ДАНІІЛА 10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 У трэці год цара персаў Кіра Даніэлю, названаму Балтасарам, было аб’яўлена слова, і слова праўдзівае, вялікае змаганне; і зразумеў ён слова, бо яго сэнс адкрыў у бачанні. 2 У тыя дні я, Даніэль, сумаваў тры тыдні дзён, 3 не еў я хлеба жаданага, не браў у вусны свае ані віна, ані мяса, не намашчаўся таксама духмянымі рэчывамі, аж пакуль не скончыліся тры тыдні дзён. 4 У дзень жа дваццаць чацвёрты першага месяца быў я каля вялікай ракі, якой з’яўляецца Тыгр, 5 і падняў вочы свае, і ўбачыў: і вось, адзін чалавек, апрануты ў ільняное адзенне, і сцёгны яго былі падперазаны чыстым золатам; 6 і цела яго было падобна да тапазу, і твар яго — да ззяння маланкі, і вочы яго былі, як факелы агністыя, і рукі яго і тое, што было ўнізе аж да ног, — накшталт ззяючай медзі, і голас размоў яго — як гоман людзей. 7 І я, Даніэль, адзіны меў бачанне; а людзі, якія былі са мной, бачання не мелі, але страх вялікі ахапіў іх, і яны ўцяклі схавацца. 8 Я ж застаўся адзін, і ўбачыў гэтую вялікую з’яву, і не меў у сабе сілы, але і твар мой змяніўся на мне аж да разбурэння, і не хапіла мне сіл. 9 І пачуў я гук яго слоў, і ўпаў, як ашаломлены, тварам сваім да зямлі, чуючы гук яго слоў. 10 І вось, дакранулася да мяне рука і падняла мяне на калені мае і на далоні маіх рук, 11 і сказаў мне: «Даніэлю, муж пажаданняў, зразумей словы, якія я кажу табе, і стань на ногі свае; бо я цяпер пасланы да цябе». І калі ён гаварыў мне гэтыя словы, я, дрыжачы, стаяў. 12 Ды сказаў мне: «Не палохайся, Даніэлю, бо ад першага дня, калі накіраваў ты сэрца сваё, каб зразумець і ўпакорыцца перад тваім Богам, словы твае былі выслуханы; і я прыбыў дзеля тваіх слоў. 13 А князь царства персаў працівіўся мне дваццаць адзін дзень; і вось, прыбыў да мяне з дапамогай Міхаэль, адзін з першых князёў; і я застаўся там, пры цару персаў. 14 Прыйшоў жа я, каб навучыць цябе, што спаткае народ твой пры канцы дзён, бо гэта бачанне на тыя дні». 15 І калі ён мне яшчэ гэтыя словы казаў, апусціў я твар свой да зямлі і замаўчаў. 16 І вось, як быццам сыны чалавечыя дакрануліся да вуснаў маіх; дык адкрыў я вусны свае і загаварыў, і сказаў таму, хто стаяў перада мною: «Госпадзе мой, у час бачання схапілі мяне болі, і ніякіх сіл не засталося ў мяне. 17 Дык як зможа такі паслугач гаспадара майго гаварыць тут з гэтым гаспадаром маім? Бо ніякіх сіл не засталося ў мяне, і дыхання майго не засталося ў мяне». 18 Дык паўторна дакрануўся да мяне той, хто быў падобны да чалавека, і ўздужыў мяне, 19 і сказаў: «Не бойся, чалавек пажаданняў; супакой табе! Узмацуйся і будзь дужы». І калі ён гаварыў са мною, я падужэў і казаў: «Гавары, гаспадару, са мною, бо ўздужыў ты мяне». 20 І ён сказаў: «Ці ведаеш, чаго я прыйшоў да цябе? І цяпер вярнуся ваяваць супраць князя персаў, і, як я выйду, тады прыйдзе князь грэкаў. 21 Але паведамлю табе, што ёсць напісана ў Кнізе Праўды: і ніхто не можа мне дапамагчы супраць іх, адзін толькі Міхаэль, князь ваш. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)