богу вашаму, 5 але на месца, якое Госпад, Бог ваш, выбера з усіх пакаленняў вашых, каб там памясціць імя Сваё і на ім жыць, прыходзьце, 6 і ў гэтым месцы складайце цэласпаленні і крывавыя ахвяры вашы, дзесяціны ды дары рук вашых, і тое, у чым прысягалі, і добраахвотныя ахвяры першародных валоў і авечак. 7 Там, перад абліччам Госпада, Бога вашага, ежце і весяліцеся з усяго, да чаго прыклалі рукі вы і сям’я ваша, у чым дабраславіў вас Госпад, Бог ваш. 8 Не рабіце паводле ўсяго таго, што мы тут робім сёння, кожны, што яму здаецца добрым, 9 бо вы яшчэ не дасягнулі на сённяшні дзень супакою і ўласнасці, якую Госпад, Бог ваш, мае даць вам. 10 Вы пяройдзеце Ярдан і абжывецеся на зямлі, якую Госпад, Бог ваш, мае даць вам, каб жылі ў супакоі ад усіх ворагаў навокал ды жылі без аніякага страху 11 ў месцы, якое выбера Госпад, Бог ваш, каб у ім прабывала імя Яго, туды прыносьце, што я загадваю: цэласпаленні, крывавыя ахвяры, дзесяціны, дары рук вашых і тую найлепшую з ахвяр, якою прысягнеце вы Госпаду. 12 Там перад Госпадам, Богам вашым, цешцеся вы, і сыны, і дочкі вашы, паслугачы і паслугачкі, а таксама левіт, які ў гарадах вашых прабывае; бо не мае ён ані часткі, ані ўласнасці паміж вамі. 13 Сцеражыся, каб не складаць сваіх ахвяр цэласпальных на кожным месцы, якое ўбачыш, 14 але на тое, якое выбера Госпад у адным з пакаленняў тваіх, занясі цэласпальныя ахвяры і там зрабі ўсё, што я табе загадваю. 15 Калі ж захочаш есці і мясная ежа будзе даспадобы табе, забі [жывёлу] і з’еж мяса па дабраславенні Госпада, Бога твайго, якое даў Ён табе ва ўсіх гарадах тваіх: чысты і нячысты можа есці яго, як сарну, так і аленя, 16 за выняткам крыві: яе выльеш на зямлю, як ваду. 17 Не зможаш есці ў гарадах тваіх дзесяціны са збожжа, віна і алівы тваёй, першародных бычкоў і авечак, ані ўсяго таго, на чым прысягнуў ты і што захацеў скласці на добраахвотную ахвяру, ані першага плёну рук тваіх. 18 Але будзеш есці іх перад абліччам Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбера Госпад, Бог твой, ты, і сын твой, і дачка твая, паслугач і паслугачка, таксама левіт, які знаходзіцца ў гарадах тваіх; і будзеш цешыцца перад Госпадам, Богам тваім, з усяго, да чаго прыкладзеш руку сваю. 19 Чувай, каб не пакідаў ты левіта ўвесь час, калі будзеш жыць у зямлі тваёй. 20 Калі пашырыць Госпад, Бог твой, межы твае, як сказаў Ён табе, і ты захочаш есці мяса, якога жадае душа твая, тады еж мяса паводле кожнага прагнення душы сваёй; 21 а калі б далёка было месца, якое выбера Госпад, Бог твой, каб было там імя Яго, то забі з буйной і дробнай жывёлы, якую даў табе Госпад і як загадаў я табе, і спажывай у гарадах тваіх, як табе заўгодна. 22 Еж іх так, як ядуць сарну і аленя; і чысты, і нячысты хай спажываюць разам. 23 Аднаго толькі высцерагайся, каб не спажываць крыві; бо кроў ёсць душа іх, і таму не павінен ты есці душу разам з мясам. 24 Не спажывай яе, але вылівай на зямлю, як ваду. 25 Не спажывай яе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе, калі будзеш рабіць тое, што прыстойна перад абліччам Госпада. 26 Але тое, што пасвяціў ты і склаў праз прысягу Госпаду, вазьмі і прыходзь у тое месца, якое выбраў Госпад, 27 і ахвяруй цэласпаленні свае, мяса і кроў, на ахвярніку Госпада, Бога твайго; кроў ахвяр тваіх выльеш на ахвярніку, а мяса сам з’еж. 28 Падпарадкоўвайся і слухайся ўсяго, што я загадваю табе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе на векі, калі споўніш, што добрае і што мілае перад абліччам Госпада, Бога твайго. 29 Калі Госпад, Бог твой, раскідае перад абліччам тваім народы, да якіх ты ідзеш, каб завалодаць імі, і ты завалодаеш імі, і абжывешся на іх зямлі, 30 сцеражыся, каб не трапіць у сеці праз іх, пасля таго, як яны, па прыходзе тваім, будуць выгублены, ды каб не шукаў іх абрадаў, кажучы: “Як служылі гэтыя народы сваім багам, так і я буду служыць”. 31 Не рабі падобным чынам Госпаду, Богу твайму, бо ўсе брыдкія рэчы, якія адвяргае Госпад і якія ненавідзіць, яны чынілі для сваіх багоў, нават сваіх сыноў і дачок складаючы ў ахвяру і праводзячы праз агонь. 32 Што я загадваю вам, тое і беражыце і рабіце, не дадавай нічога і не аднімай. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)