Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ДЗЕІ 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Саўл жа, дыхаючы пагрозамі і забойствамі на вучняў Госпадавых, прыйшоў да першасвятара

2 і папрасіў у яго лістоў да сінагог у Дамаску, каб, калі знойдзе каго гэтага напрамку, як мужчын, так і жанчын, увязніўшы, дастаўляць у Ерузалім.

3 І ў дарозе здарылася так, што, калі ён набліжаўся да Дамаска, раптам агарнула яго святло з неба,

4 і, падаючы на зямлю, пачуў голас, які казаў яму: «Саўле, Саўле, чаму Мяне пераследуеш?»

5 Ён сказаў: «Хто Ты, Госпадзе?» А Госпад сказаў: «Я – Ісус, Якога ты пераследуеш! Цяжка табе супраць ражна ўпірацца?»

6 Ён у жаху і трымценні сказаў: «Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў?» А Госпад яму: «Устань і ідзі ў горад, і скажуць табе, што маеш рабіць».

7 Тыя ж людзі, што былі з ім у дарозе, стаялі аслупянеўшы, бо чулі голас, але нікога не бачылі.

8 Саўл жа падняўся з зямлі, раскрыў вочы, але нічога не бачыў; дык завялі яго ў Дамаск, трымаючы за руку.

9 І тры дні не бачыў, не еў і не піў.

10 У Дамаску ж быў адзін вучань, на імя Ананія, і сказаў яму Госпад у бачанні: «Ананія!» А той гаворыць: «Вось я, Госпадзе».

11 А Госпад яму: «Устань і ідзі на вуліцу, што завецца Простая, ды ў доме Юды запытай пра Саўла з Тарса, вось жа, ён моліцца,

12 ды ў бачанні ўгледзеў чалавека, на імя Ананія, які прыйшоў і ўсклаў руку на яго, каб ён зноў бачыў».

13 І Ананія адказаў: «Госпадзе, я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ён зла ўчыніў святым Тваім у Ерузаліме;

14 і тут ён мае ўладу ад першасвятароў вязніць усіх, хто прызывае імя Тваё».

15 Але Госпад сказаў яму: «Ідзі, бо Я выбраў гэтага [чалавека] як пасудзіну, каб занесці імя Маё паганам і царам і сынам Ізраэля;

16 і Я пакажу яму, колькі ён мае цярпець дзеля імя Майго».

17 І Ананія пайшоў, і ўвайшоў у дом, ды, усклаўшы рукі на яго, сказаў: «Браце Саўле! Госпад паслаў мяне, Ісус, Які аб’явіўся табе ў дарозе, якой ты ішоў, каб ты зноў бачыў ды быў напоўнены Духам Святым».

18 І ў той момант быццам луска адпала з вачэй яго, і ён зноў атрымаў зрок. І, падняўшыся, быў ахрышчаны,

19 і калі спажыў пасілак, набраўся сіл. І некалькі дзён Саўл быў з вучнямі, якія былі ў Дамаску,

20 і зараз жа стаў абвяшчаць у сінагогах Хрыста, што Ён – Сын Божы.

21 І ўсе, што чулі гэта, дзівіліся і казалі: «Ці ж гэта не той самы, што ў Ерузаліме загубіў тых, якія прызывалі гэтае імя, і ці не па тое ён прыйшоў сюды, каб, увязніўшы іх, весці да першасвятароў?»

22 А Саўл тым адважней выступаў і бянтэжыў юдэяў, што жылі ў Дамаску, даводзячы, што Гэты ёсць Хрыстос.

23 Калі мінула шмат дзён, юдэі ўчынілі нараду, каб забіць яго,

24 але Саўлу сталі вядомы іх намеры. А яны днём і ўночы пільнавалі ля брамы, каб яго забіць;

25 і вучні, узяўшы яго, уночы спусцілі ў кашы цераз мур ды выправілі.

26 І калі Саўл прыбыў у Ерузалім, дык стараўся далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго, не верачы, што ён вучань.

27 Толькі Барнаба, прыняўшы яго, прывёў да Апосталаў ды расказаў ім, як у дарозе ён убачыў Госпада і што Той сказаў яму, ды з якою адвагай выступаў у Дамаску ў імя Ісуса.

28 І быў ён разам з імі, ды ўваходзіў і выходзіў з Ерузаліма, смела выступаючы ў імя Госпада Ісуса.

29 Гутарыў таксама і спрачаўся з геленістамі. Яны ж імкнуліся яго забіць.

30 Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю і выправілі ў Тарс.

31 Тым часам царква мела супакой ва ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі, будавалася і хадзіла ў страху Госпадавым і ў пацяшэнні ад Духа Святога ўзрастала.

32 І сталася, Пётра, наведваючы ўсіх, дабраўся і да святых, што пражывалі ў Лідзе.

33 Там напаткаў ён аднаго чалавека, імем Энэй, які быў спаралізаваны і восем гадоў праляжаў у ложку.

34 І гаворыць яму Пётра: «Энэй, Ісус Хрыстос цябе аздараўляе; падыміся і засцялі сабе». І ён адразу ўстаў.

35 І бачылі яго ўсе тыя, што насялялі Ліду і Сарон, і навярнуліся да Госпада.

36 А была ў Ёпе адна вучаніца, імем Табіта, значыць «сарна»; яна была поўная добрых учынкаў і міласцін, якія рабіла.

37 Сталася ж у тыя дні, што яна захварэла і памерла; яе памылі ды палажылі ў святліцы.

38 А як Ліда ёсць недалёка ад Ёпы, дык вучні, пачуўшы, што там знаходзіцца Пётра, паслалі да яго двух мужоў папрасіць яго: «Прыйдзі да іх, не марудзь!»

39 І Пётра, устаўшы, пайшоў з імі; і, калі прыйшоў, завялі яго ў святліцу, і акружылі яго там усе ўдовы, плачучы і паказваючы яму тунікі і адзенне, якія зрабіла Сарна, калі была з імі.

40 І, выправіўшы ўсіх, Пётра ўпаў на калені ды маліўся, і, павярнуўшыся да цела, сказаў: «Табіта, устань!» І яна адкрыла вочы свае ды, убачыўшы Пётру, села.

41 Пётра ж, падаўшы ёй руку, падняў яе і, паклікаўшы святых і ўдоў, паказаў яе жывую.

42 І стала вядома пра гэта па ўсёй Ёпе, і многія ўверылі ў Госпада.

43 І сталася, што яшчэ многа дзён заставаўся Пётра ў Ёпе ў нейкага гарбара Сімона.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы