ДЗЕІ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Перш, што праўда, стварыў я аповед, Тэафіле, пра ўсё, што пачаў Ісус рабіць і чаму навучаць 2 аж да дня, у які быў узяты у неба, даўшы даручэнні праз Духа Святога Апосталам, якіх Ён выбраў. 3 Пасля пакуты Сваёй даў Ён ім многа доказаў, што Ён жывы, на працягу сарака дзён паказваючыся ім ды прамаўляючы пра Валадарства Божае. 4 І, сабраўшы іх, загадаў ім не выходзіць з Ерузаліма, але чакаць абяцання Айца: «Аб чым вы чулі ад Мяне, 5 што Ян хрысціў вадою, а вось, вы праз некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Святым». 6 Пыталіся ў Яго тыя, што былі сабраны, кажучы: «Госпадзе, ці не ў гэты час адновіш царства Ізраэля?» 7 Ён жа сказаў ім: «Не ваша справа ведаць час і хвіліну, якія ўстанавіў Айцец Сваёй уладаю, 8 але калі атрымаеце моц ад сышоўшага на вас Духа Святога, тады будзеце Мне сведкамі ў Ерузаліме, і ва ўсёй Юдэі ды Самарыі, і аж па край зямлі». 9 І, калі гэта сказаў, на вачах іх падняўся ўгору, і воблака ўзяло Яго ад іх вачэй. 10 Калі яны так углядаліся ў неба, як Ён падымаўся, вось, два мужы ў белых шатах паўсталі каля іх, 11 і сказалі яны: «Мужы галілейскія, чаго стаіце, углядаючыся ў неба? Гэты Ісус, Які ўзяты ад вас у неба, так прыйдзе, як бачылі Яго, што ўзыходзіць у неба». 12 Тады вярнуліся яны ў Ерузалім з гары, званай Аліўнай, якая каля Ерузаліма, за дзень суботні ходу. 13 І, прыйшоўшы, сабраліся яны ў святліцу, дзе і заставаліся, Пётра і Ян, Якуб і Андрэй, Піліп і Тамаш, Баўтрамей і Мацвей, Якуб Алфееў і Сімон Зэлот ды Юда, брат Якубаў. 14 Яны ўсе аднадушна трывалі ў малітве і прашэнні разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Ісуса, ды братамі Яго. 15 У тыя дні, устаўшы пасярод братоў, – а там была грамада людзей каля ста дваццаці чалавек, – Пётра сказаў: 16 «Мужы браты, здзейснілася тое, што ў Пісанні прадказаў Дух Святы вуснамі Давіда пра Юду, які быў правадыром тых, што ўзялі Ісуса, 17 што ён быў залічаны да нас і быў прызначаны яму ўдзел у гэтым служэнні. 18 Ён, вось, атрымаў зямлю як узнагароду за злачынства і, рынуўшыся, раздзёрся напалам, ды вылілася ўсё нутро яго. 19 І гэта стала вядома ўсім жыхарам Ерузаліма, так што гэтае поле на іх мове было названа Гакельдама, гэта значыць «Поле Крыві». 20 Бо ў Кнізе псальмаў напісана: “Хай яго панадворак будзе пустым, ды хай ніхто на ім не жыве”, і: “Хай служэнне яго атрымае хто іншы”. 21 Дык трэба, каб адзін з тых мужоў, што з намі хадзілі ўвесь час, пакуль уваходзіў і выходзіў з намі Госпад Ісус, 22 пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня, у які Ён быў узяты ад нас, каб стаўся адзін з іх разам з намі сведкам уваскрэсення Яго». 23 І прызначылі двух: Язэпа, называнага Барсабам, па мянушцы Справядлівы, ды Мацея. 24 І ў малітве прасілі: «Ты, Госпадзе, што ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы, якога аднаго з гэтых двух выбраў 25 заняць месца той паслугі і Апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб адысці на сваё месца». 26 І кінулі між імі жэрабя, і жэрабя выпала на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці Апосталаў. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)