ДЗЕІ 24 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Пасля пяці дзён прыбыў першасвятар Ананія з некалькімі старэйшынамі і з нейкім рытарам Тэртулам, і прадставілі намесніку абвінавачанне супраць Паўлы. 2 І, калі яго вызвалі, Тэртул пачаў яго вінаваціць, кажучы: «Дзякуючы табе жывём мы ў поўным супакоі, ды дзякуючы тваёй апецы папраўляецца дабрабыт гэтага народа, 3 найдастойнейшы Фэлікс, і мы ўсюды ды заўсёды прымаем гэта з выказваннем усякай удзячнасці. 4 А каб цябе лішне не турбаваць, прашу, каб ты нас спагадна нядоўга паслухаў. 5 Мы знайшлі, што гэты чалавек – зараза і выклікае бунты сярод усіх юдэяў у цэлым свеце, і ён – правадыр секты Назарэйцаў, 6 які нават адважыўся спаганіць святыню, дык мы яго схапілі і хацелі судзіць паводле нашага закону. 7 Але прыйшоў трыбун Лісій і з вялікім гвалтам забраў яго з нашых рук, 8 загадаўшы абвінаваўцам яго ісці да цябе. Дык, даследуючы ўсё гэта, ты сам зможаш даведацца ад яго, у чым мы яго вінавацім». 9 І юдэі пацвердзілі, кажучы, што так яно і ёсць. 10 Калі намеснік даў знак Паўлу гаварыць, ён адказаў: «Ведаю, што ты ад многіх гадоў з’яўляешся суддзёю гэтага народа, таму з добрым настроем дам апраўданне ў маёй справе. 11 Можаш пераканацца, што я не больш як дванаццаць дзён таму прыбыў у Ерузалім дзеля пакланення. 12 І ані ў святыні, ані ў сінагозе, ані ў горадзе не бачылі мяне, каб я з кім спрачаўся або падбухторваў людзей на забурэнне. 13 Яны не могуць даказаць табе таго, у чым цяпер мяне вінавацяць. 14 Да таго, вось, прызнаюся перад табою, што на шляху, які яны называюць герэзіяй, я служу Богу бацькоў, верачы ва ўсё, што напісана ў законе ды ў прарокаў, 15 маючы таксама ў Богу надзею, што будзе ўваскрэсенне мёртвых, справядлівых і несправядлівых, чаго і самі яны чакаюць. 16 Таму і сам стараюся заўсёды мець бездакорна чыстае сумленне перад Богам і перад людзьмі. 17 Па многіх гадах прыйшоў я да майго народа, каб учыніць міласціны ды ахвяры, 18 і пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў святыні без натоўпу ды без заварухі некаторыя юдэі з Азіі. 19 Дык трэба было быць ім тут і вінаваціць, калі маюць нешта супраць мяне. 20 А тыя, што тут, хай скажуць, што за праступак знайшлі ўва мне, калі стаяў я перад радай. 21 Хіба толькі тое, што, стоячы між імі, закрычаў я ўголас: “Судзяць мяне сёння ў вас за веру ва ўваскрэсенне з мёртвых”. 22 Пачуўшы гэтае, Фэлікс адклаў справу іх, сказаўшы: «Разгледжу вашу справу, як прыбудзе трыбун Лісій». 23 І загадаў сотніку пільнаваць Паўлу і быць спагадным ды не перашкаджаць нікому з яго блізкіх паслугаваць яму і прыходзіць да яго. 24 Па некалькіх днях прыбыў Фэлікс са сваёй жонкаю Друзілай, якая была юдэйкай, паклікаў Паўлу ды слухаў яго аб веры ў Хрыста. 25 Але калі Паўла стаў апавядаць пра справядлівасць, і пра ўстрыманасць, ды пра суд, што мае быць, Фэлікс, напалоханы, адказаў: «Цяпер даволі, ідзі; пры зручным часе паклічу цябе». 26 Спадзяваўся прытым, што атрымае ад Паўлы грошы, каб вызваліў яго, дык таму, часта запрашаючы яго, гутарыў з ім. 27 Па двух гадах наступнікам Фэлікса стаў Порцый Фэст. Фэлікс, аднак, пакінуў Паўлу ўвязненым, хочучы аказаць ласку юдэям. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)