Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ГАБРЭЯЎ 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Бо ўсякі першасвятар, з людзей абраны, для людзей ставіцца ў тым, што Божае, каб складаў дары і ахвяры за грахі,

2 каб мог спачуваць тым, што не ведаюць і заблукалі, бо ён і сам абложаны нядужасцю,

3 дзеля яе ён павінен нейкім чынам як за народ, так і за сябе самога складаць ахвяры за грахі.

4 Ніхто сам сабе не возьме гэтай пашаны, але той, хто пакліканы Богам, як Аарон.

5 Так і Хрыстос не Сам Сябе ўславіў, каб стацца Першасвятаром, але Той, Які сказаў Яму: «Ты – Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе»,

6 як у іншым [месцы] Ён кажа: «Ты – Святар навекі на ўзор Мэльхісэдэха».

7 Ён у дні цела Свайго моцным голасам і са слязамі прыносіў малітвы і просьбы Таму, Які мог збавіць Яго ад смерці, і выслуханы быў дзеля Сваёй богаадданасці.

8 І вось, хоць быў Сынам, навучыўся з таго, што перацярпеў, паслухмянасці

9 і, выканаўшы [ўсё], стаўся для ўсіх паслухмяных Яму прычынай збаўлення вечнага,

10 названы Богам Першасвятаром на ўзор Мэльхісэдэха.

11 Пра Яго многа нам трэба было б гаварыць, але цяжка выказаць гэта, бо сталіся вы няздольнымі слухаць.

12 Адносна часу вы павінны б быць настаўнікамі, а вось, вы зноў патрабуеце, каб хто вас вучыў пачаткам слоў Божых, і вы такія, што вам малако належыцца, а не цвёрдая страва.

13 Кожны з вас, хто корміцца малаком, несвядомы ў слове справядлівасці, бо ён – дзіцятка.

14 Для дарослых жа цвёрдая страва, для тых, хто праз ужыванне маюць спрактыкаваныя пачуцці, каб разабрацца, што добрае, а што благое.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы