ГАЛЯТАЎ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Потым, праз чатырнаццаць гадоў, я зноў пайшоў з Барнабам у Ерузалім, забраўшы з сабою і Ціта. 2 Накіраваўся ж я згодна з аб’яўленнем; і прадставіў ім, асабліва найвыдатнейшым, Евангелле, якое абвяшчаў паганам, каб часам не надарма бег або бягу. 3 Але і Ціт, што быў са мной, хоць быў грэк, не быў змушаны да абразання. 4 А адносна фальшывых братоў, якія падступіліся, каб выпрабаваць свабоду нашу, якую маем у Ісусе Хрысце, каб адправіць нас зноў у няволю, 5 ім мы не саступілі і не паддаліся ні на хвіліну, каб праўда Евангелля захавалася ў вас. 6 Адносна ж да тых, што выдаюць сябе за некага, якімі б яны ні былі калісьці, для мяне ўсё роўна: Бог не ўзіраецца на важнасць асобы. А тыя, што лічацца за кагосьці, мне не пярэчылі. 7 Нават наадварот, калі ўбачылі, што мне даручана абвяшчаць Евангелле неабрэзаным, як Пётры абрэзаным, – 8 бо Той, Які дзейнічаў праз Пётру ў Апостальстве між абрэзанымі, дзейнічаў і праз мяне між паганамі, – 9 і калі пазналі, што і мне дадзена гэтая ласка, дык Якуб, Кіфа і Ян, якіх лічылі стаўпамі, падалі мне і Барнабе руку лучнасці, каб мы ішлі да паганаў, а яны да абрэзаных, 10 каб толькі помнілі мы пра бедных, аб чым я і сам рупіўся раней, каб рабіць гэта. 11 Калі ж пасля таго Пётра прыбыў у Антыёхію, я выступіў супраць яго, бо ён заслужыў дакор. 12 Перш чым прыбылі некаторыя ад Якуба, ён еў разам з паганамі, калі ж тыя надышлі, стаў пазбягаць і аддзяляцца, баючыся тых, што былі абрэзанымі. 13 За гэтай яго крывадушнасцю пайшлі і другія юдэі, так што і Барнаба быў уцягнуты імі ў гэтую крывадушнасць. 14 Калі ж я ўбачыў, што яны не ходзяць проста, не паводле праўды Евангелля, сказаў аб гэтым Пётры ў прысутнасці ўсіх: «Калі ты, будучы юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму змушаеш паганаў жыць па-юдэйску?» 15 Мы па прыродзе юдэі, а не з паганаў грэшнікі, 16 ведаючы ж, што чалавек апраўдваецца не праз выкананне закону, а праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Ісуса Хрыста, каб апраўдацца верай у Хрыста, а не выкананнем закону, бо выкананнем закону не апраўдаецца ніводнае цела. 17 Калі ж мы, шукаючы апраўдання ў Хрысце, аказаліся самі грэшнымі, ці ж Хрыстос – паслугач граху? Аніколі. 18 Бо калі я адбудоўваю зноў тое, што раней зруйнаваў, то сябе раблю злачынцам. 19 Я, вось, праз закон памёр для закону, каб жыць для Бога. Я ўкрыжаваны з Хрыстом: 20 дык жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстос. Хоць цяпер жыву ў целе, жыву ў веры ў Сына Божага, Які ўзлюбіў мяне і аддаў Самога Сябе за мяне. 21 Не адкідаю ласкі Божай. Калі б праз закон справядлівасць, дык Хрыстос памёр дарма. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)