Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ДЗЕІ 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І сталася ў Іконіі, што падобным чынам увайшлі яны ў юдэйскую сінагогу і прамаўлялі так, што вялікае мноства юдэяў і грэкаў уверыла.

2 Але тыя юдэі, што не ўверылі, падбуралі і раздражнялі паганаў супраць братоў.

3 Аднак яны прабылі там доўгі час, дзейнічаючы з вераю ў Госпада, Які сведчыў слова ласкі Сваёй і даваў цуды і знакі чыніць іх рукамі.

4 Дык жыхары горада падзяліліся: і адны былі з юдэямі, а другія – з Апосталамі.

5 Калі, аднак, пагане і юдэі сумесна з начальнікамі сваімі пачалі намагацца, каб зняважыць іх і ўкаменаваць,

6 яны, дазнаўшыся, уцяклі ў гарады лікаонскія, Лістру і Дэрбу, і ў іх ваколіцы,

7 і там абвяшчалі Евангелле.

8 І сядзеў у Лістры адзін чалавек, хворы на ногі, калека ад нараджэння свайго, які ніколі не хадзіў.

9 Ён слухаў, што казаў Паўла. Той жа глянуў на яго ўважна ды, бачачы, што ён мае веру, каб быць збаўленым,

10 сказаў моцным голасам: «Стань проста на ногі твае!» І той падскочыў і стаў хадзіць.

11 І людзі, бачачы, што ўчыніў Паўла, узвысілі голас свой, кажучы па-лікаонску: «Багі сталіся падобнымі да людзей і сышлі да нас!»

12 І назвалі Барнабу Зеўсам, а Паўлу – Гермесам, бо ён быў правадыром у слове.

13 А святар храма Зеўса, які быў перад іх горадам, прывёў да брамы валоў ды прынёс вянкі і хацеў разам з народам скласці ахвяру.

14 Калі пра гэта даведаліся Апосталы Барнаба і Паўла, раздзёрлі адзенне сваё ды кінуліся ў народ, крычучы

15 і кажучы: «Людзі, што гэта вы робіце? І мы людзі, падобныя да вас, абвяшчаем вам Евангелле, каб вы адвярнуліся ад гэтых марнасцей да Бога жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, ды ўсё, што ў іх ёсць.

16 Дапусціў Ён у даўнейшых пакаленнях, каб усе народы хадзілі сваімі дарогамі,

17 але не пераставаў сведчыць аб Сабе, чынячы дабро, даючы нам дажджы, урадлівую пару, напаўняючы ежай і радасцю сэрцы нашы».

18 І гэтымі словамі ледзь стрымалі натоўп, каб не складалі ім ахвяры.

19 Тым часам падышлі юдэі з Антыёхіі і Іконіі і, падбурыўшы людзей, укаменавалі Паўлу ды выцягнулі яго за горад, думаючы, што ён мёртвы.

20 Але калі сабраліся вакол яго вучні, ён, узняўшыся, пайшоў у горад. А на другі дзень разам з Барнабам накіраваўся ў Дэрбу.

21 І ў гэтым горадзе прапаведавалі Евангелле, і навучалі многіх, а пасля вярнуліся ў Лістру, Іконію ды Антыёхію,

22 умацоўваючы душы вучняў, навучаючы іх трыванню ў веры і што каб увайсці ў Валадарства Божае, трэба прайсці праз многа прыцясненняў.

23 Потым з малітвай і постам для кожнай царквы прызначылі з іх ліку старэйшых ды даручылі іх Госпаду, у Якога ўверылі.

24 І, праходзячы ў Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію,

25 і прапаведавалі слова ў Пэргэ, а затым пайшлі ў Аталію.

26 І адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую выканалі.

27 І, калі прыйшлі і склікалі царкву, расказалі, што Бог учыніў з імі, ды як адкрыў Ён дзверы веры паганам.

28 І шмат часу былі яны там сярод вучняў.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы