ДЗЕІ 6 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 У тыя дні, калі колькасць вучняў узрастала, пачалі геленісты наракаць на гебраяў, што ў штодзённым абслугоўванні іх удовы былі крыўджаны. 2 Тады дванаццаць, склікаўшы мноства вучняў, сказалі: «Не прыдатна нам, пакінуўшы слова Божае, паслугаваць пры сталах. 3 Таму вось, браты, нагледзьце паміж сябе сем мужоў з добрым імем і поўных Духа Святога і мудрасці, якіх паставім на гэтую патрэбу. 4 А мы ўсцяж будзем на малітве і паслузе слова». 5 І спадабалася гэтая прапанова ўсім сабраным, і выбралі Сцяпана, чалавека, поўнага веры і Духа Святога, і Піліпа, і Прохара, і Міканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая Антыяхійца, празеліта, 6 і паставілі іх перад Апосталамі, і яны, молячыся, усклалі на іх рукі. 7 І слова Божае расло, і павялічвалася вельмі лічба вучняў у Ерузаліме; нават вялікая колькасць святароў схілілася да веры. 8 Сцяпан жа, поўны веры і моцы, чыніў цуды ды вялікія знакі ў народзе. 9 Тады падняліся некаторыя з сінагогі, званай Лібяртынскай, і з Цырэнскай ды з Александрыйскай, ды з тых, што былі з Цыліцыі ды з Азіі, дыспутуючы са Сцяпанам. 10 І не маглі яны ўстаяць супраць мудрасці і Духа, у Якім ён прамаўляў. 11 Тады падаслалі яны людзей, якія казалі: «Мы чулі, як ён казаў блюзненні на Майсея і Бога». 12 І ўзбурылі народ, і старэйшын, і кніжнікаў; і, збегшыся, схапілі яго і завялі ў раду. 13 І паставілі фальшывых сведкаў, што казалі: «Гэты чалавек не перастае прамаўляць ганебныя словы супраць святога месца ды супраць закону. 14 Бо мы чулі, як ён казаў, што Ісус з Назарэта зруйнуе гэтае месца і пазмяняе звычаі, якія нам перадаў Майсей». 15 І ўсе, што засядалі ў радзе, угледзеўшыся ў твар яго пільна, бачылі твар яго, як твар анёла. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)