ГАБРЭЯЎ 6 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Дзеля таго, пакінуўшы пачаткі слова Хрыстова, пяройдзем да спраў больш дасканалых, не беручыся зноў закладваць падмуркі адносна навяртання ад мёртвых учынкаў і адносна веры ў Бога, 2 навукі аб хросце, а таксама ўскладанні рук, уваскрэсенні мёртвых і вечным судзе. 3 І гэта зробім, калі Бог дазволіць. 4 Бо немагчыма, каб тыя, што ўжо раз былі асвечаны, што таксама пакаштавалі дару нябеснага ды сталіся ўдзельнікамі Духа Святога, 5 якія пакаштавалі добрага Божага слова і магутнасць будучага веку 6 ды адпалі, крыжуючы зноў у саміх сабе Сына Божага і зневажаючы Яго, маглі быць адноўлены да навяртання. 7 Бо зямля, што напойваецца частым дажджом і родзіць расліны на карысць тым, якія апрацоўваюць яе, атрымлівае дабраславенне ад Бога. 8 А калі родзіць церні і пустазелле, дык яна непрыдатная і блізкая да праклёну, і канец яе – спаленне. 9 Спадзяёмся адносна вас, найдаражэйшыя, што вы лепшыя і трымаецеся збаўлення, хоць мы і гаворым гэтак. 10 Бо Бог справядлівы і не забудзе ўчынкаў вашых і працу любові, якую выказалі вы дзеля імя Яго, вы, якія паслугавалі і паслугуеце святым. 11 Жадаем, каб кожны з вас выявіў такую ж руплівасць ва ўдасканаленні надзеі аж да канца, 12 каб не сталіся вы лянівымі, але сапраўднымі паслядоўнікамі тых, якія вераю і доўгацярплівасцю бяруць у спадчыну абяцанне. 13 Бо Бог, даючы абяцанне Абрагаму, не маючы нікога вышэйшага, каб мог ім прысягнуць, прысягнуў Самім Сабою, 14 сапраўды кажучы: «Дабраслаўляючы, дабраслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу цябе». 15 І так, доўгі час чакаючы, атрымаў абяцанае. 16 Бо людзі вышэйшым ад сябе прысягаюць, і кожная спрэчка між імі канчаецца прысягаю на сцвярджэнне. 17 Дзеля таго і Бог, хочучы для спадкаемцаў абяцання больш выявіць непарушнасць Свайго намеру, скарыстаўся прысягай, 18 каб праз дзве нязменныя рэчы, у якіх немагчыма, каб Бог казаў няпраўду, мелі мы моцную ўцеху, мы, што збягаемся, каб узяць дадзеную нам надзею, 19 якую маем як якар душы, бяспечны і пэўны, які пранікае ва ўнутранае аж за заслону, 20 куды за нас як папярэднік увайшоў Ісус, на ўзор Мэльхісэдэха стаўшыся Першасвятаром навек. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)