Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ДРУГІ ЗАКОН 11 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Дык любі Госпада, Бога твайго, і пільнуй Яго настаўленні і загады, законы і прыказанні ўвесь час.

2 І вы даведаецеся сёння пра тое, чаго не ведаюць дзеці вашы, якія не бачылі навукі Госпада, Бога вашага, вялікіх учыненняў Яго, і дужай рукі, і ўзнятага пляча,

3 знакаў і спраў Яго, якія ўчыніў Ён у Егіпце перад фараонам і ўсёй зямлёй яго,

4 і ўсім войскам егіпецкім, конямі і калясніцамі; якім чынам накрылі іх воды Чырвонага мора, калі гналіся яны за вамі, і знішчыў іх Госпад аж да сённяшняга дня,

5 і што зрабіў Ён вам на пустыні, пакуль вы не прыйшлі на гэтае месца,

6 і што зрабіў ён Датану і Абіраму, сынам Эліяба, які быў сынам Рубэна, як іх праглынула зямля, адкрыўшы сваю пашчу, разам з дамамі і палаткамі, і з усёй іх маёмасцю, якую мелі яны сярод Ізраэля.

7 Вочы вашы бачылі ўсе вялікія справы Госпада, якія Ён учыніў,

8 каб вы пільнавалі ўсе прыказанні, якія сёння я загадваю вам, каб набраліся вы сілы і змаглі ўвайсці і завалодаць зямлёю, у якую ўступаеце,

9 каб доўгі час жылі ў той зямлі, якую пад прысягай абяцаў Госпад бацькам вашым і нашчадкам іх, — зямлю, што ацякае малаком і мёдам.

10 Бо зямля, у якую ты ўваходзіш, каб завалодаць ёю, не ёсць такой, як зямля Егіпецкая, з якой ты выйшаў: там, калі зерне засеяна, то воды жыватворчыя дастаўляліся нагамі, як у садах;

11 але гарыстая і лагчынная, яна чакае дажджу з неба,

12 над якою Госпад, Бог твой, заўсёды апякуецца, і вочы Яго звернуты на яе ад пачатку года аж да канца яго.

13 “Дык, калі будзеш слухаць прыказанні Мае, якія сёння Я даю вам, каб любілі Госпада, Бога вашага, і служылі Яму ўсім сэрцам вашым ды ўсёю душой вашай,

14 Я дам зямлі вашай дождж ранні і позні ў свой час, каб мог ты сабраць збожжа, і віно, і алівы.

15 І дасць яна траву з палёў на кармленне жывёлы тваёй, каб ты сам еў і наеўся”.

16 Сцеражыцеся, каб не ашукалася сэрца ваша, каб не адышлі вы ад Госпада і не служылі чужым багам ды не пакланяліся ім,

17 бо разгневаецца Госпад на вас, і зачыніць Ён неба, і не будзе падаць дождж, і зямля не дасць плода свайго, і згінеце вы хутка на найлепшай зямлі, якую мае даць вам Госпад.

18 Дык пакладзіце гэтыя словы Мае ў сэрцах і ў душах вашых, і прывяжыце іх як знак на руках, і звяжыце іх, быццам якую падвеску, паміж вачэй вашых.

19 Навучыце ім дзяцей вашых, гаворачы пра іх, калі сядзіш у доме сваім і калі ідзеш дарогаю, калі кладзешся і ўстаеш.

20 І напішы іх на бэльках дому свайго і над брамамі сваімі,

21 каб памножыліся дні твае і дзяцей тваіх на зямлі, пра якую прысягнуў Госпад бацькам тваім, што дасць ім [яе] да таго часу, пакуль неба будзе ўзвышацца над зямлёй.

22 Калі, вось, будзеце пільнаваць усе прыказанні гэтыя, якія я загадваю вам, ды будзеце спаўняць іх, каб любіць Госпада, Бога вашага, ды будзеце хадзіць усімі шляхамі Яго і будзеце туліцца да Яго,

23 то Госпад перад абліччам вашым расцярушыць усе гэтыя народы, і вы будзеце валодаць імі, хоць яны большыя і дужэйшыя за вас.

24 Кожнае месца, на якое стане нага ваша, будзе вашым: ад пустыні, ад Лібана, ад вялікай ракі Эўфрат аж да заходняга мора будуць межы вашы.

25 Ніхто не ўстаіць супраць вас. Госпад, Бог ваш, навядзе страх і жах перад вамі на ўсякую зямлю, на якую вы ступіце, як Ён вам казаў.

26 Дык вось, прапаную сёння перад абліччам вашым дабраславенне і праклён:

27 дабраславенне, калі паслухаеце прыказанні Госпада, Бога вашага, якія я вам сёння загадваю;

28 і праклён, калі не паслухаеце прыказанні Госпада, Бога вашага, але сыдзеце з дарогі, якую я вам цяпер паказваю, і пойдзеце за багамі чужымі, якіх не ведаеце.

29 Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, у якую ты ідзеш, каб пасяліцца ў ёй, тады абвясці дабраславенне на гары Гарызім, а праклён — на гары Гэбал.

30 Горы гэтыя за Ярданам, за дарогай, што схіляецца на захад сонца ў зямлі хананеяў, якія жывуць у Арабе, насупраць Галгала, каля дубоў Марэг.

31 Бо вы пройдзеце праз Ярдан, каб завалодаць зямлёю, якую Госпад, Бог ваш, мае даць вам, і будзеце жыць на ёй.

32 Дык глядзіце, каб спаўнялі ўсе загады і законы, якія я кладу сёння перад абліччам вашым.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы