ГАЛЯТАЎ 6 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Браты, калі б і правініўся чалавек якім праступкам, вы, духоўныя, навучайце такога ў духу ласкавасці, зважаючы на саміх сябе, каб і табе не быць спакушаным. 2 Насіце цяжары адзін аднаго і гэтым выканайце закон Хрыстоў. 3 Бо калі хто думае, што ён штосьці, хоць ён нішто, той самога сябе ашуквае. 4 Хай кожны праверыць сваю дзейнасць, і так толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў іншым. 5 Кожны бо панясе свой уласны цяжар. 6 Хай той, хто навучаецца словам, дзеліцца ўсякім дабром з тым, які яго навучае. 7 Не падманвайце сябе: з Бога не пасмяешся. Што чалавек пасее, тое і пажне; 8 бо хто сее ў цела сваё, з цела і пажне знішчэнне; а хто сее ў дух, з духа пажне жыццё вечнае. 9 Не журымася, робячы дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не саслабеем. 10 Дык вось, пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім па веры. 11 Гляньце, якімі вялікімі літарамі напісаў я вам сваёй рукою. 12 Тыя, што хочуць хваліцца паводле цела, змушаюць вас абразацца, каб толькі не цярпець пераследу за крыж Хрыстоў. 13 Але і тыя, што абразаюцца, самі не пільнуюць закону, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца целам вашым. 14 А мне не трэба хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне свет укрыжаваны і я для свету. 15 Бо ў Ісусе Хрысце не мае значэння ані абразанне, ані неабразанне, але новае стварэнне. 16 І хто будзе трымацца гэтага правіла, таму супакой і міласэрнасць, і Ізраэлю Божаму. 17 Урэшце, няхай ніхто мне не робіць цяжару, бо я нашу на сваім целе раны Госпада Ісуса. 18 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)