ДЗЕІ 27 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Калі было вырашана плысці нам у Італію, перадалі Паўлу і разам з ім іншых вязняў Юлію, сотніку кагорты Аўгуста. 2 Селі мы на гадрамітыйскі карабель, які меў плысці каля ўзбярэжжа Азіі, і затым адплылі, а з намі быў Арыстарх, мацэдонец з Тэсалонікі. 3 На другі дзень прыплылі ў Сідон, і Юлій, які па-людску абыходзіўся з Паўлам, дазволіў яму пайсці да сяброў ды апекавацца над сабой. 4 І, калі мы выправіліся адсюль, то паплылі мы ўздоўж Кіпра, таму што былі супраціўныя вятры, 5 і пераплылі мора каля Цыліцыі і Памфіліі, ды прыбылі на караблі ў Міры, што ў Ліцыі. 6 І там сотнік знайшоў александрыйскі карабель, што плыў у Італію, і перасадзіў нас на яго. 7 І, многа дзён плывучы паволі, ледзь апынуліся насупраць Кніда з прычыны неспрыяльнага ветру, ды падплылі да Крыта каля Салмоны. 8 І, плывучы з цяжкасцю каля яго, мы дабраліся да аднаго месца, званага Добры Порт, каля якога быў горад Ласея. 9 Калі ж прайшло многа часу і плаванне сталася ўжо небяспечным, бо ўжо і пост прайшоў, Паўла перасцерагаў іх, 10 кажучы: «Людзі, я бачу, што плаванне становіцца небяспечным ды вельмі згубным не толькі для грузу і карабля, але і для нашых душ». 11 Але сотнік верыў болей стырніку і гаспадару карабля, чым таму, што казаў Паўла. 12 А як порт не надаваўся для зімоўкі, большасць параіла адплысці адтуль, спадзеючыся дабрацца неяк на зімоўку ў порт Фэнікс на Крыце, выстаўлены на паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры. 13 І, калі падзьмуў паўднёвы вецер, яны, думаючы выканаць свой намер, выправіліся і паплылі ўздоўж берагоў Крыта. 14 Але хутка наляцеў на іх бурны вецер, званы эўраквілон. 15 Калі карабель быў падхоплены і не мог супрацівіцца ветру, мы здалі карабель на вецер, і нас панесла. 16 Апынуўшыся каля нейкага вострава, званага Клаўда, з цяжкасцю ўтрымалі мы лодку. 17 Калі яна была ўцягнута, то скарысталіся з дапаможных канатаў, абцягваючы карабель. І, баючыся, каб не трапіць на мялізну, спусцілі ветразь і так нас насіла. 18 А як вялікая бура кідала намі, пачалі назаўтра выкідваць груз, 19 а на трэці дзень сваімі рукамі выкінулі некаторыя прылады карабля. 20 Калі ж праз многа дзён ані сонца не паказвалася, ані зоркі, а бура шалела, знікла ўжо ўсякая надзея нашага выратавання. 21 І, калі ўжо вельмі доўга не елі, сказаў ім Паўла, стаўшы між імі: «Трэба было слухаць мяне, і не адплываць ад Крыта, і не выстаўляцца на гэтую нядолю і шкоду. 22 І цяпер раю вам не губляць настрою, бо ніхто з вас не загіне, апрача толькі карабля. 23 У гэтую ноч аб’явіўся мне анёл Бога, Якому належу ды Якому служу, 24 кажучы: “Не бойся, Паўле; трэба табе стаць перад цэзарам; і вось, Бог табе падараваў усіх, што плывуць разам з табою”. 25 Дык будзьце добрай думкі, мужы, бо веру Богу, што будзе так, як мне сказана. 26 Нас мусіць выкінуць на які-небудзь востраў». 27 А ў чатырнаццатую ноч, калі нас насіла па Адрыятыку, стала здавацца маракам каля поўначы, што падплываюць да нейкай зямлі. 28 Дык спусцілі шнур з волавам і намералі дваццаць сажняў, і, крыху адплыўшы, спусцілі і знайшлі пятнаццаць сажняў. 29 Баючыся, каб не трапіць на скалістыя месцы, кінулі з кармы чатыры якары ды чакалі досвітку. 30 Калі маракі, імкнучыся ўцячы з карабля, спусцілі лодку на мора пад выглядам, што хочуць спераду закінуць якар, 31 Паўла сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы не зможаце выратавацца». 32 Тады жаўнеры парэзалі вяроўкі ад лодкі ды дазволілі ёй зваліцца ў мора. 33 Калі пачынала днець, Паўла заахвочваў усіх пасілкавацца, кажучы: «Сёння ўжо чатырнаццаты дзень, як вы чакаеце, посцячы і не маючы нічога ў вуснах. 34 Дык, прашу вас, пасілкуйцеся. Гэта прычыніцца да вашага выратавання; бо ніводнаму з вас волас з галавы не спадзе». 35 І, калі сказаў гэта і ўзяў хлеб, падзякаваў Богу на віду ва ўсіх і, паламаўшы, пачаў есці. 36 Яны тады ўсе супакоіліся ды самі прынялі ежу. 37 А было ўсіх душ на караблі дзвесце семдзясят шэсць чалавек. 38 І, калі наеліся, аблягчылі карабель, выкідваючы пшаніцу ў мора. 39 Калі развіднела, не пазналі зямлі, заўважылі, аднак, нейкую затоку з плоскім берагам, да якой надумалі, калі магчыма, давесці карабель. 40 І паадразалі якары, і пакінулі іх у моры, і, развязаўшы стырно і распусціўшы брамсель па ветры, скіраваліся да берага. 41 Патрапілі, аднак, на мялізну і асадзілі на ёй карабель. Нос карабля ўвяз і быў нерухомы, а карма разбівалася сілаю хваль. 42 Жаўнеры ж змовіліся пазабіваць вязняў, каб хто, даплыўшы да берага, не ўцёк. 43 Але сотнік, хочучы ўхаваць Паўлу, утрымаў іх ад намеру. І тым, што ўмелі плаваць, загадаў, каб першыя кінуліся ў ваду ды выйшлі на зямлю, 44 а астатнія – хто на дошках або на частках карабля; і так усе выбраліся на зямлю. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)